Пасьля выхаду з Херсону расейскія войскі сканцэнтраваліся на наступальных апэрацыях у трох апэрацыйных зонах Данецкай вобласьці — каля Бахмуту, Аўдзееўкі і Новапаўлаўкі.
Адначасова Расея працягвае абстрэльваць прыфрантавыя паселішчы ў Мікалаеўскай, Запароскай, Днепрапятроўскай вобласьцях.
За апошнія содні — амаль 70 абстрэлаў
Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны паведаміў, што расейцы для абстрэлаў апошнім часам пераважна выкарыстоўваюць рэактыўныя сыстэмы залпавага агню — з 70 абстрэлаў 4 ракетныя і 13 авіяцыйных удараў.
Пачынаючы зь сярэдзіны кастрычніка, галоўная мішэнь для расейцаў — інфраструктурныя аб’екты і жылыя будынкі. Улады Запароскай вобласьці паведамілі, што ў адной зь вёсак рэгіёну абстрэлам пашкоджаныя лініі электрасетак.
Раніцай 14 лістапада абстралялі Ачакаў Мікалаеўскай вобласьці. Усю ноч з «Градаў» расейцы тэрарызавалі Нікапальскі раён Днепрапятроўскай вобласьці — пашкоджаныя лініі электраперадач і помпавая станцыя водаканалу, больш за 45 тысяч жыхароў раёну засталіся без вады.
Расейцы атакуюць на Данеччыне і Луганшчыне
Паводле ўкраінскага Генэральнага штабу, Расея вядзе наступальныя дзеяньні на бахмуцкім, аўдзееўскім і новапаўлаўскім кірунках.
На Луганшчыне ўкраінскія войскі адбілі некалькі атак. Кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай паведаміў, што ў рэгіёне ад расейскіх войскаў вызвалілі 12 паселішчаў, у тым ліку Макееўку. Паводле яго, расейцы штодзень атакуюць Белагораўку. На гэтым кірунку расейскія войскі ўмацавалі змабілізаванымі і падразьдзеламі прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр».
Наведваць вызваленыя паселішчы забаранілі да разьмінаваньня
Улады Ўкраіны забаранілі цягам 10 дзён наведваць вызваленыя ад расейцаў населеныя пункты. Гэты крок яны тлумачаць патрэбаю так званых «стабілізацыйных захадаў»: украінскія вайскоўцы мусяць правесьці «зачыстку» магчымых дывэрсійна-выведных груповак і разьмінаваць тэрыторыі.
Але грамадзян, зарэгістраваных у гэтых паселішчах, прапускаюць.
«Я зьвяртаюся да ўсіх — утрымацца хаця б дні чатыры, каб прайшло разьмінаваньне. Сёньня ёсьць такія моманты, калі і ў падворках так званыя „вызваліцелі“ пакінулі ўзбраеньне, шмат выбухоўкі. Цяпер працуюць нашы праваахоўныя сілы, ратавальнікі, адбываецца разьмінаваньне дарог. Маем праезд толькі ў адным кірунку», — сказаў кіраўнік Баштанскай раённай адміністрацыі Уладзіслаў Дзьмітрыў у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.
Гэтай адміністрацыі тэрытарыяльна падпарадкоўваецца і горад Снігуроўка, таксама вызвалены ад расейцаў. Паводле Уладзіслава Дзьмітрыва, у горадзе зьнішчаныя аб’екты вода- і энэргазабесьпячэньня, сацыяльныя аб’екты, пашкоджаныя жылыя дамы. Ён паведаміў, што сувязь аднавілі пры дапамозе генэратараў, перададзеных абласнымі ўладамі.
У горадзе застаюцца каля 2,5 тысяч мясцовых жыхароў. На 1 студзеня 2022 году ў Снігуроўцы жылі больш як 12 тысяч грамадзян.
Кіраўнік раённай адміністрацыі паведаміў, што ў горадзе, у доме, дзе да вайны была паліцыя, знайшлі катоўню.
«Паліцыя гэта больш дэталёва вывучыць, ёсьць выпадкі, дзе знаходзяць па 3-4 целы. Іх цяпер будуць ідэнтыфікаваць. Гэтыя працы толькі пачаліся, бо было 7 месяцаў акупацыі, і людзі вельмі цяжка яе перажывалі», — паведаміў кіраўнік Баштанскай раённай адміністрацыі Уладзіслаў Дзьмітрыў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.