Міністэрства фінансаў ЗША ўвядзе санкцыі супраць «транснацыянальнай сеткі» пастаўнікоў вайсковых тэхналёгіяў для Расеі. Аб гэтым заявіла міністар фінансаў ЗША Джанэт Елен у кулюарах саміту G20 на Балі, перадае Голас Амэрыкі.
Паводле яе, абмежаваньні закрануць 14 чалавек і 28 арганізацый, у тым ліку фінансавых пасярэднікаў, якія займаліся закупкамі і пастаўкамі Расеі вайсковых тэхналёгіяў, якія спрыяюць працягу поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.
«Гэта частка нашых маштабных намаганьняў для супрацьдзеяньня ваенным дзеяньням Расеі і пазбаўленьню доступу да неабходнага абсталяваньня з дапамогай санкцыяў і экспартнага кантролю», — сказала Елен. Больш падрабязную інфармацыю яна прадставіць адмовілася.
Кіраўнік Міністэрства фінансаў ЗША не выключае, што пэўныя санкцыі для Расеі застануцца ў сіле і пасьля завяршэньня вайны ва Ўкраіне. Паводле Елен, калі будзе заключанае мірнае пагадненьне, ЗША і іх хаўрусьнікі правядуць аналіз санкцыйных захадаў, уведзеных адносна Расеі. Іх карэкцыю яна назвала «магчымай і, магчыма, дарэчнай».
Міністар фінансаў ЗША дадала, што Вашынгтон цесна ўзаемадзейнічае з краінамі G7 наконт абмежаваньня цэнаў на расейскую нафту. На яе думку, гэта зьнізіць сусьветныя цэны на энэрганосьбіты і скароціць даходы Масквы. «Спыненьне расейскай вайны зьяўляецца маральным імпэратывам. І застаецца найлепшым, што мы можам зрабіць, каб дапамагчы глябальнай эканоміцы», — сказала Елен.
ЗША, краіны ЭЗ, Вялікая Брытанія і шэраг іншых краін з 2014 году, калі быў анэксаваны Крым, увялі супраць Расеі некалькі раўндаў санкцый. Найбольш жорсткія пачалі ўводзіць зь лютага 2022 году, пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Цяпер краіны ЭЗ увялі восем пакетаў санкцыяў.