Мядзьведзеў прыгразіў прымяніць супраць Украіны «увесь арсэнал сродкаў паражэньня»

Дзьмітры Мядзьведзеў і Ўладзімір Пуціна, 22 чэрвеня 2017 году ў Маскве
Дзьмітры Мядзьведзеў і Ўладзімір Пуціна, 22 чэрвеня 2017 году ў Маскве

Намесьнік старшыні Рады Бясьпекі Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў прыгразіў прымяніць супраць Украіны «ўвесь арсэнал магчымых сродкаў паражэньня» і заявіў, што войска РФ нібыта ваюе «супраць NATO і заходняга сьвету».

«Таму любыя паралелі зь мінулым памылковыя ці ўмоўныя. Акрамя адной: мы і ў адзіночку ўмеем зьнішчаць магутнага ворага ці варожыя саюзы», — напісаў намесьнік старшыні Рады Бясьпекі РФ у Тэлеграме 12 лістапада.

У той жа час, каб супакоіць грамадзян пасьля адступленьня арміі РФ з Херсону, Мядзьведзеў зазначыў, што Расея нібыта праз «чалавечую дабрыню» дагэтуль не выкарыстоўвала «арсэнал магчымых сродкаў паражэньня».

«І не наносіла ўдары па ўсіх магчымых варожых цэлях, разьмешчаных у населеных пунктах. І ня толькі праз уласьцівую нам чалавечую дабрыню. Усяму свой час», — падсумаваў ён.

11 лістапада Мінабароны паведаміла, што Херсон вяртаецца пад кантроль украінскай арміі. У цэнтры гораду ўзьнялі ўкраінскі сьцяг.

Міністэрства абароны Расеі раней заявіла, што ўсе расейскія вайскоўцы выведзеныя з правага берагу Дняпра, дзе знаходзіцца Херсон. Здарылася гэта пасьля таго, як 9 лістапада расейскае вайсковае кіраўніцтва аб’явіла аб адводзе войскаў з гораду і з правага берага Дняпра.

​
XS
SM
MD
LG