У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што Расея зможа аднавіць Крымскі мост, які быў асноўным шляхам забесьпячэньня расейскага войска на поўдні Ўкраіны, не раней, чым у верасьні 2023 году.
«Чыгуначны рух застаецца абмежаваным. Рамонтныя работы ў зімовыя месяцы будуць моцна залежаць ад надвор’я», — адзначылі брытанскія выведнікі.
У вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі нагадалі, што пашкоджаньне Крымскага мосту парушыла матэрыяльна-тэхнічныя пастаўкі ў Крым і на акупаваны поўдзень Украіны, а гэта скараціла здольнасьць Расеі перамяшчаць вайсковую тэхніку і войскі ў гэты раён чыгуначным або аўтамабільным транспартам.
«Пашкоджаньне мосту, нядаўняя атака на Чарнаморскі флёт у Севастопалі і імаверны адыход з Херсону — усё гэта ўскладняе здольнасьць расейскага ўраду дабівацца ваенных посьпехаў», — мяркуюць у брытанскай выведцы.
Раніцай 8 кастрычніка на Крымскім мосьце здарыўся пажар.
Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт РФ заявіў, што на мосьце адбыўся падрыў грузавога аўтамабіля. Паводле папярэдняй інфармацыі, загінулі тры чалавекі.
У выніку пажару абваліліся два пралёты дарожнага пакрыцьця, а таксама згарэла частка чыгуначных шляхоў.
Акупацыйныя ўлады Крыму заяўлялі, што рух Крымскім мостам аднавіўся празь некалькі гадзін пасьля здарэньня, але потым паведамілі, што змогуць яго аднавіць толькі праз 1,5 месяца.
12 кастрычніка ў Расеі заявілі, што арганізатарам пажару на Крымскім мосьце стала Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны, яго кіраўнік Кірыла Буданаў, іншыя супрацоўнікі, а таксама «агентура».
Тады ж ФСБ Расеі паведаміла аб затрыманьні выканаўцаў — пяцёх грамадзян Расеі, трох грамадзян Украіны і аднаго грамадзяніна Армэніі.
У сярэдзіне кастрычніка кіраўнік ураду Расеі Міхаіл Мішусьцін падпісаў распараджэньне, паводле якога аднавіць Крымскі мост плянуецца да 1 ліпеня 2023 году.