Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Крымскім мосьце ў выніку выбуху аўтамабіля абрынуліся два пралёты, гарэлі цыстэрны з палівам. Ёсьць загінулыя

абноўлена
Пажар на Керчанскім мосьце 8 кастрычніка 2022 году
Пажар на Керчанскім мосьце 8 кастрычніка 2022 году

Раніцай 8 кастрычніка на Крымскім мосьце разгарэўся пажар. Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт РФ заявіў, што на мосьце адбыўся падрыў грузавога аўтамабіля. Паводле папярэдняй інфармацыі, загінулі тры чалавекі.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, ён быў выкліканы паліўнай цыстэрнай, якая загарэлася і знаходзілася ў хвасьце грузавога цягніка, сьцьвярджае Крымская чыгунка.

«Лякаматыў з часткай вагонаў выведзены на станцыю Керч. Вядуцца аварыйныя працы. Прычыны здарэньня высьвятляюцца», — паведамляе ведамства.

У Нацыянальным антытэрарыстычным камітэце РФ паведамілі РБК, што на Крымскім мосьце адбыўся падрыў грузавога аўтамабіля. У выніку загарэліся сем паліўных цыстэрнаў цягніка.

Сьледчы камітэт РФ заявіў, што ў выніку выбуху на Крымскім мосьце, паводле папярэдніх зьвестак, загінулі тры чалавекі.

«Гэта, як мяркуецца, пасажыры легкавога аўтамабіля, які знаходзіўся побач з грузавіком, які падарваўся. У цяперашні час з вады ўжо паднятыя целы двух загінулых — мужчыны і жанчыны, іх асобы высьвятляюцца», — паведамляецца ў тэлеграм-канале ведамства.

На шматлікіх кадрах, якія публікуюць відавочцы ў сацыяльных сетках, бачна, што акрамя пажару на чыгуначнай ветцы маста, было разбурана дарожнае палатно. З чым гэта зьвязана, пакуль невядома.

На цяперашні момант пажар на мосьце патушылі.

У другой палове дня рух па Крымскім (Керчанскім) мосьце адкрылі для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Пра гэта паведаміў расейскі кіраўнік анэксаванага Крыму Сяргей Аксёнаў. Аксёнаў заявіў, што аўтатранспартныя сродкі будуць прапускацца на мост з праходжаньнем поўнай працэдуры агляду.

«Просім кіроўцаў грузавых фур плянаваць маршрут руху, выкарыстоўваючы Керчанскую паромную пераправу. Празь дзьве гадзіны праз праліў пачынае хадзіць паром «Керч-2», — напісаў Аксёнаў у тэлеграме.

Суднаходныя аркі мосту нібыта не пашкоджаныя. Суднаходзтва на Керчанскім праліве не спынялася, для грузавых аўтамабіляў рыхтуецца запуск паромнай пераправы праз праліў, заявілі акупацыйныя ўлады Крыму.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што прагнозаў па аднаўленьні Крымскага моста пасьля пажару пакуль няма, пры гэтым чыгуначныя зносіны з акупаваным паўвостравам спыненыя.

На запраўках у Крыме пачалі выстройвацца чэргі на выпадак, калі будзе парушана забесьпячэньне палівам, паведамляюць мясцовыя тэлеграм-каналы.

Усерасейскі саюз страхоўшчыкаў ацэньвае ўрон у 200-500 мільёнаў расейскіх рублёў, або каля 8 мільёнаў даляраў.

Сьледчы камітэт РФ завёў крымінальную справу, па якім артыкуле — не ўдакладняецца. Уладзімір Пуцін даручыў стварыць урадавую камісію для высьвятленьня прычынаў выбуху.

«Крым, мост, пачатак. Усё незаконнае павінна быць зьнішчана, усё скрадзенае павінна быць вернута Ўкраіне, усё акупаванае Расеяй павінна быць выгнана», — адрэагаваў на навіну пра пажар на Крымскім мосьце дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Міхаіл Падаляк.

Крымскі мост працягласьцю 19 км зьяўляецца самым доўгім у Эўропе. Рух легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў па ім адкрылі ў траўні 2018 году, праезд грузавікоў — у кастрычніка 2018-га. Пасажырскія цягнікі пайшлі па чыгуначнай частцы моста ў сьнежні 2019 году.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG