Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь менскага ПВТ сышоў апошні «аднарог» — амэрыканская кампанія з ацэнкай больш як $1 млрд


Парк высокіх тэхналёгій у Менску, ілюстрацыйнае фота
Парк высокіх тэхналёгій у Менску, ілюстрацыйнае фота

Амэрыканская WorkFusion, рынкавы кошт якой у 2021 годзе ацэньвалі ў больш як 1 мільярд даляраў, выйшла зь менскага Парку высокіх тэхналёгій і ліквідуе кампанію ў Беларусі — «Воркф’южн Сістэмс», паведамляе dev.by.

Афіцыйна працэдуру ліквідацыі бізнэсу запусьцілі ў канцы верасьня.

Асноўны офіс распрацоўкі кампаніі функцыянаваў у Менску з 2015 году. У 2016 годзе «Воркфʼюжн Сістэмс» стала рэзыдэнтам ПВТ.

Стоадсоткавы ўласьнік беларускай юрыдычнай асобы — амэрыканская WorkFusion. У профілі WorkFusion на dev.by (апошні раз абнаўляўся ў ліпені 2021 году) пазначана, што ў Беларусі працавала 130 спэцыялістаў, і гэта быў самы шматлікі офіс. Штаб-кватэра WorkFusion знаходзіцца ў Нью-Ёрку, офісы кампаніі адчыненыя ў розных краінах Азіі і Эўропы.

WorkFusion ня мае беларускіх каранёў, зь Менскам яе зьвязваў буйны офіс. Гэта апошняя кампанія-аднарог, якая пакінула Беларусь, усьлед за PandaDoc, Flo і Wargaming. Кампаніі-аднарогі — прыватныя фірмы, якія ацэньваюцца ў $1 млрд і вышэй.

Што вядома пра кампанію

Сёньня глябальны штат кампаніі налічвае больш за 350 супрацоўнікаў. Мяркуючы па профілі кампаніі ў LinkedIn, у Беларусі больш няма ніводнага супрацоўніка: большасьць выбралі ў якасьці лякацыі ЗША, больш за 70 — Польшчу, больш за 70 — Індыю.

Кампанія займаецца распрацоўкай тэхналёгій для аўтаматызацыі бізнэс-працэсаў. Сярод яе заказчыкаў — найбуйнейшыя сусьветныя кампаніі з Fortune Global 500, страхавыя і фінансавыя карпарацыі, банкі (напрыклад, нямецкі Deutsche Bank). У 2017 годзе партнэрам WorkFusion па падрыхтоўцы рашэньняў па аўтаматызацыі ў фінансавым, мэдыя-і трэвэл-сэгмэнтах стаў EPAM.

У сакавіку 2021 году WorkFusion прыцягнула 220 мільёнаў даляраў, агулам з моманту заснаваньня — больш за 340 млн даляраў. Dealroom (эўрапейская сетка краўдсорсінгавых плятформаў) ацаніла кошт WorkFusion у 0,88-1,3 мільярда даляраў, аналітыкі інвэстыцыйнага буціка ASER Capital — яшчэ вышэй, у 5,5 мільярда даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG