Дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван вёў канфідэнцыйныя перамовы з памочнікам расейскага прэзыдэнта ў замежнай палітыцы Юрыем Ушаковым і сакратаром Савету бясьпекі Расеі Мікалаем Патрушавым.
Паводле інфармацыі выданьня, мэтай перамоваў з расейскімі афіцыйнымі асобамі было зьнізіць рызыку эскаляцыі канфлікту і трымаць каналы камунікацыі адкрытымі, але не абмяркоўваць умовы заканчэньня вайны ва Ўкраіне.
На мінулым тыдні Саліван прыяжджаў у Кіеў і сустракаўся з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
Акрамя гэтага, паводле суразмоўцаў выданьня, Вашынгтон перасьцерагаў Маскву ад выкарыстаньня ядзернай зброі — ці іншай зброі масавага зьнішчэньня.
Прэс-сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Эдрыен Ўотсан не пацьвердзіла і не зьняпраўдзіла інфармацыю газэты.
Крыніцы газэты таксама пацьвярджаюць інфармацыю The Washington Post пра тое, што ЗША прасілі прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага публічна выказаць гатоўнасьць да пошукаў міру. ЗША не падштурхоўваюць Украіну да перамоваў, расказалі суразмоўцы выданьня ў Белым доме. Мэта — забясьпечыць Украіне падтрымку ў краінах, грамадзяне якіх могуць баяцца пэрспэктывы вайны на доўгія гады, адзначае газэта. У тым ліку ў Афрыцы і Лацінскай Амэрыцы, якія найбольш востра сутыкнуліся з энэргетычным і харчовым крызісамі пасьля пачатку вайны.
Перамовы Расеі і Ўкраіны былі спыненыя ў траўні.
У пачатку кастрычніка Зяленскі падпісаў указ, паводле якога правядзеньне перамоваў з Расеяй немагчымае, пакуль прэзыдэнтам застаецца Ўладзімір Пуцін. Гэта адбылося неўзабаве пасьля анэксіі Масквой шэрагу акупаваных украінскіх рэгіёнаў.
Пуцін раней заяўляў, што Расея гатовая да перамоваў, але не гатовая абмяркоўваць лёс анэксаваных тэрыторыяў.