Паводле ўкраінскіх уладаў, за апошнія некалькі тыдняў расейскія войскі неаднаразова запускалі з вайсковых аэрадромаў Беларусі дроны іранскага паходжаньня.
Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што 2 лістапада гомельскія памежнікі перахапілі ўкраінскі бесьпілётнік за адзін кілямэтар ад мяжы з Украінай. «Дрон удалося прымусова пасадзіць», — адзначаецца ў паведамленьні.
Памежны камітэт Беларусі ўдакладніў, што дрон быў «абсталяваны сыстэмай інфрачырвонага бачаньня, выкарыстоўваўся для трэнаваньня перамяшчэньня і скіданьня выбуховых прыладаў, а таксама для вядзеньня выведкі і здымкаў тэхнічных сродкаў аховы мяжы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».
«Па гэтым факце праводзяцца дадатковыя праверачныя мерапрыемствы», — адзначылі ў памежным камітэце Беларусі.
Свабода зьвярнулася па камэнтар у Дзяржаўную памежную службу Ўкраіны, але там пакуль гэтага інцыдэнту не камэнтуюць.
З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага беларускія ўлады падтрымалі Расею, даўшы тэрыторыю краіны і вайсковую інфраструктуру для расейскіх войскаў, а таксама для нанясеньня авіяцыйных і ракетных удараў па ўкраінскіх гарадах.
За апошнія некалькі тыдняў расейскія войскі неаднаразова запускалі з вайсковых аэрадромаў Беларусі дроны іранскага паходжаньня.
Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны Аляксей Громаў 3 лістапада паведаміў, што іранскія бесьпілётнікі, а таксама пэўная колькасьць іхных апэратараў разьмяшчаюцца ў раёне населенага пункту Лунінец Берасьцейскай вобласьці.