Анатоль Лапо ў эфіры АНТ заявіў, што сытуацыя на мяжы з Польшчай, Літвой і Латвіяй «больш-менш спакойная».
«Польшча прыгнала на мяжу прыгнала тысяч сем і тэраабароны, і вайскоўцаў, якія разьмяшчаюцца ўздоўж мяжы. Нам гэта службу несьці не замінае. Што тычыцца Прыбалтыкі — сытуацыя аналягічная: будуюць яны загароды ўздоўж мяжы, толькі мы не разумеем навошта і чаму такія грошы трацяцца». — заявіў кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту,
Сытуацыю на мяжы з Украінай ён назваў «карэнна адрознай».
«Памежнікі, у асноўным, цягнуцца ў тыл. І тэраабарона, і войскі. Мы зараз не можам зразумець, хто гэта канкрэтна, таму што ўсе ходзяць без знакаў адрозьненьня, у розным стане. Могуць прыйсьці на мяжу ў паветра пастраляць. Вось 26-га чысла на Рулянскім напрамку прыйшлі да мяжы мэтраў 10-15. Узялі расейскае х/б (вайсковую форму), набілі туды саломы і дэманстратыўна павесілі як пудзіла. Навошта гэта рабіць?», — сказаў Анатоль Лапо.
Паводле яго, групы памежнікаў зь беларускага боку ўмацаваныя, у тым ліку і зброяй. Туды перакінутыя рэзэрвы.
«Бо чакаць можна ўсяго, што заўгодна. Наставілі мін проста на асфальт, ну, калі ўзяць ваенную лёгіку, міна павінна маскіравацца. Не, дэманстратыўна паставілі», — дадаў ён.
20 кастрычніка стала вядома, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб увядзеньні пэрсанальных санкцый супраць шэрагу фізычных і юрыдычных асоб Беларусі. У сьпісе — і кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоль Лапо.