Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды пайсьці на Дзяды за мяжой. Пахаваньні вядомых беларусаў у Літве, Польшчы, Латвіі, Украіне, Грузіі


Памятны крыж Францішку Аляхновічу на могілках Росы ў Вільні
Памятны крыж Францішку Аляхновічу на могілках Росы ў Вільні

Тысячы беларусаў сёлета ня змогуць наведаць пахаваньні сваіх бацькоў і дзядоў праз вымушаную эміграцыю. Сабралі зьвесткі пра пахаваньні вядомых беларусаў за мяжой, якія можна наведаць у лістападаўскія дні памяці памерлых. 

Літва

Вільня

Кастусь Каліноўскі (1838-1864) і 19 ягоных паплечнікаў

Могілкі Росы

22 лістапада 2019 году у капліцы-нэкропалі на Росах перапахавалі парэшткі 20 паўстанцаў 1863-1864 гадоў, знойдзеныя на гары Гедзіміна.

Цырымонія пахаваньня Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863–64 гадоў у Вільні, 22 лістапада 2019 году
Цырымонія пахаваньня Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863–64 гадоў у Вільні, 22 лістапада 2019 году

Гэта Канстанцін Каліноўскі, Зыгмунт Серакоўскі, ксёндз Раймунд Зямацкі, Баляслаў Колышка, Юльян Лясьнеўскі, Аляксандар Раўкоўскі, Язэп Раўкоўскі, Караль Сіповіч, Язэп Яблонскі, Ян Бянькоўскі, Генрык Макавецкі, Уладзіслаў Нікаляй, Альбэрт Лясковіч, Казімер Сычук, Мечыслаў Дарманоўскі, Ігнат Здановіч, Цітус Далеўскі, Якуб Чэхан, Эдвард Чаплінскі, Ян Марчэўскі.

Кастусь Каліноўскі — адзін зь лідэраў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня, які стаў нацыянальным героем беларусаў, літоўцаў і палякаў. Мэтай паўстаньня было аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах да яе першага падзелу ў 1772 годзе.

Іван Луцкевіч (1881–1919)

Могілкі Росы

могілкі Антона і Івана Луцкевічаў
могілкі Антона і Івана Луцкевічаў

Гісторык, археоляг, публіцыст, пачынальнік беларускага нацыянальнага руху. Адзін са стваральнікаў першай беларускай партыі «Беларуская сацыялістычная грамада» і першай беларускай газэты «Наша Ніва». Разам з братам Антонам Іван Луцкевіч стаў ініцыятарам абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Іван памёр у Закапанэ, дакладнае месца яго пахаваньня невядомае. На Росах знаходзіцца памятны знак у яго гонар.

Іван Луцкевіч
Іван Луцкевіч

Антон Луцкевіч (1884-1942)

Могілкі Росы

Ініцыяваў абвяшчэньне Трэцяй Устаўной граматы, паводле якой БНР абвесьцілі незалежнай дзяржавай. Быў старшынём Народнага сакратарыята БНР, прэм’ер-міністрам, міністрам замежных спраў, старшынём Рады Міністраў Найвышэйшай Рады БНР.

Працаваў рэдактарам адноўленай «Нашай нівы», старшынём Беларускага нацыянальнага камітэта, выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі. Быў сярод стваральнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады і сярод выдаўцоў газэты «Гоман».

Антон Луцкевіч
Антон Луцкевіч

Казімер Сваяк (1890–1926)

(сапраўднае імя Канстанцін Стаповіч)

Могілкі Росы

Беларускі каталіцкі сьвятар, грамадзкі дзеяч, паэт і музыкант. Супрацоўнічаў зь беларускімі газэтамі «Наша ніва», «Беларус». Ініцыяваў адкрыцьцё беларускіх школ, актыўна прапагандаваў беларускамоўныя службы ў касьцёле. Аўтар шматлікіх вершаў, літаратурных эсэ, публіцыстычных апавяданьняў, рэлігійных артыкулаў.

Казімер Сваяк
Казімер Сваяк

Уладзіслаў Сыракомля (1823–1862)

(сапраўднае імя Людвік Францішак Уладзіслаў Кандратовіч)

Могілкі Росы

Уладзіслаў Сыракомля
Уладзіслаў Сыракомля

Беларускі і польскі паэт, перакладчык, драматург, літаратурны крытык і краязнаўца. Зьвяртаўся да гісторыі Беларусі, вераваньняў, звычаяў, вуснай паэзіі беларускага народу. Як добры знаўца фальклёру беларусаў раскрыўся ў «Кароткім дасьледаваньні мовы і характару паэзіі русінаў Менскай правінцыі». Вывучэньню Беларусі прысьвяціў гістарычна-краязнаўчыя працы «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах», «Менск: беглы агляд сучаснага стану Менску», «Нёман ад вытокаў да вусьця». Пісаў па-польску і па-беларуску, зь беларускамоўных твораў захаваліся толькі два — верш «Добрыя весьці» і лірычная мініятура «Ўжо птушкі пяюць усюды».

Ядвігін Ш. (1869–1922)

(сапраўднае імя — Антон Іванавіч Лявіцкі)

Могілкі Росы

Магіла Ядвігіна Ш.
Магіла Ядвігіна Ш.
Ядвігін Ш.
Ядвігін Ш.

Беларускі празаік, драматург і публіцыст, адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы. Некаторы час быў сакратаром, затым загадчыкам літаратурнага аддзела «Нашай нівы». Працаваў у рэдакцыі газэты «Беларус». Быў тэхнічным рэдактарам беларускага сельскагаспадарчага часопіса «Саха» і беларускага часопіса для дзяцей і моладзі «Лучынка» ў Менску. Аўтар перакладаў на беларускую мову зборнікаў апавяданьняў, шэрагу рэцэнзіяў і літаратурна-крытычных артыкулаў. Застаўся няскончаным ягоны раман «Золата».

Уладзіслаў Талочка (1887–1942)

Могілкі Росы

Беларускі каталіцкі сьвятар, культуроляг, гісторык, літаратуразнавец. Адным зь першых пачаў ужываць беларускую мову ў набажэнствах. Падтрымліваў выданьне першай беларускай каталіцкай газэты «Bielarus». Стаў адным з арганізатараў Віленскага камітэту дапамогі пацярпелым ад вайны і беларускага дзіцячага прытулку «Золак». Друкаваўся ў газэце Homan. Часта пісаў пад псэўданімам Адам Саладух.

Удзельнік Беларускага зьезду Віленшчыны і Горадзеншчыны 25–27 студзеня 1918 году. З 1917-га супрацоўнічаў з нацыянальна-рэлігійнай арганізацыяй «Хрысьціянская дэмакратычная злучнасьць». Уваходзіў у склад Літоўскай Тарыбы. З 1920-х гадоў трапляў пад рэпрэсіі польскіх уладаў. З 1938 году яго выселілі зь Вільні ў Беласток. Незадоўга да сваёй сьмерці вярнуўся ў Вільню.

Магіла. Уладзіслаў Талочка
Магіла. Уладзіслаў Талочка

Францішак Аляхновіч (1883–1944)

Могілкі Росы

Беларускі драматург, тэатральны дзяяч, публіцыст, пісьменьнік. Менавіта ён стаў аўтарам першага твора сусьветнай літаратуры пра сталінскія рэпрэсіі — дакумэнтальнай аповесьці «Ў капцюрох ГПУ», які апісвае лягер з погляду арыштанта. Яго называюць «бацькам найноўшай беларускай драматургіі», адным з заснавальнікам беларускага тэатразнаўства.

Помнік Францішку Аляхновічу на могілках Росы ў Вільні
Помнік Францішку Аляхновічу на могілках Росы ў Вільні

У сакавіку 1944 году Аляхновіча застрэлілі ва ўласнай кватэры ў Вільні. Дагэтуль невядома дакладна, хто забіў пісьменьніка.

Яго пахавалі на Кальвінісцкіх могілках у Вільні, якія ў савецкі час зьліквідавалі. На могілках Росы знаходзіцца толькі памятны крыж.

Зыгмунд Нагродзкі (1866–1937)

Могілкі Росы

Культурны дзяяч, мэцэнат. Віленскі прадпрымальнік і сам пісаў вершы па-беларуску, але ўвайшоў у гісторыю як фундатар «Нашае нівы» і сябра Францішка Багушэвіча. Ягоную «Дудку беларускую» Нагродзкі атрымаў ад Юзафа Пілсудзкага, свайго сябра дзяцінства.

Людвіка Ямант (1833–1914)

Могілкі Росы

Удзельніца паўстаньня 1863–1864 гадоў. Сястра Марыі Ямант, каханай Кастуся Каліноўскага. Уваходзіла ў нелегальны жаночы камітэт у Вільні, які актыўна супрацоўнічаў з рэвалюцыйнай падпольнай арганізацыяй. Яны захоўвалі і распаўсюджвалі нелегальную літаратуру, нарыхтоўвалі правіянт і зброю для будучых паўстанцаў, хавалі паўстанцкія друкарні, разносілі пошту і клапаціліся аб паўстанцах, якія трапілі ў палон.

У 1865 годзе за ўдзел у паўстаньні была выслана ў Разанскую губэрню. У глыбокай старасьці напісала мэмуары «Жменя ўспамінаў пра 63-і год».

Людвіка Ямант
Людвіка Ямант

Ануфры Петрашкевіч (1793–1863)

Могілкі Росы

Беларуска-польскі паэт. Сузаснавальнік Таварыства філяматаў. Працаваў у архіве Радзівілаў у Вільні. Сябраваў з Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам, Тамашом Занам і Ігнатам Дамейкам.

Адам Вайткевіч (1796–1869)

Могілкі Росы

Біскуп Менскай архідыяцэзіі і рэктар Менскай сэмінарыі. 27 ліпеня 1869 году, падчас рэпрэсіяў пасьля паўстаньня 1963 году, менскую дыяцэзію скасавалі і далучылі да віленскай. Вайткевіча накіравалі ў Вільню. Царскія ўлады забаранілі яму вярнуцца ў Менск.

Яўстах Тышкевіч (1814–1873)

Могілкі Росы

Археоляг, гісторык, этнограф. Адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалёгіі. Дасьледаваў старажытныя курганы. Тэарэтык адзінага паходжаньня беларусаў і літоўцаў, а таксама літвінізму. Складальнік Віленскага музэю старажытнасьцяў. Аўтар шэрагу навуковых кніг, краязнаўчых прац і дасьледаваньняў фальклёру.

Аляксандар Аскерка (1830–1911)

Могілкі Росы

Грамадзкі дзеяч, публіцыст, выдавец. Праўнук менскага кашталяна графа Адама Міхала Ракіцкага. Адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863–1864 гадоў, паўстанцкі начальнік Вільні. У 1862 г. арганізаваў у Варшаве выданьне беларускамоўнага буквара-катэхізіса «Элемэнтаж для добрых дзетак каталікоў». Пасьля паўстаньня адбыў катаргу ў Сібіры. Як сьведчылі сучасьнікі, пахаваньне апошняга прадстаўніка былога паўстанцкага ўраду на Літве, нягледзячы на паліцэйскі і вайсковы кардон, ператварылася ў вялікую патрыятычную маніфэстацыю грамадзкасьці Вільні.

Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч (1869–1927)

Могілкі Росы

Беларускі графік і жывапісец. Ягоная творчасьць зьвязана з мастацкім жыцьцём Літвы і Беларусі. У жанравых творах адлюстроўваў побыт беларускіх і літоўскіх сялян і гараджан.

Эма Дмахоўская (1864–1919)

Могілкі Росы

Беларуская фальклярыстка і этнограф. Запісала 11 сшыткаў беларускіх народных песень, склала два рукапісныя зборнікі: казкі, сабраныя ў Мазырскім, Рэчыцкім і Наваградзкім паветах (62 творы ў рукапісе, выдадзеныя ў 1976 годзе пад назвай «Беларускі казачны эпас»), і «Песьні, прыслоўі і загадкі з Камаровіч».

Могілкі Росы
Могілкі Росы

Тадэвуш Дмахоўскі (1858–1930)

Могілкі Росы

Жывапісец, пэдагог у Віленскім унівэрсытэце. Вучыўся ў Яна Матэйкі. Ягонага бацьку за ўдзел у паўстаньні 1863 году саслалі ў Сібір. Пісаў кампазыцыі на гістарычныя тэмы i пэйзажы. Аўтар сэрыі выяў гербаў беларускіх гарадоў для «Гербоўніка літоўскага».

Альбін Стаповіч (1895–1934)

Могілкі Росы

Беларускі грамадзка-культурны і рэлігійны дзеяч, кампазытар і музыказнаўца, літаратурны крытык і публіцыст, выдавец. Кіраваў беларускім хорам у Вільні. Выкладаў музыку і сьпевы ў Віленскай беларускай гімназіі. Адзін з заснавальнікаў Беларускага каапэратыўнага земляробча-прамысловага банку ў Вільні. Кіраваў віленскай суполкай Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры. Дэпутат Сэйму Польшчы, сябра Беларускага пасольскага клюбу. Дзяяч Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, выдавец «Беларускай крыніцы».

Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі (1865–1939)

Могілкі Росы

Паэт, празаік, зьбіральнік беларускага фальклёру. Вядомы пад мянушкай «Стары Ўлас». Быў аканомам у графа Тышкевіча. У 1910 годзе заснаваў школу пісьменнасьці. З 1907 году друкаваўся ў «Нашай ніве», потым у заходнебеларускіх выданьнях. У беларускіх календарах зьмяшчаў вершы і вершаваныя апавяданьні. Выступаў і як публіцыст.

Лявон Вітан-Дубейкаўскі (1869–1940)

Могілкі Росы

Галоўны ўрадавы архітэктар БНР. Адзін з заснавальнікаў беларускага мадэрну і нэаготыкі ў дойлідзтве. Аўтар паэтычных твораў. Пабудаваў цэрквы на Смаленшчыне, аднаўляў касьцёлы ў Амсьціславе, Воршы, Крычаве й Смалянах, спраектаваў цэрквы ў Відзах, Дрысьвятах і мноства іншых будынкаў на Віленшчыне.

У беларускім нацыянальным руху актыўна супрацоўнічаў зь Беларускай нацыял-сацыялістычнай партыяй, з ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім. У 1917 годзе быў сябрам Беларускага нацыянальнага камітэту ў Менску. Выконваў абавязкі прадстаўніка БНР у Варшаве.

Павал Пякарскі (1889–1954)

Могілкі Росы

Рэлігійны і грамадзкі дзеяч, каталіцкі сьвятар. Старшыня беларускага культурна-асьветнага гуртка ў Духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. У 1925 годзе прызначаны кіраўніком Ашмянскага дэканата і пробашчам парафіі ў Жупранах.

Могілкі Росы
Могілкі Росы

Уладзіслаў Паўлюкоўскі (1895–1955)

Могілкі Росы

Паэт, празаік, этнограф, мастак і краязнаўца. Працаваў у канцылярыі маёнтка князя Радзівіла. Удзельнік грамадзянскай вайны ў Расеі. У сярэдзіне 1920-х гадоў пераехаў у Вільню. Супрацоўнічаў зь «Беларускай рэвалюцыйнай грамадой». Пісаў у часопісы «Маланка», «Шлях моладзі», «Авадзень». Афармляў мастацкія кніжкі, календары, падручнікі.

Яго арыштавалі ў 1926 годзе, адбываў зьняволеньне ў Лукіскай турме. Другі раз арыштаваны ў 1939 годзе і накіраваны ў канцлягер Картуз-Бяроза. У 1948 годзе яго зноў арыштавалі, этапавалі ў Менск, асудзілі на 10 гадоў лягераў, вызвалілі ў 1953 годзе.

Станіслаў Станкевіч (1886–1964)

Могілкі Росы

Беларускі грамадзка-культурны дзеяч, паэт, выдавец. Працаваў у кнігарні Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні. Быў актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху. У 1926 годзе заснаваў уласную беларускую кнігарню. Удзельнічаў у выданьні беларускага адрыўнога календара і беларускіх кніг. Яго рэпрэсавалі савецкія ўлады ў 1945 годзе і выслалі на Ўрал на 10 гадоў. Аўтар двух зборнікаў вершаў: «Сьмех ня грэх» і «З майго ваконца».

Лявон Луцкевіч (1922–1997)

Могілкі Росы

Беларускі грамадзкі і культурны дзеяч, пэдагог. Падчас нямецкай акупацыі Вільні працаваў настаўнікам. Удзельнік антыкамуністычнага падпольля. Адбываў пакараньне на Калыме. Актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальнага адраджэньня ў Вільні ў 1980-х гадах. Адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай культуры ў Літве і Таварыства беларускай школы ў Літве, галоўны рэдактар беларускай культурна-асьветніцкай перадачы на Літоўскім нацыянальным радыё. Аўтар кнігі пра беларускую Вільню «Вандроўкі па Вільні»

Магіла знаходзіцца каля кенатафаў ягонага бацькі Антона і дзядзькі Івана Луцкевічаў.

Вільня, «Лясная хатка». Зьлева направа Лявон Луцкевіч, Анатоль Сідарэвіч, Сяргей Дубавец, Зоська Верас. Пачатак 1980-х. Фота Сяргея Астраўцова
Вільня, «Лясная хатка». Зьлева направа Лявон Луцкевіч, Анатоль Сідарэвіч, Сяргей Дубавец, Зоська Верас. Пачатак 1980-х. Фота Сяргея Астраўцова

Галіна Войцік (1927–2007)

Могілкі Росы

Дачка Зоські Верас, навукоўца, пэдагог, мэмуарыстка, аўтарка сэрыі «Партрэты віленчукоў», галоўная рэдактарка беларускай культурна-асьветніцкай праграмы на Літоўскім нацыянальным радыё.

Пахаваньне знаходзіцца каля кенатафаў Антона і Івана Луцкевічаў і побач з магілай Лявона Луцкевіча.

Вольга Іпатава, Сяргей Панізьнік, Зоська Верас, Галіна Войцік, Віталь Скалабан, Уладзімер Содаль. 1982 год
Вольга Іпатава, Сяргей Панізьнік, Зоська Верас, Галіна Войцік, Віталь Скалабан, Уладзімер Содаль. 1982 год

Сяргей Паўловіч (1875-1940)

Сьвята-Эўфрасіньеўскія могілкі

Багаслоў, пэдагог, перакладчык, дзяяч у галіне царкоўнай асьветы. Выкладаў Закон Божы ў настаўніцкай сэмінарыі і жаночай гімназіі Рагачова, Віленскай беларускай гімназіі.

Ягоная пэдагагічная і грамадзкая дзейнасьць была цесна зьвязаная з ТБШ. Ён рэдагаваў часопісы «Летапіс Таварыства беларускае школы» і «Беларускі каляндар». Дапамагаў Беларускаму выдавецкаму таварыству, быў сябрам Беларускага навуковага таварыства. Напісаў некалькі школьных падручнікаў, у тым ліку па навучаньні пісьму і па гісторыі Старога Запавету. У 1930 і ў 1933 гадах быў арыштаваны, сядзеў у турме на Лукішках.

Зоська Верас (1892-1991)

(сапраўднае імя Людвіка Сівіцкая, у замужжы Войцік).

Панарскія могілкі ў Вільні

Зоська Верас у 80-я гады. Здымак Сяргея Панізьніка
Зоська Верас у 80-я гады. Здымак Сяргея Панізьніка

Пісьменьніца, грамадзкая дзяячка, удзельніца нацыянальна-вызвольнага руху пачатку ХХ стагодзьдзя, нацыянальна-вызвольнага руху 1920–1930-х у Заходняй Беларусі і нацыянальна-культурніцкага руху 1960–1980-х. Склала і выдала «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік», брашуру «Гісторыя ўжываньня зёлак у лячэньні». Напісала кнігі вершаў і апавяданьняў для дзяцей «Каласкі», перакладала п’есы на беларускую мову, выдала свае ўспаміны.

Была ў ліку нямногіх, каму ўдалося пазьбегнуць расправы ў савецкі пэрыяд. Дажыла да 99 гадоў. Пахаваная побач з магіламі маці, мужа і сына.

Коўна

Кляўдуш Дуж-Душэўскі (1891–1959)

Пятрашунскія могілкі ў Коўне (раён Пятрашунай ва ўсходняй частцы горада).

Магіла Клаўдзія Дуж-Душэўскага
Магіла Клаўдзія Дуж-Душэўскага
Клаўдзій Дуж-Душэўскі
Клаўдзій Дуж-Душэўскі

Беларускі палітычны дзеяч, дыплямат, рэдактар, пэдагог. Яго лічаць аўтарам эскізу сучаснага бел-чырвона-белага сьцяга.

Эскіз белага сьцяга з чырвонай стужкай Дуж-Душэўскі намаляваў у пачатку 1917 году. За аснову ён узяў колеры «Пагоні». Яшчэ ўзімку сьцяг выкарыстоўвалі толькі беларускія студэнты ў Пецярбургу. У сьнежні ў Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі пачаў працу Першы Ўсебеларускі зьезд. У 1918 годзе стаў афіцыйным сьцягам БНР.

Дуж-Душэўскі ў 1920–1930-я гады працаваў у міністэрствах беларускіх спраў, замежных спраў, сувязі Літвы, быў адным з кіраўнікоў Беларускага цэнтра ў Літве, Літоўска-Беларускага таварыства.

Некалькі разоў яго арыштоўвалі польскія, нямецкія і савецкія ўлады. У 1943 годзе яго арыштавалі разам з жонкай за хаваньне габрэяў і адправілі ў канцлягер. Арамя ўласных дзяцей, у сям’і выхоўвалі дваіх дзяцей-сірот. Апошні раз Дуж-Душэўскага асудзілі на 25 гадоў лягероў, але ён вызваліўся раней.

Польшча

Варшава

Станіслаў Манюшка (1819-1872)

Старыя Павонзкі

Беларуска-польскі кампазытар, дырыгент, пэдагог. Стваральнік нацыянальнай клясычнай опэры, клясык беларускай і польскай вакальнай лірыкі. Аўтар першай беларускамоўнай опэры «Сялянка».

Помнік кампазытару Станіславу Манюшку і драматургу Вінцэнту Дунін-Марцінкевічу ў Менску
Помнік кампазытару Станіславу Манюшку і драматургу Вінцэнту Дунін-Марцінкевічу ў Менску

Міхал Федароўскі (1853-1923)

Старыя Павонзкі

Беларускі і польскі фальклярыст, этнограф, археоляг. Зьбіраў кнігі, творы жывапісу і графікі, гістарычныя, фальклёрна-этнаграфічныя матэрыялы, вёў археалягічныя раскопкі ў Пружанскім, Ваўкавыскім і іншых паветах Горадзенскай губэрні. Сабраў каля 1,5 тысячы беларускіх песенных і танцавальных мэлёдый, пяць тысяч беларускіх народных песень, каля 10 тысяч прыказак, сотні казак, загадак і іншых твораў, выдадзеных у 8-томнай працы «Люд беларускі» (1887–1881). Значную частку сваіх збораў запісаў на Сакольшчыне, Янаўшчыне, Дуброўшчыне, у ваколіцах Беластоку, Нараўкі. Таксама аўтар этнаграфічнай працы «Пружана і яе ваколіцы».

Марыя Ямант (1842-1908)

Старыя Павонзкі

Нарачоная Кастуся Каліноўскага. Гэта ёй Каліноўскі напісаў зь вязьніцы вядомы верш «Марыська чарнаброва, галубка мая».

З чэрвеня 1863 году на кватэры Ямантаў у Вільні знаходзілася адна з галоўных кансьпіратыўных явак Каліноўскага і нелегальная друкарня, дзе абавязкі сакратара выконваў брат Марыі Юзаф Ямант.

Марыся Ямант
Марыся Ямант

На пачатку 1864 году Марыю арыштавалі, зьняволілі ў былым віленскім кляштары місіянэраў, пасьля чаго саслалі разам з роднымі ў Табольск.

Каля 1874 году вярнулася зь Сібіру і пасялілася ў Варшаве, дзе на схіле жыцьця пабралася шлюбам з былым паўстанцам Войцехам Дмахоўскім, пляменьнікам вядомага мастака і ўдзельніка нацыянальна-вызваленчага руху Генрыха Дмахоўскага.

Дзякуючы Ядвізе Макрыцкай, цётцы Марыі Ямант, Каліноўскаму ўдалося перадаць на волю «Лісты з-пад шыбеніцы».

Міхал Казімір Агінскі (1730-1800)

Старыя Павонзкі

Дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазытар, паэт, мэцэнат. У Слоніме пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, друкарню. Па ягонай ініцыятыве і на ягоныя сродкі пабудаваны Агінскі канал. Праз палескія балоты яго намаганьнямі аднавілі колішнія гасьцінцы, якія злучалі Пінск са Слонімам і Валыньню.

Пры сваім двары заснаваў опэрны тэатар, музычную капэлю, адкрыў школу «Дэпартамэнт балетных дзяцей», дзе, акрамя танцаў, вучылі чытаць і пісаць дзяцей прыгонных.

Міхал Казімір Агінскі. Партрэт Ганны Разінай Лішэўскай 1755 году. Нацыянальны музэй Рэспублікі Беларусь
Міхал Казімір Агінскі. Партрэт Ганны Разінай Лішэўскай 1755 году. Нацыянальны музэй Рэспублікі Беларусь

Ян Булгак (1876-1950)

Старыя Павонзкі

Беларускі і польскі фатограф і фотамастак, «бацька польскай фатаграфіі», адзін зь піянэраў польскай мастацкай фатаграфіі. Нарадзіўся пад Наваградкам. Зрабіў фотаінвэнтарызацыю помнікаў архітэктуры Вільні, дзеля чаго ў 1912 годзе заснаваў у Вільні атэлье фатаграфіі (да 1915-га зрабіў больш за 800 здымкаў). Пераважная частка яго творчасьці зьвязаная зь Вільняй і Віленшчынай.

Ян Булгак
Ян Булгак

Кракаў

Алесь Гарун (1887-1920)

(сапраўднае імя Аляксандар Прушынскі)

Ракавіцкія могілкі (Ракавіцкая вуліца, 26)

Беларускі паэт, пісьменьнік, публіцыст, аўтар «Нашай нівы», дзеяч беларускага адраджэньня. У 1907 годзе за ягоную актыўную дзейнасьць яго арыштавалі ў менскай падпольнай друкарні і выслалі пажыцьцёва ў Сібір. Там працаваў сталяром, цесьляром, вадалівам, на залатых капальнях, рыхтаваў зборнік вершаў «Матчын дар».

У 1918 годзе Максім Гарэцкі падарыў Янку Купалу кнігу «Матчын дар». Той, уражаны, вярнуўся да творчасьці, хаця цягам двух гадоў ня мог пісаць вершы празь Першую ўсясьветную вайну.

Алесь Гарун
Алесь Гарун

У 1917 годзе Алесь Гарун вярнуўся ў Менск і актыўна ўключыўся ў грамадзкую працу. Быў сябрам Цэнтральнага камітэта Беларускай сацыялістычнай грамады, сустаршынём І Усебеларускага кангрэсу, старшынём Часовага беларускага нацыянальнага камітэту, рэдагаваў газэту «Беларускі шлях», працаваў у дзіцячых прытулках.

У апошнія гады жыцьця цяжка хварэў на сухоты. Перад сьмерцю паехаў лячыцца за мяжу, дадому ўжо не вярнуўся.

Беласток

Канстанцін Сідаровіч (1906-1990)

Праваслаўныя могілкі парафіі Ўсіх сьвятых (вуліца Ўладзіслава Высоцкага, 1).

Беларускі грамадзка-культурны дзеяч, сябра Таварыства беларускай школы. У 1926 годзе стаў адным з заснавальнікаў Беластоцкага павятовага камітэта Беларускай сялянскай-работніцкай грамады. Быў сярод стваральнікаў і актывістаў гуртка ТБШ у Беластоку. У 1935 годзе спрабаваў заснаваць у Беластоку гурток Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры. У 1937 годзе ўдзельнічаў у стварэньні Каапэратыўнага таварыства працаўнікоў беларускага тэатра «Полымя» на Беласточчыне.

Падчас нямецкай акупацыі быў членам Беларускага камітэту ў Беластоку, дзе сьпяваў у хоры і граў у аркестры. У 1945 годзе быў сярод арганізатараў беларускай школы ў Беластоку. У часы Польскай Народнай Рэспублікі далучыўся да дзейнасьці Беларускага грамадзка-культурнага таварыства. Перадаў яму тэатральныя дэкарацыі, створаныя Язэпам Драздовічам для ТБШ у 1933 годзе, якія захоўваў на гарышчы свайго дома. Працаваў у тыднёвіку «Ніва».

Піліп Кізевіч (1898-1985)

Каталіцкія могілкі парафіі Ўсіх сьвятых у Беластоку (вуліца Антанюк Фабрычны, 45)

Беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, сябра ТБШ. Быў скарбнікам Горадзенскага павятовага камітэту Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Уваходзіў у склад Беларускага сялянскага саюзу. Друкаваўся ў «Летапісе Таварыства беларускай школы» і іншых выданьнях.

Пасьля Другой усясьветнай вайны жыў у Беластоку. Быў візытатарам школ зь беларускай мовай навучаньня. Быў намесьніка старшыні Беларускага грамадзка-культурнага таварыства.

Латвія

Рыга

Сяргей Сахараў (1880-1954)

Іванаўскія могілкі ў Рызе (вуліца Ліела Кална, 19)

Беларускі фальклярыст, этнограф, царкоўны гісторык, публіцыст, пэдагог.

Быў дырэктарам гімназіі ў латвійскім горадзе Люцын (цяпер Лудза). З 1921 году ўзначальваў беларускае грамадзкае культурна-асьветнае таварыства «Бацькаўшчына». З 1922 году жыў у Рызе. Кіраваў беларускім аддзелам Міністэрства асьветы Латвіі. Быў дырэктарам Дзьвінскай беларускай гімназіі. Запісваў беларускі фальклёр Латгаліі. Стварыў Лудзенскі музэй.

Яго арыштавалі ў 1945 годзе, абвінавацілі ў «антысавецкай агітацыі», асудзілі на 5 гадоў лягераў. Пакараньне адбываў у Казахстане. Вярнуўся ў Латвію ў 1950 годзе.

Сяргей Сахараў
Сяргей Сахараў

Чэхія

Прага

Васіль Захарка (1877-1943)

Альшанскія могілкі ў Празе

Міністар фінансаў БНР, прэзыдэнт Рады БНР, публіцыст.

Васіль Іванавіч Заха́рка
Васіль Іванавіч Заха́рка

Падчас Другой Ўсебеларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Бэрліне ў 1925 годзе выступіў супраць прызнаньня савецкай Беларусі сувэрэннай дзяржавай і такім чынам захаваў эміграцыйны ўрад БНР.

Апошнія 20 гадоў Захарка жыў у Празе, кіраваў праскім таварыствам «Беларуская рада», зьбіраў архіў БНР, выкарыстоўваў любую нагоду для зваротаў у Лігу Нацыяў і дыпляматычныя прадстаўніцтвы, каб паведаміць чалавецтву пра зьдзекі і злачынствы, што чыніла ў Беларусі бальшавіцкая ўлада.

Гестапа забараніла выступаць над магілай Захаркі з прамовамі, аднак ягоныя паплечнікі парушылі гэтую забарону.

Пётра Крэчэўскі

Альшанскія могілкі ў Празе

Палітык, пісьменьнік, гісторык, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху пачатку ХХ стагодзьдзя, дзеяч даваеннай эміграцыі ў Літве і Чэхаславаччыне, у 1919–1928 гадах старшыня Рады БНР.

Магіла прэзыдэнта Рады БНР, Пётра Крэчэўскі
Магіла прэзыдэнта Рады БНР, Пётра Крэчэўскі

Крэчэўскі выступаў супраць пастановаў Бэрлінскай Усебеларускай канфэрэнцыі, дзе Менск быў прызнаны адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі і дзе прагучаў заклік вяртацца ў савецкую Беларусь. Пісаў паэтычныя і драматургічныя творы, гістарычныя эсэ і артыкулы.

Міхась Забэйда-Суміцкі

Альшанскія могілкі ў Празе

Міхась Забэйда-Суміцкі
Міхась Забэйда-Суміцкі

Беларускі опэрны сьпявак і музычны пэдагог, саліст La Scala (Мілян), выканаўца беларускіх народных песень.

Мікола Вяршынін (1866-1934)

Альшанскія могілкі ў Празе

Удзельнік рэвалюцыі 1905–1907 гадоў. Пасьля эміграваў у Прагу. З 1918 году прадстаўляў консул БНР пры ўрадзе Чэхаславаччыны. Лічыўся ўпаўнаважаным БНР у справах ваеннапалонных беларусаў у Чэхаславаччыне. Узначальваў Беларускую грамаду ў Празе. Заснаваў Беларускі замежны архіў. Дапамагаў беларускім студэнтам у Чэхаславаччыне.

Мікола Вяршынін сядзіць другі зьлева
Мікола Вяршынін сядзіць другі зьлева

Украіна

Львоў

Сымон Шыдлоўскі (невядома — 1906)

Лычакоўскія могілкі

Удзельнік паўстаньня 1830–1831 гадоў, віцебскі харунжы. Фармаваў паўстанцкае падпольле на Віцебшчыне. Паўстанцкай сеткай была пакрытая амаль уся Віцебская губэрня і частка суседняй Смаленшчыны. На ягоны заказ пашылі баявы штандар паўстанцаў з Пагоняй. Вёў баі супраць расейскіх салдатаў на Віцебшчыне, потым на Падляшшы, а таксама пад Берасьцем і Ласіцамі. У баі пад каля Саколкі атрымаў раненьне правай рукі. Пасьля поўнай капітуляцыі Варшавы ён разам з паплечнікамі прабраўся ў Львоў.

На ягоным надмагільным камені выбіты надпіс: «На нашым праху паўстануць мсьціўцы».

Лычакоўскія могілкі
Лычакоўскія могілкі

Кіеў

Уладзімер Брыль (1899-1938)

Быкаўнянскія могілкі

Заатэхнік, брат беларускага пісьменьніка Янкі Брыля.

Нарадзіўся ў вёсцы Загор’е Наваградзкага павету Менскай губэрні. Навучаўся ў Мірскай вучэльні, потым у гімназіі ў Адэсе, дзе бацька працаваў чыгуначнікам, пасьля ў Адэскім сельскагаспадарчым інстытуце. Служыў у Белай арміі, працаваў у шпіталі ў Адэсе, пазьней заатэхнікам у жывёлагадоўлі.

Імя Ўладзімера Брыля на памятнай дошцы ў мэмарыяльным комплексе «Быкаўнянскія магілы» пад Кіевам
Імя Ўладзімера Брыля на памятнай дошцы ў мэмарыяльным комплексе «Быкаўнянскія магілы» пад Кіевам
Фота Ўладзімера Брыля ў мэмарыяльным комплексе «Быкаўнянскія магілы» пад Кіевам
Фота Ўладзімера Брыля ў мэмарыяльным комплексе «Быкаўнянскія магілы» пад Кіевам

Яго затрымалі 27 сьнежня 1937 году ў Вялікапалавецкім раёне (цяпер Сквірскі раён Кіеўскай вобласьці) праз падазрэньне ў падрыўной дзейнасьці ў зьнішчэньні заводнай жывёлы. Яго расстралялі 5 кастрычніка 1938 году ў Кіеве паводле рашэньня «тройкі» як «нямецкага агента».

Падчас раскопак у Быкаўні ў 1989 годзе знайшлі муштук, на якім было выгравіравана прозьвішча, імя і імя па бацьку Ўладзімера Брыля з указаньнем даты нараджэньня.

Беларусы ўшанавалі памяць ахвяраў сталінізму ў мэмарыяльным комплексе «Быкаўнянскія магілы» пад Кіевам
Беларусы ўшанавалі памяць ахвяраў сталінізму ў мэмарыяльным комплексе «Быкаўнянскія магілы» пад Кіевам

У красавіку 1994 году на месцы пахаваньняў ахвяраў рэпрэсій у Быкаўнянскім лесе адкрылі мэмарыял. Гісторыкі ўстанавілі прозьвішчы 14191 грамадзяніна з імаверна 100 тысяч пахаваных на гэтым месцы. Сярод увекавечаных на мэмарыяле – і імя Ўладзімера Брыля.

Бабін Яр

Бабін Яр — гэта ўрочышча ў паўночна-заходняй частцы Кіева, паміж раёнамі Лук’янаўка і Сырэц, паміж вуліцамі Алены Тэлігі з поўначы і захаду і Юрыя Ільленкі з поўдня (50°28′17″ 30°26′56″).

Там падчас Другой усясьветнай вайны масава расстрэльвалі мірнае насельніцтва, перадусім габрэяў і ромаў, таксама савецкіх ваеннапалонных, сярод забітых ёсьць беларусы і тыя, хто пазначаў сваю нацыянальнасьць як «літвіны». Расстрэльвалі нямецкія нацысты і ўкраінскія калябарацыяністы. Першы масавы расстрэл адбыўся 29–30 верасьня 1941 году. Расстрэлы ішлі да 1943 году.

Бабін Яр. Савецкія ваеннапалонныя закопваюць расстраляных у Бабіным Яры пад наглядам эсэсаўцаў (фота з архіву Ўкраінскага інстытуту нацыянальнай памяці)
Бабін Яр. Савецкія ваеннапалонныя закопваюць расстраляных у Бабіным Яры пад наглядам эсэсаўцаў (фота з архіву Ўкраінскага інстытуту нацыянальнай памяці)
Бабін Яр. Немцы абшукваюць целы загіблых, каб забраць іх каштоўныя рэчы (фота з архіву Ўкраінскага інстытуту нацыянальнай памяці)
Бабін Яр. Немцы абшукваюць целы загіблых, каб забраць іх каштоўныя рэчы (фота з архіву Ўкраінскага інстытуту нацыянальнай памяці)

Свабодзе вядомыя імёны некаторых беларусаў, забітых у Бабіным Яры:

  • Валянціна Барэн (1916-1942), канцэртмайстар у тэатры апэрэты;
  • Андрэй Васільеў (1913-1942), актор-ліліпут у тэатры;
  • Пятро Раткевіч (1901-1942), кіраўнік духавога аркестра;
  • Марыя Равенка (1917-1942), драматычная акторка ў тэатры.

Павал Шарамет (1971–2016)

Помнік на скрыжаваньні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка.

Беларускі, расейскі і ўкраінскі тэлежурналіст, кіраўнік аддзела спэцыяльных інфармацыйных праектаў ОРТ, потым «Першага канала». Працаваў на Грамадзкай тэлевізіі Расеі. З 2012 года працаваў ва Ўкраіне — ва «Українській правді», на тэлеканале «ТВі» і на «Радио Вести». Праціўнік палітыкі Лукашэнкі.

Забіты 20 ліпеня 2016 году.

На месцы выбуху аўтамабіля, у якім ён ехаў, на скрыжаваньні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка паставілі помнік

Павал пахаваны на Паўночных могілках у Менску.

Міхась Жызьнеўскі (1988-2014)

Беларус, адна зь першых ахвяраў Эўрамайдану ў Кіеве ў 2014 годзе. Кавалер ордэна герояў Нябеснай сотні, пазаштатны карэспандэнт украінскай газэты «Соборна Київщина», ураджэнец Гомля.

Стыхійны мэмарыял Жызьнеўскаму ў Кіеве знаходзіцца на меркаваным месцы ягонай сьмерці на вуліцы Грушэўскага, пасярод праезнай часткі каля стадыёна «Дынама».

Cтыхійны помнік Міхаілу Жызьнеўскаму ў Кіеве.
Cтыхійны помнік Міхаілу Жызьнеўскаму ў Кіеве.

Міхась пахаваны ў Гомельскім раёне.

Грузія

Тбілісі

Язэп Ходзька (1800-1881)

Кукійскія каталіцкія могілкі ў Тбілісі

Геадэзіст, географ, тапограф зь Беларусі. Працаваў у Грузіі, з 1840 году праводзіў дасьледаваньні. Адным зь першых падняўся ў высакагорную частку краіну — Сванэцію. Атрымаў найвышэйшую ўзнагароду Расейскага геаграфічнага таварыства, вялікі Канстанцінаўскі мэдаль. Памёр у Тбілісі.

Кукійскія каталіцкія могілкі ў Тбілісі
Кукійскія каталіцкія могілкі ў Тбілісі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG