Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прушынскі Аляксандар Уладзімераў. Нарадзіўся 27.02.1887 г. у ф. Новы Двор Менскага пав. (цяпер у межах Менску). Памёр 28.07.1920 г. у Кракаве. Пахаваны на Ракавіцкіх могілках у Кракаве. Псэўданімы: Алесь Гарун, І. Жывіца, А. Навадворскі, Сальвэсь, А. Сумны.

Пэўны час лічылася, што А. Прушынскі нарадзіўся ў Менску на Багадзельнай вуліцы (цяпер Камсамольская, у часе апошняй вайны — вуліца А. Гаруна). Потым былі выяўленыя дакумэнты, зь якіх вынікала, што месца яго нараджэньня — фальварак Новы Двор і што хрысьцілі яго ў Менска-Кальварыйскім касьцёле.

Можна прачытаць, што бацька Прушынскага паходзіў з в. Падстрынь Стваловіцкай воласьці Наваградзкага пав. і што цяпер гэтая вёска знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне. Насамрэч за царом Падстарынь уваходзіла ў Боркінскую воласьць Слонімскага пав., таму гаворка павінна ісьці пра в. Пастарыньне, якая сапраўды была ў Стваловіцкай воласьці Наваградзкага пав., а цяпер — у Баранавіцкім раёне. Можна думаць, што менавіта ў гэтай вёсцы, у гаспадарцы сваёй цёткі, юны Прушынскі «пасьвіў коней, ганяў авечак, вазіў гной» (М. Гарэцкі). Вучыўся ж ён у 3-м менскім прыходзкім вучылішчы на вуліцы Вясёлай (з 1923 Першамайская). Гэта была аднаклясная ўстанова з трохгадовым тэрмінам навучаньня.

Завяршыў сваю фармальную адукацыю Прушынскі 1902 у Менскай школе рамесьніцкіх вучняў, што месьцілася на Нова-Маскоўскай вуліцы (з 1932 вуліца Мясьнікова). Там ён атрымаў прафэсію сталяра. Большую адукацыю ягоныя бацькі даць не маглі.

«Прыраджоны паэт» (М. Гарэцкі), А. Прушынскі мусіў займацца палітыкай. Як можна меркаваць, у рэвалюцыйны рух яго штурхнула абражанае пачуцьцё чалавечай годнасьці, тыя прыніжэньні, якія зьведвалі ягоная маці (прачка) і ён сам. Адным з успамінаў яго маленства быў звон ланцугоў: гэта зь Пішчалаўскага замку вывелі вязьняў. У гэты замак за рэвалюцыйную дзейнасьць трапіў ён сам. Яго, эсэра-максымаліста з 1904, агітатара, арыштавалі ў нелегальнай друкарні 4.03.1907. У Пішчалаўскім замку 20-гадовага Прушынскага палітычныя вязьні абралі старастам камэры. Відаць, старэйшыя таварышы ацанілі яго чалавечыя якасьці: ураўнаважнасьць, нетаропкасьць у словах і дзеяньнях.

У турме Прушынскі сядзеў адначасна з А. Бурбісам і М. Шылам. Яшчэ вучнем чытаўшы творы В. Дуніна-Марцінкевіча і Ф. Багушэвіча, а ў часе рэвалюцыі — улёткі зь вершамі Цёткі і ўжо сам пачаўшы пісаць па-беларуску, ад Бурбіса ён пачуў яшчэ нідзе не публікаваныя вершы іншых паэтаў. Гэта ўмацоўвала яго і натхняла. І 23.06.1907 вязень Прушынскі — пад псэўданімам Олесь Гарун — дэбютаваў у «Нашай Ніве».

Зь Пішчалаўскага замку Прушынскага этапавалі ў Вільню — на Лукішкі. У 26.02.1908 яго асудзілі на 2 гады і 8 месяцаў турмы, аднак Сэнат прысуд скасаваў. На паўторным працэсе 10.07.1908 Прушынскі быў асуджаны на пажыцьцёвае пасяленьне ў Сібіры з пазбаўленьнем правоў.

Там, у Сібіры, яму даводзілася цяжка, аднак ён не адчайваўся, бо меў сувязь з Радзімай, нашаніўскім асяродкам, а ў Кірэнскім пав., дзе яму давялося жыць, ён пазнаёміўся з сасланым Я. Лёсікам. І хоць у горадзе яму пасяліцца не дазвалялі і ён мусіў жыць то ў адной вёсцы, то ў другой, ад голаду яго ратавала прафэсія сталяра. Быў ён і цесьляром.

Лягчэйшым жыцьцё Прушынскага стала ў 1914, калі яго запісалі ў сяляне і далі дазвол жыць ва ўсёй Сібіры. Перш працаваў вадалівам на баржы, а ў 1915 ён пераехаў у г. Бадайбо, цэнтар золатапрамысловай акругі. Там ён сустрэў Вялікую рэвалюцыю і адразу ўцягнуўся ў палітычную дзейнасьць. Ёсьць зьвесткі, што яго абралі сябрам выканаўчага камітэту Савета рабочых дэпутатаў Ленскай золатапрамысловай акругі.

Аднак да сябе цягнула Радзіма. У Менску яго чакала маці. І Прушынскі пакінуў Сібір. У тр. 1917 ён быў ужо ў Маскве. 9.05.1917 ён браў удзел у мітынгу ў Маскоўскім унівэрсытэце, на якім была заснавана Беларуская Народная Грамада, кароткачасовая грамадзка-палітычная арганізацыя, якая спрабавала стаяць па-над партыямі і прэтэндавала на гегемонію ў беларускім руху. Гісторык Д. Міхалюк піша, што Прушынскі належаў да гэтай арганізацыі. Належаў, пэўна, непрацяглы час.

Можна прачытаць, што ў Сібіры сацыяліст-рэвалюцыянэр Прушынскі зьведаў перамену ў сваім палітычным мысьленьні. Пад уплывам Лёсіка ён перайшоў на пазыцыі сацыял-дэмакратыі, меншавізму. У 1917 ён уступіў у Беларускую Сацыялістычную Грамаду, а пасьля распаду БСГ у 1918 ён стаў сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі.

Як і многія сацыял-дэмакраты, Прушынскі ня верыў у хуткае зьдзяйсьненьне сацыялістычных ідэалаў. Сацыялізм як грамадзкі лад бачыўся ў аддаленай пэрспэктыве, але гэта не азначала, што за ідэалы сацыялізму ня трэба было змагацца. Для эсдэкаў было бясспрэчна, што нацыянальнае вызваленьне павінна несьці вызваленьне сацыяльнае, але без нацыянальнага вызваленьня немагчымае і сацыяльнае. І ў гэтым было адрозьненьне беларускіх сацыял-дэмакратаў ад эсэраў, якія жадалі стварыць Беларускую Працоўную Сацыялістычную Рэспубліку неадкладна, і ставілі, як П. Бадунова, нацыянальнае пытаньне на другі плян.

У Менск Прушынскі вярнуўся 22.09.1917. Яшчэ трэба знайсьці адказ, чаму ён разам з маці і малодшым братам жыў у Беларускай Хатцы, але больш важна, што празь месяц пасьля вяртаньня ў Менск ІІ сэсія Цэнтральнай Рады Беларускіх Арганізацый дэлегавала Прушынскага ў Раду Народаў Расеі. Як вядома, на гэтай сэсіі ЦРБА была пераўтворана ў Вялікую Беларускую Раду, і Прушынскага (разам з А. Смолічам) абралі намесьнікам старшыні ВБР і кіраўніком яе палітычнага аддзелу. У тыя самыя дні ён стаў сябрам Цэнтральнага Камітэту БСГ.

У сьн. 1917 Прушынскі заняў месца намесьніка старшыні Ўсебеларускага Зьезду. Дэлегаты абралі яго ў Раду Зьезду, а 21.12 ён стаў сябрам Выканаўчага Камітэту Рады і «вёў» у ім пытаньні працы. Як вядома, 19.03.1918 Рада Ўсебеларускага Зьезду была пераўтворана ў Раду БНР. У крас. на Прушынскага ўжо глядзелі як на аднаго з кандыдатаў на пасаду старшыні Рады, але 14.05 старшынёю Рады абралі ягонага таварыша Лёсіка. Лёсік сваё старшынёўства ў Радзе спалучаў з рэдагаваньнем «Вольнай Беларусі». Прушынскі таксама працаваў ня толькі ў Радзе. Пэўны час ён загадваў Беларускай кнігарняй, якая знаходзілася ў тым самым будынку, што і рэдакцыя «Вольнай Беларусі», а з 2-га і да апошняга нумару (23.08) быў рэдактарам газэты «Беларускі Шлях». У жн. ён стаў старшынёй Культурна-асьветнай камісіі Рады, але так склалася, што ён больш займаўся пытаньнямі апекі — дзіцячымі прытулкамі і багадзельнямі.

Дзіцячымі прытулкамі і багадзельнямі Прушынскі займаўся і пры бальшавіках, якія 10.12.1918 прыйшлі ў Менск. Можна прачытаць, што ён кіраваў аддзелам грамадзкай апекі і сацыяльнага забесьпячэньня Камісарыяту сацыяльнай апекі. Гэта было да 27.02.1919, калі ўтварылася ССР Літвы і Беларусі, сталіца якой знаходзілася ў Вільні. Да таго ж увесну 1919 ён, хворы на сухоты, захварэў на тыфус. А пад канец бальшавіцкага панаваньня яму давялося стаць сьведкам лютага тэрору. І ён публічна пратэставаў супраць гвалту. Аднак бальшавікі ўжо не лічыліся зь яго рэвалюцыйнымі заслугамі. Сябры ўгаварылі яго выехаць зь Менску.

8.08.1919 у Менск увайшло Войска Польскае. Палякаў сустрэлі як вызвольнікаў. 10.08 Прушынскі ўзначаліў новапаўсталы Часовы Беларускі Нацыянальны Камітэт. Адначасна (у жн.—кастр. 1919) ён выконваў абавязкі загадчыка аддзелу прытулкаў сэкцыі асьветы і грамадзкай апекі у менскім магістраце.

18.09.1919 у Менск прыехаў Ю. Пілсудзкі, і Прушынскі вітаў яго ад імя беларусаў. Многіх, у тым ліку і Прушынскага, падкупіла тое, што начальнік Польскай дзяржавы на прывітаньне адказаў па-беларуску. Зь Пілсудзкім Прушынскі сустрэўся і 19.09 у складзе дэлегацыі сэньёрэн-канвэнту Рады БНР. Амаль праз месяц (22.10) Пілсудзкі выдаў дэкрэт, на падставе якога легалізавалася створаная яшчэ ў жн. Беларуская Вайсковая Камісія. Прушынскага, хоць і не хацеў гэтага, абралі намесьнікам старшыні БВК і кіраўніком статутнай падкамісіі. У сувязі з тым, што старшыні БВК П. Алексюку, як пісаў Ф. Кушаль, межы камісіі «сталіся зацесныя», бо ён «рабіў „высокую“ палітыку», фактычным кіраўніком БВК быў Прушынскі.

У ліп. 1919, калі Чырвоная армія рушыла на Варшаву, Прушынскі пакінуў Менск. У Ваўкавыску ён захварэў на крываўку. На санітарным цягніку яго адправілі ў Кракаў. У старой польскай сталіцы ён адышоў у вечнасьць.

...У 1914 Прушынскі-Гарун выслаў зь Сібіры ў Вільню рукапіс свайго зборніка вершаў «Матчын дар». Але пачалася вайна, і выданьне кнігі было адкладзена. 22.05.1918 пытаньне аб выданьні зборніка разгледзеў Народны Сакратарыят БНР. Адказнасьць за выпуск кнігі ён усклаў на Смоліча і выдзеліў на гэта пэўную суму, а 10.07 прызначыў паэту ганарар. Разам з М. Багдановічам, З. Бядулем, Я. Коласам, Я. Купалам ды М. Гарэцкім Гарун цьвёрда стаў у першым шэрагу пісьменьнікаў-нашаніўцаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG