Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Забірайце паўнамоцтвы»: Як Лукашэнка два гады абяцаў падзяліцца ўладай, але не падзяліўся


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Адразу пасьля выбараў 2020 году Лукашэнка пачаў абяцаць дэцэнтралізацыю ўлады. Глядзім, што з гэтага атрымалася.

2020 год: «Паўнамоцтвы праз Канстытуцыю, а не праз вуліцу»

Адразу пасьля выбараў 2020 году па ўсёй Беларусі выбухнулі пратэсты. Пачаліся і хваляваньні на буйных заводах. У жніўні Лукашэнка пачаў езьдзіць па заводах і ўпэўніваць працоўных у хуткай дэцэнтралізацыі. Абяцаў нават сыход з паста.

«З новай Канстытуцыяй я з вамі ўжо прэзыдэнтам працаваць ня буду», — казаў Лукашэнка.

На заводзе колавых цягачоў, дзе Лукашэнку крычалі «Сыходзь!» ён заклікаў рабочых да працы над новай Канстытуцыяй.

«Прыходзьце, сядайце, і працуем над Канстытуцыяй. Выносім на рэфэрэндум, прымаем Канстытуцыю, і я вам свае паўнамоцтвы па Канстытуцыі перадам. Але не пад ціскам і не праз вуліцу», — казаў ён тады.

Пасьля Лукашэнка прызнаваўся, што гатовы аддаць 71 сваё паўнамоцтва ў рукі іншых галінаў улады.

«Нават пры цяперашняй Канстытуцыі ніхто не перашкаджае. Вось мы налічылі 57 ці 70 паўнамоцтваў прэзыдэнта, якія паводле цяперашняй Канстытуцыі можна перадаць іншым органам улады. Мы пачалі гэта рабіць, каб людзі паглядзелі», — казаў Лукашэнка ў лістападзе 2020 году беларускім дзяржаўным і замежным мэдыя.

Далей — болей: Лукашэнка паабяцаў, што 70–80% сваіх паўнамоцтваў перадасьць парлямэнту ды іншым галінам улады.

«Мы нядаўна дамовіліся з кіраўніцтвам парлямэнту, што для таго, каб працэнтаў на 70–80% паўнамоцтвы прэзыдэнта перадаць парлямэнту, ураду, іншым структурам, Канстытуцыю ламаць ня трэба», — сказаў Лукашэнка.

Падобныя рэчы Лукашэнка працягваў гаварыць увесь 2020 год.

2021: «Радыкальна будзем пераразьмяркоўваць паўнамоцтвы»

У лютым 2021 году на чарговым Усебеларускім народным сходзе Лукашэнка зноў заявіў пра перадачу часткі сваіх паўнамоцтваў іншым галінам улады.

«Таму пераразьмяркоўваць паўнамоцтвы мы будзем. Радыкальна будзем пераразьмяркоўваць. Канстытуцыю — трэцюю ўжо, трэці варыянт — мы падрыхтуем», — сказаў ён.

Тады ж ён выказаў думку, што груз улады, які сабраў ён у сваіх руках, «вельмі цяжкі для чалавека». І ня факт, што новы прэзыдэнт, які прыйдзе да ўлады, гэта вытрымае.

2022: «Фундамэнтальныя рэчы — у сфэры паўнамоцтваў прэзыдэнта»

Прынятая ўладай Лукашэнкі праз рэфэрэндум у лютым Канстытуцыя нязначна скараціла ролю Лукашэнкі. Напрыклад, цяпер ён прызначае прэм’ера са згоды Палаты прадстаўнікоў, таксама ён ня зможа прызначаць старшыняў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў. На гэтым дэцэнтралізацыя і падзел паўнамоцтваў скончыліся.

Пасьля рэфэрэндуму Лукашэнка ўжо больш не гаварыў пра неабходнасьць дэцэнтралізацыі. Хутчэй наадварот.

«Ёсьць фундамэнтальныя пытаньні — гэта распараджэньне зямлёй — сельгаспрызначэньне, лясныя рэсурсы, — а таксама дзяржаўнай уласнасьцю. Гэтыя рэчы знаходзяцца ў сфэры паўнамоцтваў прэзыдэнта, і іх нельга цалкам перадаць па вэртыкалі ўніз, бо неабходны кантроль», — заявіў ён падчас нарады з Саветам міністраў у ліпені гэтага году.

А ў кастрычніку ён наогул сказаў, што ніякай дэцэнтралізацыі ня будзе.

«Усебеларускі народны сход будзе толькі стратэгіяй займацца і кантролем за выкананьнем гэтай стратэгічнай задачы. Таму як быў прэзыдэнт кіраўніком дзяржавы, ён і застанецца», — сказаў Лукашэнка.

Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае

Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?

З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:

  • прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
  • са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
  • вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
  • прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»

Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.

Сярод іх:

  • «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
  • зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
  • прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
  • мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
  • прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.

Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі

  • Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
  • Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
  • Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
  • З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.

«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі

  • Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
  • Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
  • Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG