Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Расеі выдаў фота са Славеніі 2010-х гадоў за «брудную бомбу»


Вучэньні, якія імітуюць ужываньне «бруднай бомбы» ў Сіэтле, ЗША
Вучэньні, якія імітуюць ужываньне «бруднай бомбы» ў Сіэтле, ЗША

Міністэрства замежных спраў Расеі 26 кастрычніка разьмясьціла ў сваім англамоўным Твітэры пост, у якім паведамляла, што валодае інфармацыяй, быццам дзьве неназваныя ўкраінскія арганізацыі атрымалі прамы загад вырабіць так званую «брудную бомбу».

У якасьці ілюстрацый да паста былі апублікаваныя фатаграфіі, частка зь якіх карыстальнікі сацсеткі апазналі як зьнятыя ў 2010-х гадах у Славеніі і Мэксыцы.

Урад Славеніі апублікаваў пост у адказ, падкрэсьліўшы, што краіна адказна ставіцца да захоўваньня ядзерных адходаў і не вядзе ніякіх работ, зьвязаных з «бруднымі бомбамі».

На фатаграфіях, апублікаваных у Твітэры МЗС Расеі, паказана невядомая атамная электрастанцыя, кантэйнэры для захоўваньня радыеактыўных адходаў і плястыкавыя мяшкі са значком радыяцыі і надпісам «radioaktivno» лацінкай. Расейскае замежнае ведамства таксама суправадзіла фота подпісам, які абвяшчаў, што працы па стварэньні «бруднай бомбы» ва Ўкраіне ўжо ўвайшлі ў фінальную фазу.

Карыстальнікі Твітэра адзначылі, што фота з плястыкавымі мяшкамі было зьнятае ў Мэксыцы ў 2016 годзе; надпіс «radioaktivno» зроблены на славенскай мове. Яно было ўпершыню апублікавана паліцыяй Мэксыкі, якая знайшла выкрадзеныя менавіта са Славеніі радыеактыўныя матэрыялы. Яшчэ некалькі кадраў, як паказалі карыстальнікі, былі зьняты ТАСС на Белаярскай АЭС у Сьвярдлоўскай вобласьці. І адзін, як абвясьціў урад Славеніі, належаў славенскаму агенцтву па кантролі за радыеактыўнымі адходамі ARAO: ён быў зроблены ў 2010 годзе.

Урад Славеніі суправадзіў пост у адказ заявай кіраўніка ARAO Сандзі Віршэка, што радыеактыўныя адходы ў краіне захоўваюцца з захаваньнем усіх мер бясьпекі, і не выкарыстоўваюцца для вырабу «брудных бомбаў».

  • Расейскі бок загаварыў аб намеры Ўкраіны вырабіць і падарваць так званую «брудную бомбу» на мінулым тыдні. Пра гэта заяўляў міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу.
  • Кіеў катэгарычна адмаўляе наяўнасьць ва Ўкраіны бруднай бомбы і намер яе ўжыць. Украінскі бок запрасіў інспэкцыю МАГАТЭ прыехаць і праверыць, ці ёсьць ва Ўкраіны магчымасьці і намеры стварыць такую бомбу. Уладзімір Зяленскі заявіў, што адзіны, хто можа думаць аб ужываньні ядзернай зброі ў Эўропе — гэта расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін.
  • Афіцыйныя асобы ЗША, Вялікай Брытаніі і Францыі палічылі сьцьвярджэньні Расеі неабгрунтаванымі.
  • «Брудная бомба» — выбуховае прыстасаваньне, якое складаецца з кантэйнэра з радыеактыўным ізатопам і зараду выбуховага рэчыва. Пры падрыве зараду кантэйнэр з ізатопамі руйнуецца, і радыеактыўнае рэчыва распыляецца ўдарнай хваляй на вялікай тэрыторыі. Эфэкт пры гэтым падобны на эфэкт выбуху ядзернага зараду малой магутнасьці, хоць тэхнічна брудная бомба не зьяўляецца ядзерным боепрыпасам. Прэцэдэнтаў выкарыстаньня такой зброі на дадзены момант няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG