Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГАТЭ праверыць украінскія ядзерныя аб’екты пасьля абвінавачаньняў Расеі ў стварэньні «бруднай бомбы»


Рафаэль Гросі
Рафаэль Гросі

Інспэктары Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі на просьбу Кіева наведаюць два ядзерныя аб’екты Ўкраіны для правядзеньня праверкі, паведаміў генэральны дырэктар арганізацыі Рафаэль Гросі.

Гросі адзначыў, што абодва абʼекты рэгулярна наведваюць супрацоўнікі МАГАТЭ. На гэты раз арганізацыя мае намер праверыць іх на наяўнасьць «любой магчымай незаяўленай ядзернай дзейнасьці і матэрыялу».

«Месяц таму МАГАТЭ праінспэктавала адно з гэтых месцаў, і ўсе нашы высновы адпавядаюць дэклярацыям Украіны аб стане бясьпекі. Там не было выяўлена ніякай незаяўленай ядзернай дзейнасьці або матэрыялаў», — гаворыцца ў заяве Рафаэля Гросі.

Тым часам у лісьце прадстаўніка Расеі пры ААН Васіля Нябензі генэральнаму сакратару арганізацыі Антоніу Гутэрышу гаворыцца, што магчымае прымяненьне Кіевам «бруднай бомбы» будзе расцэньвацца Масквой як акт ядзернага тэрарызму. Нябензя заявіў Гутэрышу, што Мінабароны РФ «атрымала інфармацыю, што гэтая правакацыя можа быць ажыцьцёўлена пры падтрымцы заходніх краін».

Як паведаміла «Интерфаксу» крыніца ў ААН, Расея запрасіла на 25 кастрычніка абмеркаваньне ў Радзе Бясьпекі меркаванай падрыхтоўкі Кіевам правакацыі з ужываньнем «бруднай бомбы».

Кіраўнік Мінабароны Расеі Сяргей Шайгу патэлефанаваў чацьвярым міністрам абароны краін NATO: Турэччыны, Брытаніі, Францыі і ЗША. Вядома, што з кіраўнікамі міністэрстваў абароны Францыі, Турэччыны і Брытаніі Шайгу паасобку абмеркаваў «пляны УСУ» падарваць «брудную бомбу». Ці вялася пра гэта размова зь міністрам абароны ЗША Лойдам Остынам, не ўдакладняецца (яму Шайгу патэлефанаваў пазьней за іншых).

ЗША, Вялікая Брытанія і Францыя ўжо заявілі, што лічаць гэтую інфармацыю «адкрыта лжывай».

На наступны дзень з вышэйшымі вайсковымі службовымі асобамі Вялікай Брытаніі і ЗША наконт сытуацыі з «бруднай бомбай», якую нібыта можа выкарыстоўваць Украіна, па тэлефоне зьвязаўся кіраўнік Генштабу Ўзброеных сіл Расеі Валерый Герасімаў.

Герасімаў правёў перамовы з начальнікам штаба абароны Вялікай Брытаніі Энтані Радакін і старшынёй камітэту начальнікаў штабоў Узброеных сіл ЗША Маркам Мілі.

Ніякіх сьведчаньняў таго, што Ўкраіна вяла ці вядзе працу дзеля стварэньня ядзернай зброі ці так званай бруднай бомбы (радыялягічнай зброі), зь незалежных крыніц не паступала. Пра гэта ў сакавіку 2022 году — неўзабаве пасьля пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну — заяўляў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў і пісала агенцтва «РИА Новости». Пры гэтым самі расейскія ўлады з пачатку вайны заяўлялі аб гатоўнасьці прымяніць ядзерную зброю, «калі гэта будзе неабходна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG