Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ISW: заявы Шайгу аб «бруднай бомбе» – запалохваньне і працяг даўняй інфармацыйнай кампаніі Расеі

Сяргей Шайгу
Сяргей Шайгу

Міністар абароны РФ Сяргей Шайгу, імаверна, спрабаваў запаволіць або спыніць заходнюю вайсковую дапамогу Ўкраіне і аслабіць альянс NATO падчас учорашніх тэлефонных размоў з чатырма міністрамі абароны альянсу (ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Турэччыны), піша амэрыканскі ISW.

Як мінімум тром зь іх Шайгу выказаў занепакоенасьць у сувязі з магчымым ужываньнем Украінай «бруднай бомбы».

Міністар абароны РФ Сяргей Шайгу, пэўна, спрабаваў запаволіць або спыніць заходнюю вайсковую дапамогу Ўкраіне і аслабіць альянс NATO падчас учорашніх тэлефонных размоў з чатырма міністрамі абароны альянсу (ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Турэччыны), піша амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW).

Заявы Шайгу ў ISW назвалі запалохваньнем на фоне ваенных няўдач Масквы на полі бою і заўважылі, што яны зьяўляюцца працягам старажытнай інфармацыйнай кампаніі Расеі.

Па словах дасьледнікаў, расейскія дзяржаўныя СМІ распаўсюдзілі «гэтую лжывую і сьмешную заяву», а прадстаўнікі Злучаных Штатаў, Вялікай Брытаніі і Ўкраіны катэгарычна абверглі і асудзілі лжывыя абвінавачваньні. Прадстаўнікі Францыі і Турэччыны не рабілі заяў у момант публікацыі справаздачы, адзнанчае ISW.

«Крэмль неаднаразова заяўляў, што заходнія дзяржавы дапамогуць Украіне правесьці атаку з ужываньнем зброі масавай паразы пад чужым сьцягам, зь першых этапаў уварваньня ва Ўкраіну ў лютым. У красавіку Міністэрства абароны Расеі заявіла, што валодае інфармацыяй аб тым, што ЗША «рыхтуюць правакацыі для абвінавачаньня ўзброеных сіл Расеі ў прымяненьні хімічнай, біялягічнай або тактычнай ядзернай зброі. У сваім выступе перад уварваньнем 24 лютага Пуцін заявіў, што Ўкраіна рыхтуецца да ядзернага нападу на Расею, а расейскія дзяржаўныя СМІ неаднаразова сьцьвярджалі, што заходнія дзяржавы падтрымліваюць распрацоўку Украінай ядзернай зброі і плянуюць атакі пад чужым сьцягам», — гаворыцца ў справаздачы.

У той жа час, дасьледчыкі гавораць, што наўрад ці Крэмль рыхтуе непазьбежны бомбавы ўдар пад фальшывым сьцягам.

Раней расейскія ўлады неаднаразова пагражалі прымяніць «усе наяўныя сродкі», каб абараніць «сувэрэнітэт і цэласнасьць РФ».

«Заявы Шайгу, пэўна, таксама не прадвяшчаюць падрыхтоўкі Расеі прымяніць ва Ўкраіне нестратэгічную ядзерную зброю... Такія атакі наўрад ці прымусяць Украіну або Захад здацца, паколькі ўкраінскі ўрад і народ неаднаразова дэманстравалі сваю волю працягваць барацьбу, а Захаду будзе вельмі складана проста здацца ва ўмовах такіх жудасных дзеяньняў праз прэцэдэнт, які б стварыла такая капітуляцыя», — заяўляюць аўтары справаздачы.

Расейскія абвінавачваньні ў адрас Украіны прагучалі на фоне паведамленьняў, што расейскія войскі могуць пакінуць правабярэжную частку Херсонскай вобласьці. Камандуючы расейскімі войскамі ва Ўкраіне генэрал Сяргей Суравікін заявіў аб магчымасьці «няпростых рашэньняў». Некаторыя камэнтатары лічаць, што ён меў на ўвазе пакіданьне Херсона, але ёсьць і тыя, хто ўбачылі ў яго словах сыгнал аб гатоўнасьці прымяненьня ядзернай зброі.

«Брудная бомба» — выбуховае прыстасаваньне, якое складаецца з кантэйнэра з радыяактыўным ізатопам і зарадау выбуховага рэчыва. Пры падрыве зараду кантэйнэр зь ізатопамі разбураецца і радыяактыўнае рэчыва распыляецца ўдарнай хваляй на вялікай плошчы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG