Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шайгу абзвоньвае міністраў абароны NATO і расказвае пра «брудную бомбу»


Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу
Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу

Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу ў нядзелю правёў тэлефонныя перамовы адразу з трыма кіраўнікамі абаронных ведамстваў краін NATO. Як паведамляе Міністэрства абароны Расеі, усім траім ён выказаў заклапочанасьць у сувязі з магчымым прымяненьнем Украінай так званай «бруднай бомбы».

Першым, як вынікае з паведамленьняў, Шайгу пагаварыў зь міністрам абароны Францыі Сэбастыянам Лекарню, затым — з турэцкім міністрам Хулусі Акарам і, урэшце, з брытанскім міністрам абароны Бэнам Ўолэсам і амэрыканскім — Лойдам Остынам.

У МЗС Украіны абверглі заявы, што Кіеў нібыта рыхтуецца прымяніць «брудную бомбу».

«Хлусьня Расеі пра нібыта пляны Ўкраіны прымяніць “брудную бомбу” гэтак жа абсурдная, наколькі небясьпечная. Па-першае, Украіна зьяўляецца адданым бокам Дамовы пра непашырэньне ядзернай зброі: мы ня маем ніякіх “брудных бомбаў” і не плянуем іх мець. Па-другое, расейцы часта абвінавачваюць іншых у тым, што плянуюць самі», - заявіў кіраўнік МЗС Украіны Дзьмітро Кулеба.

Тэлефонным размовам папярэднічала публікацыя дзяржаўным агенцтвам «РИА Новости» паведамленьня пад загалоўкам «Кіеўскі рэжым рыхтуе правакацыю з „бруднай бомбай“ ва Ўкраіне» (яно датавана 23 верасьня — аднак на сайце «РИА Новости» яно апублікавана сёньня, 23 кастрычніка. — РС).

У паведамленьні са спасылкай на «вартыя даверу крыніцы ў розных краінах», улады Ўкраіны нібыта «рыхтуюць на тэрыторыі сваёй краіны правакацыю, звьязаную з падрывам так званай „бруднай бомбы“ або маламагутнага ядзернага боепрыпасу». Мэта гэтага, як піша расейскае агенцтва, у тым, каб абвінаваціць Расею ва ўжываньні зброі масавага зьнішчэньня на ўкраінскім тэатры ваенных дзеяньняў.

«РИА Новости» далей пішуць, што нібыта праца над бомбай «ужо знаходзіцца на завяршальнай стадыі», а ўлады Ўкраіны нібыта «ажыцьцяўляюць сакрэтныя кантакты з прадстаўнікамі Вялікабрытаніі ў пытаньні магчымай перадачы кіеўскім уладам кампанэнтаў ядзернай зброі».

Афіцыйная Масква не камэнтавала паведамленьне «РИА Новости», аднак у паведамленьнях аб перамовах Шайгу зь міністрамі абароны Францыі, Турэччыны і Вялікабрытаніі гаворыцца, што ён абмеркаваў зь імі менавіта брудную бомбу. З гэтага можа вынікаць, што публікацыя «РИА Новости» адлюстроўвае пазыцыю Крамля.

У паведамленьні аб размове Шайгу зь Лекарню таксама сказана, што абмяркоўвалася сытуацыя ва Ўкраіне, якая «мае ўстойлівую тэндэнцыю да далейшай, некантраляванай эскаляцыі».

  • «РИА Новости», якое ўваходзіць у мэдыягрупу «Russia Today» пад кіраўніцтвам Маргарыты Сіманьян і Дзьмітрыя Кісялёва, раней неаднаразова выступала зь цьверджаньнямі пра тое, што Ўкраіна нібыта хоча стварыць брудную бомбу. Аб гэтым яно пісала, у прыватнасьці, 25 лютага, на другі дзень пасьля расейскага ўварваньня ў краіну, а таксама 6 сакавіка. Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін называў нібыта рэальнае імкненьне Ўкраіны займець ядзерную зброю адной з прычын пачатку так званай спэцаперацыі, аднак канкрэтна пра брудную бомбу не казаў.
  • Кіеў заўсёды катэгарычна адмаўляў імкненьне атрымаць ядзерную зброю або распрацаваць брудную бомбу. Апошнія абвінавачаньні «РИА Новости» і цьверрджаньні Шайгу ён пакуль не камэнтаваў. Пры гэтым як Украіна, так і шэраг краінаў NATO. улучна з ЗША, раней выказвалі засьцярогі ў сувязі з магчымасьцю прымяненьня Расеяй ядзернай зброі супраць Украіны. Пра такую магчымасьць ня раз намёкамі ці нават адкрытым тэкстам гаварылі розныя расейскія прадстаўнікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG