Плякат на мітынгу ў Амстэрдаме. Ілюстрацыйнае фота
ЗША заявілі аб затрыманні ў Італіі па іх просьбе сына краснаярскага губэрнатара Арцёма Уса.
Міністэрства юстыцыі ЗША выставіла пяцярым грамадзянам Расеі абвінавачаньні ва ўхіленьні ад санкцый і адмываньні грошай. Пра гэта паведамляецца на сайце ведамства.
У прэс-рэлізе пазначаны іхныя імёны — гэта Юрый Арэхаў, Сьвятлана Кузургашава, Цімафей Цялегін, Сяргей Тулякоў, а таксама Арцём Ус — сын губэрнатара Краснаярскага краю Аляксандра Уса і заснавальнік кампаніі «Сібвугаль».
«17 кастрычніка 2022 г. Арэхаў быў арыштаваны ў Нямеччыне, а Ус — у Італіі, абодва па запыце ЗША і будуць праходзіць працэдуру экстрадыцыі», — гаворыцца ў паведамленьні.
Абвінавачаньне выстаўлена па 12 пунктах, зьвязаных з працай глябальнай сеткі закупак, кантрабанды і адмываньня грошай.
«Як сьцьвярджаецца, абвінавачаныя былі саўдзельнікамі алігархаў, арганізавалі складаную схему незаконнага атрыманьня амэрыканскіх вайсковых тэхналёгій і вэнэсуэльскай нафты пад санкцыямі праз мноства зьдзелак з удзелам падстаўных кампаній і крыптавалюты. Іх намаганьні падарвалі бясьпеку, эканамічную стабільнасьць і вяршэнства закону ва ўсім сьвеце», — заявіў пракурор Усходняй акругі Нью-Ёрка Брэон Піс.
Арэхаў зьяўляўся саўладальнікам і дырэктарам Nord-Deutsche Industrieanlagenbau GmbH (NDA GmbH) — прыватнай кампаніі па гандлі прамысловым абсталяваньнем і таварамі, разьмешчанай у Гамбургу.
Іншым уладальнікам NDA GmbH, паводле міністэрства, зьяўляецца Арцём Ус.
NDA GmbH выкарыстоўвалася ў якасьці падстаўной кампаніі для куплі ў амэрыканскіх вытворцаў сакрэтных вайсковых тэхналёгій і тэхналёгій двайнога прызначэньня, уключаючы сучасныя паўправаднікі і мікрапрацэсары, якія выкарыстоўваюцца ў зьнішчальніках, ракетных сыстэмах, боепрыпасах, радарах, спадарожніках і іншых касьмічных дадатках.
Гэтыя тавары пастаўляліся расейскім кампаніям, уключаючы кампаніі, якія трапляюць пад санкцыі «Радыёаўтаматыка», «Радыёэкспарт» і «Абтронікс», якія абслугоўвалі расейскі абаронны сэктар. Некаторыя з тых жа электронных кампанэнтаў, атрыманых у рамках злачыннай схемы, былі ў расейскай зброі, знойдзенай ва Ўкраіне, гаворыцца ў паведамленьні.
Прадстаўнік ФБР заявіў, што была зьліквідаваная злачынная сетка, якая складаецца як мінімум зь пяці грамадзян Расеі і двух грамадзян Вэнэсуэлы.