Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РПЦ скупляе ў Нарвэгіі нерухомасьць побач з вайсковымі базамі


Уладзімір Пуцін, Сяргей Шайну і патрыярх Кірыл
Уладзімір Пуцін, Сяргей Шайну і патрыярх Кірыл

Расейская праваслаўная царква ў апошнія гады набыла некалькі аб’ектаў нерухомасьці ў Нарвэгіі побач з вайсковымі базамі краіны. Аб гэтым піша мясцовае выданьне Dagbladet.

Адзін з абʼектаў — стары малельны дом у Сэрэйда (камуна Бэргена) зь відам на Гокансвэрн. Гэта галоўная база Каралеўскага ваенна-марскога флёта Нарвэгіі і найбуйнейшая ваенна-марская база ў краінах Паўночнай Эўропы. Па дадзеных з рэестра, у 2016 годзе памяшканьне было куплена Богаяўленскім прыходам Маскоўскага патрыярхатў. Выданьне адзначае, што малельны дом знаходзіцца за 3 кілямэтры наўпрост ад Гокансвэрна і адтуль добра відаць большую частку ваенна-марскога флёту Нарвэгіі.

Яшчэ некалькі абʼектаў РПЦ купіла ў 2017–2021 гадах у нарвэскім прыбярэжным рэгіёне Ругалан. У прыватнасьці, у Ставангеры знаходзіцца прыход у гонар сьвятой велікамучаніцы Ірыны, які разьмешчаны прыкладна за 15 хвілінах хады ад штаб-кватэры JWC — Абʼяднанага цэнтру баявых дзеянняў NATO.

Акрамя таго, у Расейскай праваслаўнай царквы ёсьць нерухомасьць у Кіркенэсе, за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Расеяй. Па дадзеных выданьня, прыход прападобнага Трыфана Пячонскага быў куплены царквой у 2015 годзе. Гэты раён вядомы цеснымі сувязямі з Расеяй, піша Dagbladet, многія расейцы жывуць на нарвэскім баку мяжы.

Акрамя таго, РПЦ мае царкоўны будынак у Осла — гэта Вольгінская парафія. Службы тут адбываюцца з 1996 году. Пры парафіі таксама дзейнічае нядзельная школа для дзяцей, іканапісная кляса, праводзяцца лекцыі аб праваслаўі на расейскай і нарвэскай мовах.

Экспэрт у бясьпецы з Alfa Sefland Winge адзначае ў інтэрвію выданьню, што абʼекты нерухомасьці, якія належаць РПЦ, такія як Гокансвэрн, «могуць быць праблемай», паколькі будынкі могуць выкарыстоўвацца для чагосьці іншага, акрамя рэлігійных мэт.

«Калі ўявіць увесь комплекс магчымых мер, то можна зрываць сыгналы, падслухоўваць сыгналы, можна адтуль кіраваць дронамі, можна прапаноўваць жытло людзям, якія складаюць карту мясцовасьці. Існуе шырокі спэктар геадэзічнай дзейнасьці і магчымых парушэньняў, якія могуць быць выкананы з такой базы», — лічыць экспэрт у бясьпецы.

Супраць кіраўніка Расейскай праваслаўнай царквы патрыярха Кірыла з прычыны ягонай падтрымкі поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне пэрсанальныя санкцыі ўжо ўвялі Вялікая Брытанія і Канада. Некаторыя эўрапейскія краіны заклікаюць уключыць яго ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу.

Пасьля абвяшчэньня ў Расеі «частковай» мабілізацыі патрыярх Кірыл заклікаў расейцаў ісьці на фронт і не баяцца паміраць. Таксама ён лічыць, што ў вайне супраць Украіны расейскія вайскоўцы выконваюць сваё «пакліканьне і абавязак перад радзімай і грамадзтвам», таму іхныя дзеяньні «параўнальныя з самаахвяраваньнем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG