Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не прыходзіцца апраўдвацца, што я беларус». Беларускі дырыгент выступае ў Ля Скаля, пад бомбамі ў Харкаве і для беларускіх палітвязьняў


Віталь Алексяёнак у тэатры Ля Скаля
Віталь Алексяёнак у тэатры Ля Скаля

Ураджэнец Вялейкі, беларускі дырыгент Віталь Алексяёнак цяпер працуе ў італьянскім тэатры Ля Скаля, дзе 15 кастрычніка адбылася прэм’ера опэры «Маленькі прынц», якую ён паставіў.

Мы гаворым пра амбітны праект беларускага музыкі ў найлепшым опэрным тэатры сьвету, пра канцэрты Алексяёнка ва Ўкраіне падчас вайны, а таксама пра салідарны канцэрт «Неба Марыі» ў Боне ў падтрымку палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай.

Сьцісла

  • У Міляне дзьве тысячы месцаў у опэрным тэатры Ля Скаля, і была абсалютна поўная заля на прэм’еры опэры.
  • Я артыстычны дырэктар музычнага фэстывалю ў Харкаве. На пачатку вайны, увесну 2022-га, мы ў Харкаве зрабілі чатыры канцэрты ў бункерах, у шпіталях, у мэтро.
  • Я прадстаўнік клясычнай музыкі, якая ня так наўпрост зьвязаная з грамадзянскай пазыцыяй, з пратэстамі ў Беларусі ці з вайной ва Ўкраіне. І нам гэта не падабаецца. Я спрабаваў, спрабую і буду спрабаваць камбінаваць мастацтва, клясычную музыку, музыку ўвогуле з тым, што адбываецца зараз.
  • Маша Калесьнікава нават бачыла ноты гэтага канцэрту. Такім чынам яна магла паслухаць унутраным слыхам, што гэта за твор Вольгі Падгайскай, пачытаць верш Андрэя Хадановіча.

«Можам казаць, што гэта посьпех»

— Віталь, раскажы, як ты атрымаў запрашэньне паставіць опэру ў мілянскім тэатры Ля Скаля?

— Так атрымалася, што больш за два гады я дастаткова часта працую ў Італіі. Летась я выйграў адзін з найбуйнейшых дырыгенцкіх конкурсаў — конкурс Артура Тасканіні. З таго часу пра мяне даведаліся ў опэрных тэатрах, сымфанічных аркестрах Італіі, і таму мяне запрасілі зрабіць гэтую пастаноўку.

— Я так разумею, што ты дырыгент-пастаноўшчык гэтай опэры...

— Так. Музычная пастаноўка, праца з аркестрам, са сьпевакамі, з хорам, праца з рэжысэрскай камандай — гэта ўсё была мая праца.

— Як прайшла прэм’ера? Якая была рэакцыя публікі, крытыкаў, калегаў?

— Вельмі добра. Была абсалютна поўная заля, было некалькі іншых прэм’ерных спэктакляў, і заўсёды была поўная заля. У Міляне дзьве тысячы месцаў у опэрным тэатры Ля Скаля. Гэта вельмі прыемна.

Мне здаецца, гэта была важная імпрэза для мілянцаў. Па аплядысмэнтах мы чулі, што ўсё добра. І крытыкі, і музыкі, і дырэкцыя тэатру, і ўсе калегі былі задаволеныя. Мы вельмі рады і можам казаць, што гэта посьпех.

— Як доўга ў мілянскім тэатры будзе ісьці «Маленькі прынц»?

— Са мной будзе ісьці восем разоў, пасьля будуць паказваць яе пятнаццаць, можа, дваццаць разоў, але ўжо зь мясцовымі дырыгентамі Ля Скаля. А я паеду далей. Я ўжо зрабіў сваю працу, паставіў яе музычна, правёў першыя паказы.

— Ці згадваюць пра сытуацыю ў Беларусі, гаворачы, пішучы пра тваю пастаноўку?

— Згадвалася толькі тое, што я беларускі дырыгент. Наўпрост не пісалі пра тое, што я беларус, што ў Беларусі зараз такая сытуацыя. Шчыра кажучы, у Італіі зараз ня ўсе ведаюць, што адбываецца ў Беларусі. І я б не назваў італьянцаў людзьмі, якія заўсёды цікавяцца сытуацыяй у Беларусі, мякка кажучы. Нават ня ўсе ведаюць дакладна, што адбываецца ва Ўкраіне. Я лічу, што вельмі важна, што кожны з нас, беларусаў, самім сабой нешта расказвае пра Беларусь. Можа, пра гэта не пісалі буйныя мэдыя, але я размаўляў зь дзясяткамі людзей пра Беларусь, пра Ўкраіну, пра ўсё тое, што адбываецца там апошнія гады.

«„Маленькі прынц“ актуальны заўсёды»

— Чаму «Маленькі прынц»? Чым гэты твор адметны для цябе асабіста? Чаму ён актуальны цяпер?

— «Маленькі прынц» актуальны заўсёды, таму што ён не зьвязаны зь ніякімі імгненнымі падзеямі. Ён зьвязаны з намі ўсімі. Сэнт-Экзюпэры напісаў яго за некалькі месяцаў да таго, як сам містычна загінуў. Гэта твор пра жыцьцё і сьмерць, пра каханьне, пра нашыя падарожжы з плянэты да плянэты, пра адносіны паміж людзьмі. Гэта ўсё на мастацкім ці на абстрактным узроўні вельмі актуальна для нас усіх. І каханьне з сымбалем ружы ці самота — гэта пра кожнага з нас. Усё гэта ёсьць у «Маленькім прынцу».

Я ўпершыню прачытаў гэтую кнігу ў 7 гадоў. Калі я прыйшоў у першую клясу ў горадзе Вялейка, мая клясная кіраўніца Лілія Іванаўна расказала пра гэты твор з такой любоўю, што ўжо тады, у 7 гадоў, я зразумеў, што гэта нешта неймавернае. І з тых часоў нічога не зьмянілася. Я люблю гэты твор і гэтую опэру. Гэтая опэра была напісаная на замову тэатру Ля Скаля. 15 кастрычніка адбылася сусьветная прэм’ера.

— Ёсьць балет «Маленькі прынц» беларускага кампазытара Яўгена Глебава. Працуючы над пастаноўкай опэры, ці адчуваў ты нейкую повязь з глебаўскім балетам, хоць гэта і розныя жанры?

— Так, гэта розныя жанры, яны блізкія тым, што знаходзяцца ў сьценах аднаго тэатру — што ў Менску, што ў Міляне. Але больш ёсьць адрозьненьняў, чым падабенстваў. Я магу сказаць, што музыка Глебава і музыка П’еранджэлё Вальтыноні (Pierangelo Valtinoni — італьянскі кампазытар, які напісаў опэру «Маленькі прынц» на замову Ля Скаля) у чымсьці падобная, што тычыцца розных фарбаў. Гэта ўсё ж казка Экзюпэры, казка для дарослых і таксама казка для дзяцей. І патрэбная вялікая колькасьць розных фарбаў, каб кожны пэрсанаж неяк сабе мог музычна паказаць. І ў гэтай опэры шмат цікавых рэчаў. Ня буду гаварыць спэцыяльнымі музычнымі тэрмінамі, але некаторыя падабенствы я знайшоў, але ўсё больш розьніцы.

«5–6 гадоў амаль кожны месяц я бываў ва Ўкраіне»

— Мы з табой апошні раз размаўлялі ў сакавіку 2021 году пасьля выхаду тваёй кнігі пра беларускія пратэсты «Белыя дні Менску» па-нямецку. Ведаю, што шмат чаго зьмянілася за гэты час у тваёй музычнай карʼеры, і шмат чаго было зьвязана з Украінай. Раскажы, калі ласка, пра гэта.

— Апошнія некалькі гадоў абсалютна зьмянілі маё жыцьцё. Ня толькі маё, але жыцьцё мільёнаў людзей у Беларусі, Украіне, іншых краінах. Так, я напісаў кнігу пра наша беларускае лета 2020 году, таму што я быў у жніўні ў Менску і бачыў усё сам. Гэта маё сьведчаньне, якое я напісаў на нямецкай мове для немцаў, каб яны больш зразумелі, што такое Беларусь, хто такія беларусы. Гэта сьведчаньне гвалту, які рабіў беларускі рэжым, і гэта сьведчаньне любові і салідарнасьці, якімі мы пачалі дзяліцца адзін з адным самае позьняе зь лета 2020 году.

Нягледзячы на тое, што адбывалася і адбываецца апошнія два гады, мне падаецца, шмат з той салідарнасьці і любові яшчэ засталося. І вельмі важна для мяне, што гэтае сьведчаньне засталося і для немцаў, і для нас усіх.

Украінская сытуацыя зараз зьмяніла ўвесь кантэкст. Я артыстычны дырэктар музычнага фэстывалю ў Харкаве. Харкаў — адзін з гарадоў, якія найбольш трапілі пад гэтую вайну, на жаль. На пачатку вайны, увесну 2022-га, мы ў Харкаве зрабілі чатыры канцэрты ў бункерах, у шпіталях, у мэтро, дзе па 2–3 тыдні ўжо жылі людзі. Там было 300–400 чалавек, і нашыя музыкі для іх гралі. Гэта было нешта вельмі моцнае.

Канечне, я зьвязаны з Украінай. 5–6 гадоў амаль кожны месяц я бываў ва Ўкраіне. Зараз такая сытуацыя, што і Беларусь, наша радзіма, і Ўкраіна, мая другая радзіма, сталі нейкімі «тэрыторыямі нон грата», куды немагчыма прыехаць. Канечне, на мастацкім узроўні, на чалавечым узроўні я спрабую далей гэтую тэму разьвіваць.

«Гэты твор прысьвечаны Марыі Калесьнікавай і ў яе асобе ўсім палітзьняволеным Беларусі»

— Я хацела пагаварыць пра салідарнасьць музыкаў, пра сумесныя творчыя праекты ў падтрымку беларускіх палітвязьняў, у падтрымку Марыі Калесьнікавай, такія як «Неба Марыі» на музыку беларускай кампазытаркі Вольгі Падгайскай, якая прайшла ў Боне. Раскажы пра гэта і пра іншыя праявы салідарнасьці музыкаў.

— Я дырыжор, я музыка, я прадстаўнік клясычнай музыкі. Шчыра кажучы, клясычная музыка ня так наўпрост зьвязаная з грамадзянскай пазыцыяй, з пратэстамі ў Беларусі ці з вайной ва Ўкраіне. І нам гэта не падабаецца. Я спрабаваў, спрабую і буду спрабаваць камбінаваць мастацтва, клясычную музыку, музыку ўвогуле з тым, што адбываецца зараз на нашых радзімах.

Гэты праект на Бэтховэнскім фэстывалі ў Боне — адзін з найбольш дарагіх, дзе моманты нашага беларускага жыцьця і вайны ва Ўкраіне можна было неяк зьмяшаць з мастацтвам. Вольга Падгайская напісала на замову Бэтховэнскага фэстывалю і DW вельмі моцны твор, у ім выконваецца верш Андрэя Хадановіча, які ён напісаў спэцыяльна для гэтага фэстывалю.

Гэты твор прысьвечаны Марыі Калесьнікавай і ў яе асобе ўсім палітзьняволеным Беларусі. Там удзельнічаў і «Вольны хор». Гэта людзі, якіх я пазнаў у жніўні 2020 году на вуліцах Менску, зь якімі я разам сьпяваў.

Было цікава паказаць нямецкаму гледачу ці слухачу, што такое беларуская культура ўвогуле, што такое беларуская пратэставая культура, што такое людзі, якія пакутуюць ужо столькі гадоў у Беларусі.

Немцы гэтага, на жаль ці на шчасьце, ня ведаюць. Яны ня ведаюць узроўню тых эмоцый, якія мы, беларусы, перажываем кожны дзень. Праз мастацтва мы спрабуем гэты ўзровень эмоцый і ідэй паказваць.

— Ці даведалася Марыя Калесьнікава пра гэты канцэрт?

— Даведалася. Маша нават бачыла ноты гэтага канцэрту. Такім чынам яна магла паслухаць унутраным слыхам, што гэта за твор, пачытаць верш. Мы рабілі і раней канцэрты, прысьвечаныя Марыі, на Людвігсбурскім фэстывалі каля Штутгарта і ў іншых месцах. Маша ведала пра ўсе гэтыя канцэрты, мы атрымлівалі ад яе словы падзякі. Яна казала, што гэта ёй дапамагае. Для нас вельмі важна ведаць, што Маша нас чуе і што сьвет чуе Машу.

«Мы ня можам спыніць гэтую вайну, але можам зьмяніць думкі вялікай колькасьці людзей»

— Ты гаварыў пра тое, што ў Італіі людзі няшмат ведаюць пра тое, што адбываецца ў Беларусі і нават ва Ўкраіне. Ці часта даводзіцца тлумачыць, што рэжым і беларусы — гэта розныя рэчы, што ўдзел уладаў Беларусі ў вайне і стаўленьне большасьці беларусаў да вайны — розныя рэчы? Ці даводзіцца апраўдвацца, што ты беларус, што ў цябе ёсьць беларускі пашпарт, і ты супраць вайны, салідарны з Украінай і зь беларускімі палітвязьнямі?

— Мне здаецца, што мне не прыходзіцца апраўдвацца, таму што мая пазыцыя зразумелая за некалькі гадоў. Людзі ведаюць, хто я, што я думаю і адчуваю. На пачатку вайны было шмат гістэрыі, некаторыя мае ўкраінскія сябры казалі і пісалі, што я і іншыя беларусы павінны зараз спыніць гэтую вайну. Канечне, гэта таксама праўда, але гэта вельмі абсурдна. Гэта немагчыма зрабіць мне ці нейкім беларусам, якія знаходзяцца не ў Беларусі нават.

Мы робім тое, што можам. На жаль, мы ня можам спыніць гэтую вайну, але можам зьмяніць думкі вялікай колькасьці людзей. На мастацкім узроўні я спрабую рабіць тое, што магу.

Абвінавачаньні, якія былі на пачатку вайны, таксама спыніліся. Зараз я нічога такога не адчуваю, але ведаю, што ў краінах, больш зьвязаных з Украінай, такія абвінавачаньні чулі і чуюць зараз некаторыя мае знаёмыя. І мне гэта не падабаецца. Трэба ведаць усім, грамадзянскай супольнасьці ва ўсім сьвеце, што беларусы, якія падтрымалі зьмены ў дэмакратычным руху сваёй краіны, і рэжым Лукашэнкі — гэта розныя рэчы.

— Што табе найбольш баліць цяпер?

— Мне баліць усё, што адбываецца зь беларускімі палітвязьнямі, усё, што адбываецца з украінскім народам. Усе зараз пакутуюць. І Беларусь, і Ўкраіна — гэта ахвяры постсавецкага рэжыму, прадстаўнікамі якога зьяўляюцца Лукашэнка і Пуцін. Гэта старая сыстэма, якая спрабуе ўсё мінулае захаваць, зрабіць новы маўзалей мінулых думак, мінулага гвалту. Яны выкарыстоўваюць мову гвалту, і гэты гвалт баліць нам усім. І нам трэба змагацца супраць гэтага гвалту.

— Што дае табе аптымізм?

— Аптымізм дае тое, што нас багата, як кажуць ва Ўкраіне. Нас шмат, і разам мы можам зрабіць вельмі шмат дужа крутых рэчаў. Кожны з нас можа зрабіць штосьці важнае. Я бачу падтрымку гэтай думкі кожны дзень у беларусах, ва ўкраінцах, у людзях іншых нацыянальнасьцяў. Разам мы можам зьмяніць гэты сьвет.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG