Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Праз столькі год працы ён змог захаваць чулае сэрца». Праваабаронца Валянцін Стэфановіч сустракае 50-гадовы юбілей за кратамі


Валянцін Стэфановіч. Архіўнае фота
Валянцін Стэфановіч. Архіўнае фота

Марыў стаць лясьнічым, мараком, адвакатам — стаў праваабаронцам

14 кастрычніка спаўняецца 50 гадоў праваабаронцу «Вясны» Валянціну Стэфановічу. Свой юбілей ён сустракае за кратамі. «Хай улады мяне лічаць кантрабандыстам, але ёсьць шмат людзей, каму я дапамог, і я гэтым ганаруся», — напісаў ён з «Валадаркі».

Дапамагаў Валянцін Стэфановіч ня толькі «палітычным». Ён шмат працаваў зь людзьмі, якіх асуджалі да сьмяротнага пакараньня. У 1990-я да вышэйшай меры — пакараньня сьмерцю — асуджалі да 40 чалавек у год, тэма была актуальная надзвычай.

Знаёмыя і сябры расказалі пра Валянціна напярэдадні ягонага юбілею.

Марыў стаць лясьнічым, мараком, машыністам, адвакатам

Нарадзіўся Валянцін Стэфановіч у Менску. Назвалі яго ў гонар бабулі па матчынай лініі Валянціны Сухаржэўскай. Маці Антаніна таксама нарадзілася ў Менску, але паходзіць зь Сібіру. Знаёмыя сям’і расказваюць, што ў спадарыні Антаніны яркая азіяцкая зьнешнасьць, таму зь яе часьцяком насьміхаліся: маўляў, «едзь у Кітай да свайго бацькі Мао Цзэдуна». Ня дзіва, што Валянцін зь дзяцінства ўжо не цярпеў ніякіх праяваў расізму. Бацька Кастусь родам з Глуску, што на Магілёўшчыне.

Бацькі вучыліся ў Менскім архітэктурным тэхнікуме. Кастусь стаў будаўніком, аб’езьдзіў амаль увесь Савецкі Саюз, а Антаніна працавала інжынэрам у праектным інстытуце.

У дзяцінстве Валянцін марыў стаць лясьнічым, мараком і нават машыністам цягніка. А бацькі хацелі, каб сын стаў інжынэрам.

Сам Валянцін прызнаваўся, што канец 1980-х найбольш паўплываў на ягоную сьвядомасьць.

«Перабудова, разбурэньне камуністычнай ідэалягічнай сыстэмы. Мы, тагачасныя падлеткі, досыць цынічна ставіліся да ўсяго савецкага, бо ня верылі больш у камуністычныя догмы, і адкрыта зьдзекаваліся з савецкіх „сьвятынь“», — казаў ён.

«Каб Валянцін ня стаў праваабаронцам, зь яго атрымаўся б выдатны дыджэй»

У 1980–1990-я Валянцін Стэфановіч сур’ёзна захапіўся музыкай. Тады слухаў рок-гурты «Кіно», «ДДТ», «Алісу».

«Каб Валянцін ня стаў праваабаронцам, зь яго атрымаўся б выбітны дыджэй. Усё жыцьцё ён захапляецца музыкай», — кажа жонка Стэфановіча Аліна.

Валянцін Стэфановіч разам зь сям'ёй
Валянцін Стэфановіч разам зь сям'ёй

Насуперак тагачасным парадкам, Валянцін сьвядома адмовіўся ўступаць у камсамол. Насіў доўгія валасы. Як і ўсіх савецкіх юнакоў, яго прызвалі служыць у войска: забралі яшчэ ў СССР, а вяртаўся ён ужо ў незалежную Беларусь. Служыў у Лідзе.

Пасьля войска паступіў у Інстытут міжнародных працоўных адносін. Падчас вучобы марыў стаць адвакатам. Практыку праходзіў у пракуратуры. Пасьля травеньскага рэфэрэндуму 1995 году прыняў рашэньне не ісьці на дзяржаўную службу. А інстытут скончыў з чырвоным дыплёмам.

«Ты павінен дапамагаць людзям, а не праціраць штаны ў кабінэце на заводзе»

Пасьля заканчэньня ВНУ Валянцін працаваў юрыстам на Менскім падшыпнікавым заводзе. Прыйшоў у грамадзкую прыёмную праваабарончага цэнтру «Вясна», які быў створаны ў 1996-м. Старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі заўважыў маладога юрыста, прынцыповага, упартага. «Валік, ты граматны, дасьведчаны юрыст, таму павінен дапамагаць людзям, а не праціраць штаны ў кабінэце на заводзе», — сказаў тады Алесь Бяляцкі.

«У „Вясьне“ мы прымалі людзей з рознымі праблемамі, дапамагалі пісаць скаргі, выступалі на працэсах як грамадзкія абаронцы (тады гэта дазвалялася законам). Памятаю, выступалі абаронцамі нават у крымінальных працэсах. Напрыклад, дапамаглі апраўдаць Уладзімера Плешчанку, якога абвінавачвалі ў тым, што ён у Віцебску скраў бюст Суворава», — узгадваў Валянцін пра праваабаронцаў у 1990-я гады.

"Вясноўцы" Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзь Лабковіч на адным з жнівенскіх маршаў у жніўні 2020
"Вясноўцы" Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзь Лабковіч на адным з жнівенскіх маршаў у жніўні 2020

Валянцін тады прайшоў школу «Маладога фронту», дзе сустрэў сваю жонку Аліну. Яна перакладчыца, выпускніца Лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Цяпер у пары трое дзяцей.

Валянцін Стэфановіч фактычна ўзяў на сябе кіраўніцтва «Вясной» у 2011 годзе, калі арыштавалі і асудзілі на 4,5 года старшыню праваабарончага цэнтру Алеся Бяляцкага.

У 2012 годзе ён трапіў у «чорныя сьпісы» тых, каго не выпускалі за мяжу. Падстава была абсурдная — нібыта праз праблемы з войскам, хоць Валянцін на той момант ужо 20 гадоў як адслужыў.

«Гэта толькі звонку здаецца, што мы заўсёды спакойныя і нармальна на ўсё рэагуем. Насамрэч гэта ня так», — казаў пра псыхалягічны цяжар сваёй працы Стэфановіч.

«Для Валіка найгалоўнейшае — гэта сям’я»

Пасьля выхаду з турмы Алеся Бяляцкага «Вясна» працягвае працаваць. Да праваабаронцаў далучыліся дзясяткі маладых людзей, якія сталі валянтэрамі, набіраліся досьведу ад старэйшых. Дар’я Рублеўская — адна зь іх.

Дар’я Рублеўская
Дар’я Рублеўская

«Валянцін — вельмі дасьведчаны юрыст, які навучыў мяне глядзець на многія „звычайныя і незвычайныя“ моманты пад іншым вуглом: напрыклад, на тэму сьмяротнага пакараньня. Дарэчы, ён у лістах дагэтуль разважае пра важныя падзеі ў сфэры праваабароны і нават навучае ў СІЗА сукамэрнікаў канцэпцыі правоў чалавека.

Я нават не ўяўляю, як праз столькі год працы Валянцін змог захаваць такое чулае сэрца, такую эмпатыю! Гэта сапраўды цуд і, упэўнена, немалая праца над сабой», — разважае Дар’я.

Яна ўзгадвае, што вельмі любіла размовы Валянціна на офіснай кухні — пра прыгоды іх сямейных катоў і тое, якія посьпехі робяць ягоныя дзеці.

«Ён проста сьвяціўся, калі расказваў гэта! Заўважна, што для Валіка найгалоўнейшае — гэта сям’я, і я шчыра зычу яму сустрэць наступныя народзіны ў коле блізкіх сваякоў».

«Нават за кратамі Валянцін застаецца па-сапраўднаму вольным чалавекам»

Маладая калега Стэфановіча Наста Васільчук кажа, што ёй вельмі не хапае старэйшага таварыша.

Наста Васільчук
Наста Васільчук

«Наколькі ён прынцыповы, незалежны і просталінейны ў сваёй праваабарончай дзейнасьці, настолькі ён добры, шчыры і эмпатычны чалавек са сваімі блізкімі і сябрамі.

За некалькі месяцаў да затрыманьня ён мне часьцяком казаў, што прадчувае затрыманьне і рыхтуецца да яго. Я, спрабуючы падтрымаць, казала, што ўсё будзе добра.

У ліпені мінулага году ён неяк сказаў, што мы, вясноўцы, абавязкова сустрэнемся ўсе разам восеньню. А я няўдала пажартавала: „Як так, цябе ж пасадзяць“. На што ён упэўнена адказаў, што не, цяпер ён так ня думае і ён будзе на волі. Празь некалькі дзён яго затрымалі», — з сумам і жалем узгадвае Настасься.

Цяпер Валянціну пагражае вялікі тэрмін зьняволеньня.

«Вельмі заклікаю падтрымаць яго лістамі і паштоўкамі, і, магчыма, вы атрымаеце ў адказ яго ліст, які будзе як глыток сьвежага паветра. Бо нават за кратамі ён застаецца па-сапраўднаму вольным чалавекам. Бо яго ўнутраную свабоду забіць не атрымалася», — перакананая Настасься Васільчук.

«Гэта эталён праваабаронцы»

14 ліпеня 2021 году фактычна адбыўся разгром праваабарончага цэнтру «Вясна». Сілавікі прыйшлі зь ператрусамі ў офіс і дадому да Валянціна Стэфановіча, Алеся Бяляцкага, Уладзімера Лабковіча і іншых. Шасьцёра «вясноўцаў» цяпер за кратамі.

Праваабаронца Марфа Рабкова асуджаная на 15 гадоў турмы. Валянтэр Андрэй Чапюк — на 6 гадоў, гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка — на 3 гады. Стэфановічу, Бяляцкаму, Лабковічу пагражае да 12 гадоў калёніі.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак знае Стэфановіча ўжо амаль чвэрць стагодзьдзя.

Архіўнае фота
Архіўнае фота

«Валянцін Стэфановіч у маім разуменьні — гэта эталён праваабаронцы. Ён спалучае чалавечыя якасьці і гарачае сэрца: можа, з аднаго боку, быць вельмі суровым, патрабавальным, і ў той жа час ён такі рамантык у душы!

Гэта абуральна, што праваабаронцам выстаўляюць такія абсурдныя абвінавачаньні. Гэта незаконна, несправядліва. Я вельмі хачу пабачыць усіх іх на свабодзе як мага хутчэй.

Нобэлеўская прэмія міру, якой нядаўна цалкам заслужана ўзнагародзілі старшыню „Вясны“ Алеся Бяляцкага, належыць усім вясноўцам, і Валянціну Стэфановічу таксама», — перакананы калега, старшыня БХК Алег Гулак.


Праваабаронцы за кратамі

  • Праваабаронца і намесьнік старшыні ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч, старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч утрымліваюцца за кратамі ў СІЗА-1 ужо больш за год. Пры канцы верасьня 2022 году праваабаронцам выставілі новыя абвінавачаньні.
  • Іх абвінавачваюць у незаконным перамяшчэньні праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай (ч. 4 арт. 228 КК); фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 2 арт. 342 КК).
  • Ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG