Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Свабода прыйдзе». Расейскі палітвязень Навальны з ШЫЗА павіншаваў з Нобэлеўскай прэміяй міру палітвязьня Бяляцкага


Аляксей Навальны
Аляксей Навальны

Зьняволены расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны перадаў віншаваньні «ўсяму беларускаму народу, замкнёнаму сваёй уладай у адно вялізнае ШЫЗА».

Аляксей Навальны, які зараз знаходзіцца ў папраўчай калёніі №6 Уладзімерскай вобласьці, павіншаваў усіх ляўрэатаў сёлетняй Нобэлеўскай прэміі міру, у тым ліку ўвесь беларускі народ.

«Мае віншаваньні Алесю Бяляцкаму, беларускай „Вясьне“ і ўсяму беларускаму народу, закрытаму сваёй уладай у адно вялізнае ШЫЗА. Свабода прыйдзе, і вясна прыйдзе», — напісаў Навальны, якога ўчора ў шосты раз за два месяцы зьмясцілі ў ШЫЗА.

7 кастрычніка Нобэлеўскі камітэт абвясьціў аб прысуджэньни прэміі беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, а таксама праваабарончым арганізацыям «Мемориал» (Расея) і «Центр громадянських свобод» (Украіна) з наступнай фармулёўкай:

«Ляўрэаты прэміі міру прадстаўляюць грамадзянскую супольнасьць у сваіх краінах. Яны на працягу многіх гадоў прасоўвалі права крытыкаваць уладу і абараняць асноўныя правы грамадзян. Яны прыклалі выдатныя намаганьні для дакумэнтаваньня ваенных злачынстваў, парушэньняў. правоў чалавека і злоўжываньняў ўладай. Разам яны дэманструюць значэньне грамадзянскай супольнасьці для міру і дэмакратыі».

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Цяпер ён у СІЗА № 1 — на «Валадарцы» — разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.

XS
SM
MD
LG