Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі заявіў, што не заклікаў да ваеннага ўдару па Расеі


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што не заклікаў NATO наносіць па Расеі «прэвэнтыўныя ўдары», а гаварыў пра больш жорсткія санкцыі супраць Масквы з мэтай не дапусьціць ужыцьця ёю ядзернай зброі супраць Украіны. Пра гэта ён сказаў у інтэрвію Бі-Бі-Сі.

Паводле Зяленскага, яго выказваньне, зробленае ў чацьвер падчас адказаў на пытаньні пасьля выступу па відэасувязі на мерапрыемстве ў аўстралійскім Інстытуце Лоўі, было не зусім карэктна перакладзенае, і ён не гаварыў пра прэвэнтыўнае ўжыцьцё ваеннай сілы супраць Расеі. «Расея выкарыстала гэты пераклад па-свойму, для сваёй карысьці»,— адзначыў прэзыдэнт Украіны.

Зяленскі ў сваім выступе, кажучы па-ўкраінску, ужыў выраз «прэвэнтыўныя ўдары». Пры гэтым ён казаў пра іх у кантэксьце прапановаў увесьці санкцыі, зь якімі ён выступаў у лютым, да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Даслоўна цытата гучыць так: «Што павінна рабіць NATO? Выключыць магчымасьць ужыцьця Расеяй ядзернай зброі. Але што важна, я яшчэ раз зьвяртаюся да міжнароднай супольнасьці, як гэта было да 24 лютага: прэвэнтыўныя ўдары, каб яны ведалі, што зь імі будзе, калі ўжывуць. А не наадварот — чакаць ядзерных удараў Расеі, каб потым сказаць: „Ах, ты так, ну, вось трымай ад нас!“ Перагледзець ужыцьцё свайго ціску, парадак ужыцьця».

Гэтае выказваньне рэзка скрытыкавалі прадстаўнікі Расеі — ад прэс-сакратара Крамля Дзьмітрыя Пяскова да кіраўніка МЗС Сяргея Лаўрова. Яны сьцьвярджаюць, што Зяленскі заклікаў да прэвэнтыўнага ядзернага ўдару па Расеі. Паводле Пяскова, словы ўкраінскага прэзыдэнта сталі пацьвярджэньнем правамернасьці рашэньня Ўладзіміра Пуціна пачаць так званую спэцаперацыю, гэта значыць ўварваньне ва Ўкраіну.

Прэс-сакратар Зяленскага ўжо напярэдадні заявіў, што прэзыдэнт Украіны ня меў на ўвазе ўжыцьцё ваеннай сілы супраць Расеі. Краіны Захаду абмежаваліся камэнтаром аб тым, што выступаюць супраць выкарыстаньня ядзернай зброі ў любым кантэксьце.

У інтэрвію Бі-Бі-Сі Зяленскі зноў закрануў ядзерныя пагрозы з боку Расеі, адзначыўшы, што сусьветная супольнасьць павінна зрабіць ціск на Расею, каб яна адмовілася ад плянаў выкарыстоўваць ядзерную зброю супраць Украіны, калі яны ў Масквы ёсьць. Аб ядзернай пагрозе ён згадаў таксама ў сувязі з сытуацыяй з Запароскай АЭС, на якой разьмешчаныя расейскія войскі. Ён заклікаў увесьці супраць Расеі новыя санкцыі, каб прымусіць яе вывесьці войскі.

Прэзыдэнт Расеі 5 кастрычніка падпісаў указ аб перадачы АЭС у расейскую ўласнасьць. Яна знаходзіцца на тэрыторыі, якую Масква абвясьціла сваёй, заявіўшы аб анэксіі Запароскай вобласьці.

  • З пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін неаднаразова намякаў на магчымасьць ужыцьця ядзернай зброі. Так, у сваёй прамове наконт абвяшчэньня мабілізацыі ён заявіў, што Расея гатовая выкарыстоўваць «усе наяўныя сродкі», калі ўзьнікне пагроза «тэрытарыяльнай цэласьці краіны». Пры гэтым Расея нядаўна заявіла аб анэксіі чатырох украінскіх рэгіёнаў.
  • Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн на выступе на Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку абвінаваціў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў «непрыкрытых ядзерных пагрозах на адрас +ўропы» і грэбаваньні абавязкамі па нераспаўсюджаньні ядзернай зброі. Дарадца прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джэйк Салівэн заяўляў, што Масква сутыкнецца з «катастрафічнымі наступствамі», калі ўжыве ядзерную зброю супраць Украіны.
  • Напярэдадні Байдэн зноў выступіў з перасьцярогай, заявіўшы пра тое, што «ядзерны Армагедон» цяпер, магчыма, гэтак сама блізкі, як у 1962 годзе, падчас Карыбскага крызісу. У Белым Доме заявілі, што адміністрацыя ЗША пакуль ня бачыць прыкметаў падрыхтоўкі Расеі да ядзернага ўдару.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG