Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працаваў опэрам, быў пад крымінальнай справай. Што вядома пра новага міністра прамысловасьці Аляксандра Рагожніка


Аляксандар Рагожнік
Аляксандар Рагожнік

46-гадовы Аляксандар Рагожнік стаў дзявятым міністрам прамысловасьці за часы кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. На гэтай пасадзе Рагожнік зьмяніў Пятра Пархомчыка, які пайшоў на павышэньне ў крэсла віцэ-прэм’ера.

Да гэтага часу Рагожнік быў генэральным дырэктарам «Менскага маторнага заводу». Свабода паглядзела, што вядома пра чыноўніка.

Афіцыйнае месца нараджэньня міністра — Гомель. Але, паводле нашых крыніц, сям’я ў гэтым абласным цэнтры не жыве вельмі даўно, усе перабраліся ў Менск.

«Аляксандар зь няпростай сям’і», — сказалі Свабодзе.

Справа ў тым, што бацька чыноўніка Мікалай Рагожнік у свой час быў дырэктарам унітарнага прадпрыемства «Горзаб», што ў падпарадкаваньні Менгарвыканкаму.

«Новы дырэктар УП „Горзаб“ Рагожнік у вельмі цяжкім становішчы. „Вешаць“ на сябе ўсю адказнасьць за камэрцыйную дзейнасьць сваіх папярэднікаў у сытуацыі чарговага „антыкарупцыйнага абвастрэньня“ ў вярхах вельмі небясьпечна. Але і пляну выхаду з крызісу не падрыхтавана», — пісаў у 2003 годзе ў «Белгазеце» Яраслаў Раманчук.

У 2006 годзе Мікалай Рагожнік узначальвае прыватнае прадпрыемства «Амкадор-Белвар», якое займаецца вытворчасьцю радыёвымяральнай апаратуры, мэдычных прыбораў, батарэй і бытавой тэхнікі. Гэтае прадпрыемства паўстала на базе колішняга «Менскага прыборабудаўнічага заводу».

Бацька новага міністра цяпер на пэнсіі, але па сёньня наведвае розныя ўрачыстыя сходы з нагоды юбілею таго ці іншага прадпрыемства.

Малодшага брата Аляксандра Рагожніка таксама завуць Мікалай, як і бацьку. Брат маладзейшы, яму 39 гадоў. У 2020 годзе Мікалая Рагожніка-малодшага прызначылі намесьнікам дырэктара Дэпартамэнту прамысловай палітыкі Эўразійскай эканамічнай камісіі.

Мікалай Рагожнік папрацаваў у апараце Савету міністраў, дзе курыраваў прамысловасьць. Увесь 2014 год адпрацаваў у «Беллеспаперпрамэкспарце» дырэктарам. Ад 2014 да 2017 году быў намесьнікам старшыні «Беллегпраму». А з 2017 да 2020 году ўзначальваў Упраўленьне разьвіцьця вытворчага патэнцыялу ў Адміністрацыі прэзыдэнта.

Акаўнт Мікалая Рагожніка-малодшага ў інстаграме закрыты. Адметна, што на аватарцы ў яго стаіць карабель з расейскім сьцягам. Таксама брат міністра зарэгістраваны ў сацсетцы «Мой мир», там ужо фота дзяржаўнага чырвона-зялёнага сьцяга.

Што тычыцца самога міністра, то ён скончыў Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Бухгальтарскі ўлік». Потым праходзіў службу ва ўнутраных войсках.

У 1998-1999 гадах Рагожнік нядоўга папрацаваў міліцыянтам, ён быў опэрам у Партызанскім РУУСе Менску, сышоў па ўласным жаданьні. Пасьля гэта перайшоў на працу інспэктарам аддзелу на Гомельскай мытні.

У 2005 годзе супраць Рагожніка завялі крымінальную справу, гэтымі зьвесткамі са Свабодай падзяліліся «Кібэрпартызаны». Прадпрыемства «Герпласт» (займаліся цеплаізаляцыяй), якое ўзначальваў Рагожнік, атрымала крэдыт ад «Парытэтбанку» ў памеры 50 мільёнаў беларускіх рублёў (па тагачасным курсе больш за 23 тысячы даляраў). Крэдыт быў атрымаў па падробных дакумэнтах. Адбыўся суд, на якім будучы міністар не атрымаў турэмнага тэрміну, бо ў базе няма зьвестак.

Аляксандар Рагожнік папрацаваў у Міністэрстве энэргетыкі, у Адміністрацыі Ленінскага раёну Менску. Ад 2011 да 2018 году ўзначальваў прадпрыемства «Оптаэлектронныя сыстэмы». У 2018 стаў генэральным дырэктарам Менскага маторнага заводу. На апошнім месцы працы часта зьяўляўся на фатаздымках разам з тагачаснымі міністрам прамысловасьці Пятром Пархомчыкам і віцэ-прэм’ерам Юрыем Назаравым.

У 2021 годзе Рагожнік атрымаў дзяржаўную прэмію за дасягненьні ў галіне якасьці. Ключавым рынкам на пачатку 2022 году для свайго заводу Рагожнік называў Расею. Але пры гэтым адзначаў, што пастаўкі ва Ўкраіну цягам 2021 году ўзрасьлі ў 1,6 раза.

«Няхай баяцца санкцый тыя, хто іх прыдумляе», — казаў ён дзяржаўнаму агенцтву БелТА.

Што да асабістага жыцьця, то Аляксандар Рагожнік жанаты другі раз. Ад першага шлюбу ў яго ёсьць ужо дарослая дачка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG