Украіна апублікавала рашэньне аб немагчымасьці перамоў зь цяперашнім кіраўніком Расеі Пуціным

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Кіеў, кастрычнік 2022
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Кіеў, кастрычнік 2022

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, у якім канстатуецца «немагчымасьць правядзеньня перамоў з прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімірам Пуціным».

Адпаведны ўказ апублікаваны на афіцыйным сайце ўкраінскага прэзыдэнта.

Рашэньне, ухваленае на пасяджэньні 30 верасьня, якое набыло моц сёньня, стала адказам Украіны на спробу Расеі анэксаваць акупаваныя расейскімі войскамі ўкраінскія тэрыторыі.

У дакумэнце таксама адзначаецца пра ўхваленьне супольнага звароту прэзыдэнта, кіраўніка Вярхоўнай Рады і прэм’ер-міністра Ўкраіны да Арганізацыі Паўночнаатлянтычнага дагавору.

30 верасьня Ўладзімір Зяленскі заявіў аб падачы Ўкраінай заяўкі на ўступ у NATO паводле паскоранай працэдуры.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім звароце 30 верасьня пасьля пасяджэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны заявіў, што Ўкраіна была і застаецца лідэрам у перамоўных намаганьнях.

«Менавіта наша дзяржава заўсёды прапаноўвала Расеі дамовіцца аб суіснаваньні на роўных, сумленных, годных і справядлівых умовах. Падобна, што з гэтым расейскім прэзыдэнтам гэта немагчыма. Ён ня ведае, што такое годнасьць і сумленнасьць. Таму мы гатовыя да дыялёгу з Расеяй, але ўжо зь іншым прэзыдэнтам Расеі», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

​
XS
SM
MD
LG