Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дэфэктная незалежнасьць». Пра што гавораць на Кангрэсе беларусістаў у Коўне


На Кангрэсе беларусістаў у Коўне, 30 верасьня 2022
На Кангрэсе беларусістаў у Коўне, 30 верасьня 2022

Некалькі сотняў чалавек фізычна і онлайн сабраліся на Кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі, які праходзіць у літоўскім Коўне. Імпрэзу традыцыйна прымае ковенскі Ўнівэрсытэт Вітаўта Вялікага.

Унікальнасьць сёлетняга Кангрэсу ў тым, што на ім як ніколі шмат абмяркоўваюць актуальныя падзеі ў краіне і рэгіёне. Ня дзіва, што асабліва шмат тэмаў і дакладаў было прысьвечана вайне ва Ўкраіне, а таксама далейшаму стану беларуска-ўкраінскіх адносін.

Стэнд, прысьвечаны беларускім палітвязьням, на Кангрэсе
Стэнд, прысьвечаны беларускім палітвязьням, на Кангрэсе

«Перастала быць прагназаванай»

«Раней на пытаньне, што адбываецца ў Беларусі, я мог задумацца, а цяпер задумваесься, з чаго пачаць», — іранічна заўважыў адзін з арганізатараў мерапрыемства, дырэктар Інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч. Паседжаньне панэлі аб адносінах Беларусі і Ўкраіны ва ўмовах вайны адбывалася акурат падчас выступу Ўладзіміра Пуціна ў Маскве.

Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

Беларускі аналітык Ігар Тышкевіч з Украінскага інстытуту будучыні гаварыў пра тое, што Лукашэнка перастаў быць для Ўкраіны прагназаваным партнэрам, а сьледам Беларусь стала прамой небясьпекай для Ўкраіны.

Аналітык перакананы, што незалежна ад таго, хто далей будзе ва ўладзе — Лукашэнка, нехта зь ягонага атачэньня ці Ціханоўская, — Беларусі і Ўкраіне давядзецца прайсьці некалькі этапаў: найперш пытаньне ўзаемнай бясьпекі, потым прагназаванасьці, што не прывядзе аўтаматычна да аднаўленьня гандлю, а ўжо потым можна будзе гаварыць пра аднаўленьне стасункаў.

«Для Ўкраіны не стаіць пытаньне зьмены ўлады ў Беларусі», — перакананы Тышкевіч.

Ігар Тышкевіч
Ігар Тышкевіч

«Могуць разьвярнуць зброю супраць Лукашэнкі»

Украінскі палітоляг Яўген Магда з Інстытуту сусьветнай палітыкі заўважае, што Беларусь і Ўкраіна глядзяць адна на адну праз прызму стэрэатыпаў, і ў кожнай зь дзьвюх гэтых краін людзі вельмі мала ведаюць пра суседнюю.

«Калі Беларусь уступіць у вайну, то гэта прывядзе да інтэрнацыяналізацыі і пашырэньня вайны, што адпавядае інтарэсам Расеі. Але гэта можа прывесьці да палітычнай сьмерці Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля такіх масавых пратэстаў, якія былі ў Беларусі ў 2020 годзе, раздаваць людзям зброю будзе проста небясьпечна, беларусы могуць проста разьвярнуць зброю супраць самога Лукашэнкі», — мяркуе Магда.

Яўген Магда
Яўген Магда

Палітоляг лічыць, што колькасьць ахвотных ваяваць супраць Украіны ў Беларусі нашмат меншая за колькасьць беларускага войска. Магда падкрэсьлівае, што для Лукашэнкі выключна небясьпечна прызнаваць далучэньне да Расеі рэгіёнаў Украіны, бо пасьля сытуацыя можа паўтарыцца з «Магілёўскай народнай рэспублікай» ці «Віцебскай народнай рэспублікай».

Падчас Кангрэсу, выступае палітоляг Валер Карбалевіч
Падчас Кангрэсу, выступае палітоляг Валер Карбалевіч

«Напружаньне можа яшчэ павысіцца»

Былы дырэктар Інстытуту сацыялёгіі Акадэміі навук Беларусі, а сёньня старшы дасьледчык Цэнтру новых ідэй Генадзь Коршунаў таксама мяркуе, што ёсьць шмат рацыянальных прычын, чаму Лукашэнка ня будзе праводзіць мабілізацыю ў краіне.

«У рэжыму разьвіты інстынкт замазахаваньня. Да апошняга моманту будуць адцягваць выкарыстаньне непасрэдна беларускай арміі ў вайне. Існуе вялікая напружанасьць у грамадзтве, гэта адчувае ў тым ліку рэжым. І ў выпадку ўцягваньня ў вайну напружаньне яшчэ павысіцца. Другі фактар — калі ў Беларусь пойдуць труны. Страты арміі будуць вялікія. Калі ваяваць будуць тыя, хто абараняў Лукашэнку ў 2020-м, то хто яго будзе абараняць далей? Таму рэжым да апошняга будзе чапляцца сінімі пальцамі, каб войска туды ня ўводзіць».
Генадзь Коршунаў
Генадзь Коршунаў

Пры гэтым Коршунаў падкрэсьлівае, што мы цяпер жывём у эпоху «чорных лебедзяў», таму прагназаваць нічога немагчыма, але нельга выключаць, што грамадзкі ўздым у будучыні можа зноў выліцца на вуліцы.

«Трэба чакаць „акна магчымасьцяў“, і ў той момант спадзявацца ня толькі на беларусаў унутры краіны, але і за яе межамі», — кажа Коршунаў.

Сацыяльны антраполяг Раман Урбановіч кажа, што яму не падабаюцца фармулёўкі пра страту незалежнасьці ці акупацыю Беларусі.

«Беларусь сёньня нагадвае Польшчу ці Чэхаславаччыну часоў „халоднай вайны“, хутчэй можна гаварыць пра такую „дэфэктную незалежнасьць“. Поўнай акупацыі няма. Лукашэнка пакуль што мае большае поле для манэўраў, чым губэрнатар Самарскай вобласьці», — кажа Ўрбановіч.

Раман Урбановіч
Раман Урбановіч

1 кастрычніка Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі працягнецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG