Дапаможам Украіне вярнуць анэксаваныя тэрыторыі, — Джо Байдэн
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у адмысловай заяве пасьля анэксіі Крамлём чатырох украінскіх рэгіёнаў адзначыў:
«Злучаныя Штаты заўсёды будуць паважаць міжнародна прызнаныя межы Ўкраіны. Мы працягнем падтрымліваць намаганьні Ўкраіны для вяртаньня кантролю над сваёй тэрыторыяй».
Ён запэўніў, што ЗША будуць працягваць пастаўкі Ўкраіне неабходнага ўзбраеньня, а Кангрэс прыме закон аб выдзяленьні яшчэ $12 млрд на падтрымку Кіева.
Новыя санкцыі Вашынгтону
Адміністрацыя прэзыдэнта Джо Байдэна абвясьціла пра новыя эканамічныя санкцыі супраць сотняў расейскіх чыноўнікаў у адказ на анэксію Крамлём чатырох рэгіёнаў Украіны.
Пад санкцыямі апынуцца падстаўныя кампаніі, створаныя адмыслова для ўхіленьня ад ранейшых санкцый у дачыненьні да расейскіх вайсковых пастаўнікоў. Міністэрства фінансаў ЗША ў гэтым кантэксьце назвала 14 міжнародных пастаўшчыкоў, якія спрыялі расейскім вайсковым пастаўкам.
У санкцыйны сьпіс дадалі Эльвіру Набіуліну, кіраўніцу цэнтральнага банку Расеі і былую дарадцу Пуціна.
Будуць таксама пашыраныя папярэднія санкцыі ў дачыненьні да вышэйшых чыноўнікаў Крамля, якія ўключаць іх жонак і дзяцей. Сярод гэтых сямейнікаў — жонка прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Мішусьціна і двое іхных дарослых дзяцей, а таксама жонка і дарослыя дзеці міністра абароны Сяргея Шайгу.
У новы пакет санкцый ЗША трапіла беларускае прадпрыемства «СьветлагорскХімвалакно» (Сохім), якое забясьпечвае пастаўкі тэкстылю і валакна для абароннай прамысловасьці Расеі, адзначаецца ў санкцыйным сьпісе Міністэрства фінансаў ЗША.
Заява Рады Эўропы
Рада Эўропы выступіла з асуджэньнем анэксіі Расеяй украінскай тэрыторыі.
«Гвалтоўная зьмена міжнародных межаў за кошт іншай сувэрэннай дзяржавы, — гаворыцца ў заяве Рады, — і папярэднія так званыя „рэфэрэндумы“ ўяўляюць сабой сур’ёзнае парушэньне міжнароднага права і ня могуць быць прызнаныя.
Як краіна-акупант Расея працягвае несьці поўную адказнасьць за захаваньне правоў чалавека на адпаведных тэрыторыях, а таксама ў акупаваным Крыме.
Расея павінна неадкладна дээскаляваць сытуацыю і вярнуцца да прынцыпаў міжнароднага права, якія застаюцца краевугольным каменем міру ў Эўропе і за яе межамі».
Таксама ў заяве гаворыцца, што «Рада Эўропы будзе працягваць падтрымліваць народ і ўлады нашай дзяржавы-сябра Ўкраіны. Наша прыхільнасьць незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны ў яе міжнародна прызнаных межах застаецца адназначнай і непахіснай».
Рада Эўропы яшчэ раз заклікала неадкладна спыніць канфлікт і вярнуць мір на эўрапейскі кантынэнт.
Раней з заявамі пра непрызнаньне анэксіі новых украінскіх тэрыторый выступілі прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і кіраўнік ААН Антонію Гутэрыш.
Сёньня ў Маскве, у Георгіеўскай залі Крамля адбылася цырымонія падпісаньня дамоваў аб уваходжаньні ў склад Расеі акупаваных частак Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай абласьцей Украіны.
Для падпісаньня ў Маскву прыбылі кіраўнікі прарасейскіх адміністрацый названых рэгіёнаў. Гэта кіраўнік «ДНР» Дзяніс Пушылін, кіраўнік «ЛНР» Леанід Пасечнік, а таксама лідэры прарасейскіх адміністрацый Запароскай і Херсонскай абласьцей Яўген Баліцкі і Ўладзімір Сальдо.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.