Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спадзяюся, што Расея разваліцца і бяз вулічных пратэстаў». Як беларус з расейскім пашпартам уцякаў ад мабілізацыі


Аляксандар Шырабокаў
Аляксандар Шырабокаў

Мабілізацыю ў Расеі абвясьцілі 21 верасьня, яна працягваецца ўжо больш за тыдзень. За гэты час з РФ тэрмінова выехалі каля 300 тысяч мужчын. Сярод іх ёсьць і беларусы з расейскімі пашпартамі. Адзін зь іх расказаў Свабодзе сваю гісторыю.

Паводле перапісу насельніцтва 2010 году, у Расеі стала жывуць больш за 500 тысяч беларусаў, якія маюць расейскае грамадзянства. Пасьля абвяшчэньня мабілізацыі на вайну супраць Украіны частка зь іх, як і іншыя грамадзяне РФ, можа трапіць на фронт супраць сваёй волі. Адзін з такіх беларусаў змог выехаць з Расеі ў Казахстан 29 верасьня праз прапускны пункт Веселаярск. Ён расказаў Свабодзе сваю гісторыю.

«У Беларусі можа быць вялікая будучыня, ёй прасьцей, чым Расеі»

Аляксандар Шырабокаў нарадзіўся ў беларускім Салігорску ў 1982 годзе. Па матчынай лініі ўся яго сям’я таксама беларуская, паходзяць з ваколіцаў Старобіна. Бацькі Аляксандра ў савецкі час працавалі ў нафтаздабыўной галіне. Калі яму споўнілася 11 месяцаў, сям’я пераехала ў Расею. Там жа Аляксандар пачаў хадзіць у школу. Пасьля сям’я апынулася на Паўночным Каўказе, дзе акурат пачыналася Першая чачэнская вайна. Сына вырашылі вярнуць у Салігорск.

«Я прыехаў адзін да бабулі, адвучыўся ў Салігорску ў 10–11 клясах, — расказвае Аляксандар. — Зьбіраўся ў БДУ паступаць, хацеў быць журналістам. Але пасьля мама прыехала ў Салігорск, пабыла крыху і вырашыла, што ёй вельмі складана заставацца. Яна мела тады яшчэ савецкі пашпарт. Разам зь ёй мы прыехалі ў Пецярбург і засталіся там. Пасьля я толькі прыяжджаў некалькі разоў. Але ў размовах з новымі людзьмі я гавару, што я зь Беларусі. Я напалову беларус, але зразумела, што беларусам хацеў бы быць. Лічу, што ў Беларусі як краіны можа быць вялікая будучыня. Беларусі ў гэтым пляне прасьцей, чым Расеі».

Пашпарт Аляксандра Шырабокава
Пашпарт Аляксандра Шырабокава

«Служыць я ўсё адно не пайшоў бы, не змагу страляць у людзей»

У Пецярбургу Аляксандар адвучыўся ў мараходнай вучэльні, але хутка зразумеў, што гэта не ягонае. Нават ня стаў забіраць дыплём. Займаўся шмат чым. 13 гадоў працуе ў сфэры перапрацоўкі сьмецьця, апошнія тры гады разам з сваёй жонкай, сям’я мае невялікі праект разьдзельнага збору і перапрацаваньня сьмецьця.

«Мы прапаноўваем сярод іншага экалягізацыю офісаў, праводзім навучальныя сэмінары, — кажа Аляксандар. — Перад самым пачаткам вайны пачаўся рост, узьнікла каманда з 12 чалавек. Працавалі з заходнімі кампаніямі, але шмат што зьмянілася. Яны сышлі з Расеі. Уся зараз мяняецца».

Аляксандар расказвае, што пакуль выехаў з Расеі адзін, у Пецярбургу засталіся жонка з сынам. Сям’я і раней думала пра ад’езд, хацела зьехаць у Эўропу, але ў Пецярбургу трымала сынава вучоба. У выніку пасьля абвяшчэньня мабілізацыі сям’я фактычна выштурхнула Аляксандра за мяжу.

«Мяне ваеншчына ўсё жыцьцё адштурхоўвала, — расказвае беларус. — Я лічу, што чалавека і біць нельга, ня тое што забіваць. Калі пачалася вайна, мы ня мелі магчымасьці зьехаць. Хось мы хацелі. У першыя дні пасьля 24 лютага разглядалі варыянты. Але тады нашых грошай хапала на два тыдні. Першыя чуткі пра мабілізацыю былі перад 9 траўня, тады таксама перажывалі ўсе. Але яе не адбылося. Усе жылі ў такой унутранай эміграцыі».

Аляксандар прызнаецца, што верасьнёўскія посьпехі ўкраінцаў на фронце ўспрыняў з радасьцю. Ён мае шмат сяброў ва Украіне, быў у Кіеве ў 2017 годзе. Уварваньне Расеі ва Ўкраіну ўспрымае як асабістую трагедыю. Але неўзабаве Пуцін абвясьціў пра мабілізацыю. Гэта для Аляксандра стала апошнім штуршком.

«Разумеў, што калі мяне раптам забяруць (у войска. — РС), я служыць усё адно не пайду, не магу страляць у людзей, — кажа Аляксандар. — Застанецца сесьці ў турму. Але і гэтага я не магу зрабіць, у мяне сям’я. Адным з варыянтаў было паехаць у Беларусь. Думаў дабірацца да Новасібірску празь Менск, іншых шляхоў не было па адэкватных цэнах. Пасьля 2020 году я вырашыў, што прыеду ў Беларусь толькі пасьля сыходу Лукашэнкі. І тут ужо быў гатовы паступіцца сваімі прынцыпамі, але зьявіліся паведамленьні, што ў Беларусі спыняюць грамадзян Расеі, адпраўляюць іх назад. Вырашыў не рызыкаваць».

Аляксандар расказвае, што пачаў плянаваць маршрут ад’езду, праглядаючы квіткі на самалёты зь Пецярбургу ў Ерэван, Стамбул, Тбілісі, у Ізраіль. Аднак усе яны «каштавалі касьмічных грошай». У выніку вырашыў ехаць у Казахстан.

«Баяліся, што межы закрыюць 28 верасьня, — узгадвае беларус. — Я вылецеў 27 дня зь Пецярбургу ў Новасібірск. Простых рэйсаў не было, ляцеў празь Ніжневартаўск (горад на поўнач ад Новасібірску. — РС). Там палову начы чакаў на перасадку. У Новасібірску перасеў на аўтобус. Большасьць іх ішла на Паўладар, але там на мяжы чэргі. Выбраў найпрасьцейшы спосаб, паехаў у Семей (горад на ўсходзе Казахстану, былы Сяміпалацінск. — РС). Там у адной нашай знаёмай жыве бабуля, быў варыянт прынамсі пераначаваць».

«Далей за пяць дзён я цяпер нічога не пляную»

Мяжу з Казахстанам Аляксандар перайшоў нечакана хутка. Кажа, гэта было адно з найхутчэйшых для яго перасячэньняў дзяржаўнай мяжы. На ўсё пайшло максымум 40 хвілінаў.

«Некаторыя мае сябры, якія выехалі раней за мяне, дагэтуль стаяць у чэргах на мяжы, — кажа Аляксандар. — На машынах выяжджалі, 3-5 дзён таму, усе яны яшчэ ў Расеі. Я не кажу нават пра тых, хто паехаў у Грузію. На мяжы я баяўся дадатковых пытаньняў, меў квіток назад для адводу вачэй. Прыдумаў легенду, што еду на вясельле. Але на КПП амаль нікога не было. Некалькі аўтамабіляў, некалькі аўтобусаў. Жанчына-памежніца спытала толькі, куды я еду. Мне здаецца, што яны ўжо стаміліся пытацца пра мэты ў тых, хто зараз едзе з Расеі».

З словаў беларуса, апошнія паўтара дня пачуваўся як сьціснутая спружына. Маральна вельмі складана было ў самалёце зь Пецярбургу ў Ніжневартаўск. Палёт доўжыўся 4 гадзіны, падчас яго ў Аляксандра не было сувязі і ён ня ведаў, што адбываецца ў гэты час на зямлі.

«Калі перайшоў мяжу ў Казахстане, то была палёгка, вядома, — прызнаецца мужчына. — Хаця і тут ужо на аўтавакзале я пачаў званіць на нумар, які атрымаў ад знаёмай. Ніхто не адказваў. Сядзеў паўтары гадзіны на аўтавакзале, ня ведаў, куды мне далей ехаць. Двое содняў на нагах. Хацеў зьняць гостэль — усё перапоўнена. Але пасьля дазваніўся, паехаў, пасьнедаў».

Ужо па дарозе ў Казахстан Аляксандар пачаў шукаць там жыльлё. Па адной з аб’яваў адгукнуліся, прапанавалі цану, якая была да «расейскага нашэсьця». Гэта прыкладна ў паўтара раза менш, чым цяпер.

Зараз беларус з расейскім пашпартам разьвязвае побытавыя праблемы. Атрымлівае нумар падаткаплатніка, памяняў з дапамогай мясцовых жыхароў грошы, спрабуе аформіць мясцовую банкаўскую картку.

«Далей за пяць дзён я не пляную цяпер, — прызнаецца мужчына. — Пакуль тут, а потым трэба прымаць рашэньне разам з сям’ёй. У сына вучоба, ён шмат сілаў прыклаў, каб на бюджэт паступіць. Магчыма, я далей перабяруся ў Ізраіль, у Турцыю, альбо ў Грузію ўдасца».

«Кастрычнік і лістапад будуць вырашальнымі»

З словаў беларуса, расейцы ў ягоным асяродьдзі збольшага адэкватныя людзі. Усе ветлівыя, маладыя, актыўныя. З казахамі таксама пакуль не ўзьнікае праблемаў, яны стараюцца дапамагаць прыежджым.

«Усе ўсё разумеюць, — кажа Аляксандар. — Няма нейкага шавінізму. І я спадзяюся, што ўсе расіяне, якія сюды прыедуць, будуць сябе паводзіць адпаведна. Як у гасьцях. Не патрабаваць да сябе адносінаў лепшых, чым мы таго заслугоўваем. Ведаю, што такое ўжо сям-там зьявілася сярод тых, хто выяжджаў з Расеі ў першай хвалі (напачатку вясны 2022 году. — РС). Людзі паводзяцца, быццам яны ў сябе дома».

Плянаў на далейшую будучыню ў Аляксандра зараз таксама няма. Беларус кажа, што чакае навінаў і баіцца, што пасьля «фэйкавых рэфэрэндумаў» акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны ўключаць у склад Расеі. А пасьля Крэмль можа абвясьціць вайсковае становішча і закрыць межы для ўсіх. У такім выпадку да Аляксандра ня змогуць прыехаць родныя.

«Мне здаецца, што кастрычнік і лістапад будуць вырашальнымі, — гаворыць Аляксандар. — Паглядзім, што будзе ў гэтыя месяцы. У Расеі і Беларусі людзі запалоханыя. Я сам хадзіў на мітынгі раней, у 2011 і 2013 годзе. Але перастаў гэта сьвядома рабіць. Разумеў, што калі сяду ў турму, то мая сям’я ад гэтага ня выйграе. Часам крыўдна чытаць, што мы краіна рабоў. Што трэба глядзець на Ўкраіну. Так гавораць тыя, хто ня бачыў, як дубінкамі б’юць дзяўчат і жанчын, як за краты кідаюць на 7-8 гадоў. Спадзяюся, што Расея разваліцца і бяз вулічных пратэстаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG