Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне паказала зьніжэньне рэйтынгу Пуціна пасьля абвяшчэньня мабілізацыі


Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін

Узровень ухваленьня дзейнасьці прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна сярод апытаных агенцтвам «Левада-центр» за месяц упаў на 6%. У жніўні дзейнасьць Пуціна ўхвалялі 83% апытаных, у верасьні — 77%.

Апытаньне праводзілі ўжо пасьля таго, як Пуцін абʼявіў у Расеі мабілізацыю.

Да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну рэйтынг Пуціна, паводле «Левады», складаў каля 70%, а пасьля пачатку вайны падняўся вышэй за 80% і быў такім да нядаўняга часу.

У адкрытым пытаньні, калі рэспандэнтам прапаноўвалі самім назваць імёны палітыкаў, якім яны давяраюць, рэйтынг Пуціна ўпаў з 44 да 40%.

«Левада-центр» адзначае, што ўпаў узровень даверу і да іншых прадстаўнікоў уладаў, а таксама паменела людзей, якія лічаць, што справы ў краіне ідуць у правільным кірунку, — у жніўні такіх было 67%, пасьля абʼяўленьня мабілізацыі — на 7% менш.

Рэспандэнты «Левады» таксама адказалі, як ставяцца да мабілізацыі. Пераважаюць нэгатыўныя эмоцыі. Амаль палова апытаных адчулі трывогу або страх, 23% адчулі шок, 13% — абурэньне. Пры гэтым 23% адчулі «гонар за Расею». Сярод маладых людзей ва ўзросьце да 24 гадоў «трывогу, страх, жах» адчулі 56%.

З апублікаваных у чацьвер вынікаў традыцыйнага штомесячнага апытаньня аб вайне ва Ўкраіне вынікае, што ў верасьні значна больш расейцаў сталі больш пільна сачыць за вайной і турбавацца ў сувязі з падзеямі ва Ўкраіне. Тых, каго яны вельмі турбуюць, стала 56% — гэта найбольшы паказьнік з пачатку вайны.

21% апытаных — сама больш з пачатку вайны — заявілі, што не падтрымліваюць дзеяньні расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне.

Прыхільнікаў мірных перамоваў стала больш за прыхільнікаў працягу баявых дзеяньняў: першых зараз 48%, другіх — 44. У жніўні стасунак быў адваротны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG