Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 год цярпеў — і здаўся. Абхаскае грэхападзеньне Лукашэнкі


Піцунда. Аляксандар Лукашэнка з абхаскім лідэрам Асланам Бжанія.
Піцунда. Аляксандар Лукашэнка з абхаскім лідэрам Асланам Бжанія.

28 верасьня Аляксандар Лукашэнка раптоўна наведаў самаабвешчаную Рэспубліку Абхазію — грузінскую тэрыторыю, незалежнасьць якой прызнала толькі Расея і некалькі невялікіх аддаленых краін.

Раней, нягледзячы на шматлікія запрашэньні, беларускі лідэр устрымліваўся ад падобных візытаў. Папярэдне наведваньне Лукашэнкам Сухумі не анансавалася.

Сьцісла:

  • Беларускія ўлады маскуюць, прыхоўваюць гэты візыт, які названы «неафіцыйным».
  • Пытаньне аб прызнаньні афіцыйным Менскам такіх марыянэтачных утварэньняў, як Абхазія, Паўднёвая Асэтыя, «ДНР», «ЛНР», стала важным індыкатарам ступені залежнасьці Беларусі ад Расеі.
  • Вонкава выглядае так, што Лукашэнка выконвае загад Пуціна.
  • Настаў час, калі Лукашэнка крок за крокам здае незалежнасьць Беларусі ў замежнай палітыцы.


20 верасьня Лукашэнка падчас сустрэчы зь дзяржсакратаром Рады бясьпекі Аляксандрам Вальфовічам сказаў, што «праз тыдзень, калі я вярнуся з камандзіроўкі», мы правядзем нараду ў Міністэрстве абароны. Больш падрабязна пра загадкавую камандзіроўку дзяржаўныя мэдыя не паведамлялі.

І вось цяпер высьвятляецца, што адразу пасьля сустрэчы з Пуціным у Сочы Лукашэнка паехаў у Абхазію — не прызнаную міжнароднай супольнасьцю прарасейскую рэспубліку. Інфармацыя пра гэта зьявілася на сайце абхаскага агенцтва «Апсныпрэс». Беларускія афіцыйныя органы і СМІ пакуль, на 17 гадзіну 28 верасьня, ніяк не камэнтуюць гэтую паездку. Мусіць, усе ў ступары. Здаецца, МЗС таксама ў шоку, таму нічога не камэнтуе.

Відавочна, чаму беларускія ўлады маскуюць, прыхоўваюць гэты візыт, які названы неафіцыйным. Бо Абхазію прызналі, акрамя Расеі, яшчэ Нікарагуа, Вэнэсуэла, Науру і Сырыя. То бок моцна залежныя ад РФ краіны.

Лукашэнка наведвае Абхазію ўпершыню. Хоць у 2008 годзе сустракаўся ў Сочы з прэзыдэнтамі Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Справа ў тым, што пытаньне аб прызнаньні афіцыйным Менскам такіх марыянэтачных утварэньняў, як Абхазія, Паўднёвая Асэтыя, «ДНР», «ЛНР», стала важным маркерам, індыкатарам ступені залежнасьці Беларусі ад Расеі. У 2008 годзе, калі Абхазія была прызнаная Расеяй, а Лукашэнка адмовіўся гэта зрабіць, пачалася першая адліга ў адносінах Беларусі з Захадам, якая працягнулася да 2010 году. Гэта была адметная заяўка Беларусі на самастойную замежную палітыку. Калі б у той момант Менск прызнаў незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, магчыма, гэтым жа шляхам пайшлі б і іншыя саюзьнікі Расеі па АДКБ (Казахстан, Армэнія, Кіргізстан, Таджыкістан). Але калі нават самая блізкая да РФ дзяржава — Беларусь — адмовілася гэта рабіць, гэта быў сыгнал іншым краінам постсавецкай прасторы, што такое прызнаньне рызыкоўнае для іх рэпутацыі. Тады прызнаньне Абхазіі, Паўднёвай Асэтыі нейкімі дзяржавамі было раўназначна прызнаньню статусу расейскай марыянэткі.

Дарэчы, былы прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі вельмі ганарыўся тым, што, паводле ягоных словаў, змог угаварыць Лукашэнку не прызнаваць незалежнасьць гэтых тэрыторый, прызнаных сусьветнай супольнасьцю як частка Грузіі. І лабіяваў на Захадзе размарожваньне адносін ЗША і ЭЗ з лукашэнкаўскай Беларусьсю, аргумэнтуючы якраз гэтым фактам. Дарэчы, падчас візыту ў Грузію ў 2015 годзе Лукашэнка заявіў, што прызнае тэрытарыяльную цэласнасьць гэтай краіны. То бок прызнае Абхазію і Паўднёвую Асэтыю часткай Грузіі.

І вось цяпер такі паварот. Гэта значыць, што ў сэнсе рэпутацыі Лукашэнку ўжо няма чаго траціць. Дарэчы, афіцыйна Беларусь так і не прызнала Абхазію незалежнай дзяржавай. Але візыт Лукашэнкі азначае такое прызнаньне дэ-факта.

Мусіць, не выпадкова гэтая паездка адбылася адразу пасьля сустрэчы з Пуціным у Сочы. Што выглядае яшчэ больш прыніжальным для Лукашэнкі. Вонкава выглядае так, што ён выконвае загад Пуціна. Відавочна, Крэмль і раней патрабаваў гэтага, але тады Лукашэнка ўпіраўся. Цяпер рэсурсаў і рэзэрваў для супраціву не засталося. Вельмі сымбалічны ягоны камэнтар падчас сустрэчы зь лідэрам самаабвешчанай Рэспублікі Абхазія Асланам Бжанія: «Расея гатовая падставіць сваё плячо. Напэўна, настаў час. Мы сёньня, як ніколі, убачылі, якім стаў сьвет. Нам спакойна жыць не дадуць. Таму мы павінны ўмацоўваць адносіны зь сябрамі».

Так, сапраўды, настаў час, калі Лукашэнка здае незалежнасьць Беларусі ў замежнай палітыцы крок за крокам. Зьдзіўляе хуткасьць, зь якой гэта адбываецца. Няўжо палітычнае становішча Лукашэнкі настолькі дрэннае, што ён гатовы ісьці на такое дэманстратыўнае прыніжэньне? Што далей? Афіцыйнае прызнаньне незалежнасьці гэтых паўдзяржаўных утварэньняў? Уступленьне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі ў Саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі? І разрыў адносін з Грузіяй?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG