Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьпісаныя ўстаноўкі, кітайскія зарады нізкага гатунку». Расейскі інжынэр расказаў сваю вэрсію «крывавага салюту» ў Менску 3 ліпеня 2019-га

абноўлена

Cалютная ўстаноўка на месцы здарэньня на наступны дзень пасьля выбуху. 4 ліпеня 2019
Cалютная ўстаноўка на месцы здарэньня на наступны дзень пасьля выбуху. 4 ліпеня 2019

На сьвяткаваньні Дня Рэспублікі 3 ліпеня 2019 году салютам была забітая жанчына, 10 чалавек атрымалі траўмы. Толькі цяпер былы галоўны інжынэр расейскай фірмы вырашыў расказаць Свабодзе, што здарылася насамрэч 3 ліпеня ў Менску.

«Вінаватых» — прадстаўнікоў расейскай фірмы — пакаралі «хіміяй». Яны ўжо выйшлі на свабоду. Былы галоўны інжынэр фірмы «Пиро-Росс» Андрэй Інкін вырашыў цяпер падзяліцца сваёй вэрсіяй трагедыі ў Менску са Свабодай.

«Раней маўчаў, бо не хацеў нашкодзіць нашым хлопцам, якія адбывалі пакараньне»

Прадстаўнікі расейскага ААТ «Пиро-Росс» Максімільян Сапронаў і Канстанцін Дзянісаў ужо адбылі па тры гады «хіміі» ў Беларусі і вярнуліся ў Расею. «Я раней не казаў нічога, каб не пашкодзіць хлопцам, якія сядзелі. Цяпер жа вырашыў расказаць праўду. Не сказаць, каб сумленьне замучыла, але і не сказаць, што я цалкам вінаваты. Проста цяпер, пасьля ўсяго, што я расказаў, мне лягчэй стала», — патлумачыў расейскі спэцыяліст.

Кампанія «Пиро-Росс» з 2006 году займаецца вытворчасьцю піратэхнікі. Яна пастаўляла ўстаноўкі для салютаў у Беларусь.

«Але наша фірма ня толькі рабіла новыя ўстаноўкі, яна ж займалася і ўтылізацыяй старых. Вось тыя ўстаноўкі, якія пайшлі ў Беларусь — яны якраз былі зь ліку ўтылізаваных. Мякка кажучы, не зусім новыя былі ўстаноўкі. Там, канечне, быў якасны, яшчэ савецкі мэтал, але ён ужо меў свой тэрмін зносу. Чаму так зрабілі? Каб хутчэй паставіць устаноўкі заказчыку, беларускаму Міністэрству абароны, і, вядома, каб грошы хутчэй атрымаць», — патлумачыў былы інжынэр.

Дакумэнтацыя на салюты
Дакумэнтацыя на салюты

Да 2012 году кампанія закупляла зарады для ўстановак у расейскага навукова-дасьледчага інстытуту прыкладной хіміі, кажа інжынэр. Пасьля 2012 году ў кампаніі вырашылі, што значна таньней будзе набываць зарады ў Кітаі. Прычым, па словах Андрэя Інкіна, на кітайскія зарады клеілі налепкі, быццам яны папраўдзе зробленыя ў Расеі, на ААТ «Пиро-Росс».

«Каб было зразумела — расейскія зарады з НДІ прыкладной хіміі каштавалі 8 тысяч расейскіх рублёў, кітайскія зарады — 2 тысячы. На іх клеілі налепкі, што яны вырабленыя на „Пиро-Росс“, і прадавалі за тыя ж 8 тысяч расейскіх рублёў», — кажа былы інжынэр.

«Інцыдэнты з устаноўкамі ў Беларусі ўжо былі з 2012 году, але ўсім было пляваць»

Андрэй Інкін кажа, што расейскія ўстаноўкі рабілі салют у Берасьці ў 2012 годзе.

«Некалькі ствалоў тады разарвала, але ніхто не пацярпеў, сама ўстаноўка не разбурылася, інцыдэнт замялі. Бо ў менскай вайсковай камэндатуры былі добрыя стасункі зь „Пиро-Росс“. Ну добрыя, бо там падарункі вазілі, зразумела. У 2013 годзе разбурыўся прычэп, але гэтае „непаразуменьне“ зноў замялі», — кажа былы інжынэр.

Паводле яго, у 2017 годзе расейская кампанія вырашыла купляць у Кітаі іншыя зарады — таньнейшыя, другога гатунку. Бо так было выгадней, натуральна.

«І на Дзень Незалежнасьці ў Менску ў 2017-м быў інцыдэнт — у полі разбурыўся прычэп салютнай устаноўкі. Дзівам ніхто не пацярпеў, бо быў дождж і салдаты схаваліся ў аўтамабіль. Аскепкі разьляцеліся на 250 мэтраў. І зноў усе прамаўчалі, усё замялі», — кажа Андрэй Інкін.

Ён сьцьвярджае, што ў 2018 годзе на Дзень Рэспублікі ў Менску зноў быў інцыдэнт — узарваліся крайнія ствалы на ўстаноўцы, сама яна засталася цэлая. Гэта адбылося ў парку Горкага.

«Тады ўжо было зразумела, што зарады няякасныя, другога гатунку. Але як ніхто тады зноў не пацярпеў, то нібыта праблемы і няма. Усім было пляваць. Устаноўку адрамантавалі, і ўсё. Хаця б тады хто задумаўся», — кажа былы інжынэр.

Зарад для салютаў
Зарад для салютаў

Ён лічыць, што зарады з Кітаю былі бракаваныя.

«У Кітаі зарады мераюцца ў цалях, у нас — у мілімэтрах. І вось іхныя зарады 8 цаляў — гэта 200 мілімэтраў. Нашы ж, расейскія, былі 195 мілімэтраў. І вось зарады ня лезьлі ў ствалы, але ўсім было зноў пляваць. Грошы заплачаныя, сьвята чакае салюту. Знайшлі выйсьце — зьняць частку абалонкі, падрэзаць зарады. Хлопцы стараліся акуратна абрэзаць у надзеі, што пашанцуе», — кажа Андрэй Інкін.

Аднак у выніку адбыўся выбух, устаноўка была разбураная. Ад аскепкаў загінула жанчына, дзесяць чалавек атрымалі траўмы.

«Зарады разабралі, знайшлі паперку з герогліфамі, але мы адбіліся»

Расейскіх спэцыялістаў затрымалі, пасадзілі ў СІЗА. Пачалося сьледзтва. Беларускі бок пачаў слаць запыты ў «Пиро-Росс», выклікаць спэцыялістаў на допыты.

«Але хто паедзе? Паедзеш і ня вернесься; зразумела, ніхто туды не паехаў. Пасылалі сьледчым чарцяжы, пісалі адказы на іх запыты. Ведаю, што на экспэртызе шары не ўзрываліся. Ці іх няправільна зараджалі, ці яны ня лезьлі ў ствалы. Калі разабралі адзін шар, то знайшлі ўнутры паперку з герогліфамі. Але мы адбіліся, сказалі, што зарады нашы, расейскія, толькі абалонка кітайская. Экспэртыза высьветліла, што ўстаноўкі былі „не зусім новыя“, як я казаў, — яны ўжо ішлі на ўтылізацыю. У выніку прызналі вінаватымі двух нашых хлопцаў, і ўсё на гэтым. Нібыта яны вінаватыя ў тым, што падразалі абалонку. Паказальна іх „адлупцавалі“. Хоць экспэртыза, паўтаруся, паказала, што і ўстаноўка ня новая, і шары кітайскія. На хлопцаў усё звалілі, бо яны аказаліся побач, астатніх вінаватых дастаць было складана», — дадаў былы інжынэр.

Цяпер кампанія «Пиро-Росс» не займаецца салютамі ў Беларусі. Але ў Расеі — займаецца.

Зарад для салюта ў Менску ў 2019 годзе
Зарад для салюта ў Менску ў 2019 годзе

«Ці можа здарыцца нешта падобнае да трагедыі ў Менску? Вядома, можа», — кажа Андрэй Інкін.

Рэдакцыя Радыё Свабода накіравала запыт з шэрагам пытаньняў да кіраўніцтва расейскай кампаніі «Пиро-Росс». На працягу двух тыдняў рэдакцыя не атрымала адказу на запыт. Калі расейская кампанія дашле адказ, мы яго апублікуем.

Былы інжынэр Андрэй Інкін прадставіў шэраг дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць ягоную працу ў кампаніі «Пиро-Росс» і сувязі фірмы зь беларускім Міністэрствам абароны, у тым ліку кантракты на фаервэркі і іншую дакумэнтацыю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG