Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейскія ілюзіі скончацца ўжо ў студзені-лютым», — эканаміст Уладзіслаў Іназемцаў


«Гэта антыэўрапейская аўтарытарная Масковія». Расейскі эканаміст і сацыёляг Уладзіслаў Іназемцаў расказаў Радыё Свабода пра свае прагнозы наконт разьвіцьця эканомікі і палітычнай сыстэмы Расеі.

— У мяне адчуваньне, што гэтак жа, як Пуцін лічыў, што ён пераможа Украіну за тры дні, сёньня расейскае кіраўніцтва мяркуе, што яно нікуды не выломваецца, ідзе сваім шляхам, але ў тым жа кірунку, што і астатні сьвет. Таму я б не сказаў, што тут ёсьць сытуацыя ўсьвядомленага зваротнага руху: па факце ён адбываецца, але кіраўніцтва, па-мойму, зусім гэтага не ўсьведамляе. Яны лічаць, што могуць стварыць незалежны інтэрнэт, што ў іх ёсьць тэхналягічны зачын для нейкіх вялізных прарываў. Тут хутчэй велізарны самападман, самаўнушэньне, чым сьвядомая палітыка дэмадэрнізацыі.

Расея тут пралічылася прыблізна гэтак жа, як з вайной ва Ўкраіне. Яна зусім недаацаніла магчымасьці Эўропы да выжываньня, яна на працягу многіх гадоў была настолькі пераканана ў тым, што Захад безнадзейна залежыць ад яе энэрганосьбітаў, што магчымасьць існаваньня Эўропы без расейскіх паставак у прынцыпе не разглядаецца. І гэта якраз таксама ўзьдзейнічала на Пуціна: ён лічыць сябе і Расею занадта магутнай, уплывовай, неабходнай сьвету эканомікай. Гэта таксама момант, які прыводзіць да тых няправільных рашэньняў, якія мы бачым.

Безумоўна, удар па Расеі будзе вельмі моцны. Цяпер расейская нафта ў вялікіх аб’ёмах закупляецца ў той жа Эўропе напярэдадні эмбарга; я думаю, пасьля Новага году сытуацыя пагоршыцца. У сакавіку, калі пачыналася вайна, я апублікаваў у «Новой газете» артыкул пад назвай «Расейская эканоміка памрэ да зімы». Мой прагноз, у адрозьненьне ад многіх тады, заключаўся ў тым, што мы больш-менш праіснуем недзе каля года, але пасьля гэтага сытуацыя будзе вельмі цяжкая.

— То бок, момант ісьціны, відаць, наступіць недзе вясной 2023 году?

— Ён будзе якраз у студзені-лютым, калі ўступіць у сілу эмбарга, калі Эўропа, зразумела, перажыве зіму бяз газу, і ўсялякага роду тэрор, які Пуцін ладзіць у надзеі, што нейкі Шольц адкрые яму «Паўночны паток — 2»... Калі ўсе гэтыя ілюзіі скончацца і стане зразумела, што бюджэт далёка і даўно ў чырвонай зоне, тады пачнуць зьяўляцца першыя спробы скарачаць выдаткі, выразаць усялякага роду дзяржаўныя абавязаньні, памяншаць інвэстыцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG