Лінкі ўнівэрсальнага доступу

650 крамаў, гандаль алькаголем, уласная вытворчасьць. Расказваем пра «Востраў чысьціні», які атакавалі ўлады


Лягатып сеткі крамаў бытавой хіміі «Востраў чысьціні»
Лягатып сеткі крамаў бытавой хіміі «Востраў чысьціні»

Пра тое, што ў галоўным офісе кампаніі-уласьніцы сеткі крамаў бытавой хіміі «Востраў чысьціні» адбываецца ператрус, стала вядома 22 верасьня. Супрацоўнікі ДФР прыйшлі ў офіс фірмы «Ромакс», якой, сярод іншага, належыць сетка.

Паводле інфармацыі беларускіх СМІ, сілавікі праводзілі ператрус цэлы дзень, супрацоўнікаў галоўнага офісу пры гэтым не выпускалі з будынка.

Увечары таго ж дня зьявілася інфармацыя пра затрыманьне дырэктара і ўласьніка сеткі «Востраў чысьціні» Віктара Рамука. Паводле тэлеграм-канала «МотолькоПомоги», Рамука затрымалі разам з жонкай Аксанай. Гэта адбылося ў нацыянальным аэрапорце. Пакуль невядома, ці зьбіраўся Рамук пазьбегнуць арышту пасьля ператрусу. Афіцыйнай інфармацыі ад СК альбо ДФР пра падзеі ў «Востраве чысьціні» таксама не публікавалася. Расказваем пра Рамука і ягоны бізнэс.

Плюс сто крамаў за адзін год

«Востраў чысьціні» — толькі адна зь фірмаў групы кампаній «Ромакс». Акрамя дыскаўнтэра бытавой хіміі, у яе ўваходзяць таксама вытворца «Фабрыка Ромакс» і імпартэр «Гандлёвая кампанія Ромакс». А таксама лягістычная кампанія «Філіял вытворчай кампаніі „Ромакс“», якая займаецца перавозкамі з краінаў Заходняй і Ўсходняй Эўропы і ў Беларусі. Фактычна «Ромакс» належыць поўны цыкль вытворчасьці, транспартаваньня, імпарту і продажу бытавой хіміі ў краіне.

У Беларусі «Ромакс» працуе з 1998 году, але сетка ўласных крамаў «Востраў чысьціні» пачала разьвівацца ў 2010-м. Напачатку крамы зьявіліся толькі ў Менску і абласных гарадах. Аднак ужо ў 2015-м у яе ўваходзіла больш за 100 крамаў, яны зьявіліся амаль у кожным раённым цэнтры.

Яшчэ праз чатыры гады «Востраў чысьціні» налічваў ужо 550 крамаў, іх колькасьць павялічвалася на сотню кожны год. Колькасьць супрацоўнікаў сеткі перавысіла 5200 чалавек. У той жа год «Востраў чысьціні» перастаў быць выключна крамай бытавой хіміі, там зьявіліся прадукты харчаваньня і шырокі асартымэнт алькаголю, які часта прадавалі па ніжэйшых цэнах, чым у іншых гандлёвых сетках. З гэтай нагоды ў кампаніі правялі рэбрэндынг, яна пачала называцца «Востраў чысьціні і смаку».

Адзіным канкурэнтам «Вострава чысьціні» на той момант зьяўлялася сетка «Міла», якая налічвала 430 крамаў па ўсёй Беларусі. Трэцяя сетка, «Магія», якая належыць кампаніі «Эўрагандаль», у 2019-м мела толькі 134 крамы.

Пандэмія, падзеі 2020 году і эканамічны крызіс запаволілі рост «Вострава чысьціні», аднак ён усё адно захаваўся. Паводле актуальнай на верасень 2022 году інфармацыі з сайту самой кампаніі, яна зараз налічвае 650 крамаў. У кампаніі нават заяўлялі пра намер адкрыць уласную сетку аптэк.

Праблемы з уладамі і арышты супрацоўнікаў за ўдзел у пратэстах

Аб праблемах «Вострава чысьціні» з уладамі стала вядома на пачатку жніўня, калі Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня (былое Мінгандлю. — РС) аштрафавала сетку за павышаныя цэны. Сума штрафу была параўнальна невялікай — 16 тысяч рублёў, кампанія пагасіла яго адразу. Прычынай, паводле афіцыйнай вэрсіі, сталі «звароты неабыякавых грамадзян», якія ўгледзелі ў крамах сеткі высокія цэны на дзіцячае харчаваньне і крупы. Усе гэтыя тавары дзяржава называе «сацыяльна важнымі», цэны на іх рэгулююцца чыноўнікамі.

У лістападзе 2021 году праваабаронцы «Вясны» паведамлялі пра затрыманьне супрацоўніц крамы «Востраў чысьціні» за ўдзел у пратэстах 2020 году. ГУБАЗіК арыштаваў Вікторыю Ганчарову і Вольгу Маліноўскую на працоўным месцы ў менскай Малінаўцы. Маліноўскую неўзабаве адпусьцілі, а Ганчарову абвінавацілі ў перакрыцьці дарожнага руху і зьмясьцілі ў ізалятар.

Адміністратарам у «Востраве чысьціні» працаваў і Раман Бандарэнка, які загінуў неўзабаве пасьля затрыманьня сілавікамі на «плошчы Перамен» 12 лістапада 2020 году.

«Айчынныя вытворцы выдатна спраўляюцца»

Ні Віктара Рамука, ні ягоную жонку Аксану нельга назваць вельмі публічнымі асобамі.

Віктар Рамук з жонкай Аксанай
Віктар Рамук з жонкай Аксанай

У сеціве можна знайсьці кароткае відэа з цырымоніі ўзнагароджваньня «Вострава чысьціні» на прэміі «Выбар году» у 2016 годзе, у якім Аксана дзякуе пакупнікам. Яна на той момант займала пасаду кіраўніцы ўсёй сеткі. Сам Віктар Рамук у жніўні 2022 году даў невялікае інтэрвію профільнаму сайту «Офіс лайф», дзе ацаніў працу ва ўмовах эканамічнага крызісу і заходніх санкцый. Па словах бізнэсоўца, беларускія вытворцы цалкам могуць справіцца з заменай заходніх брэндаў.

«Ужо зараз айчынныя вытворцы доглядавай касмэтыкі выдатна спраўляюцца з забесьпячэньнем сеткі прадукцыяй і здольныя замяніць імпартную ва ўсіх катэгорыях, — быў перакананы Віктар Рамук за два месяцы да арышту. — У сэгмэнце дэкаратыўнай касмэтыкі беларускія вытворцы, дасягнуўшы высокага ўзроўню якасьці, апошнія некалькі гадоў зьяўляюцца лідэрамі продажаў на ўнутраным рынку».

У тым жа інтэрвію бізнэсовец расказваў, што ягоная кампанія можа замяніць аналягамі ўласнай вытворчасьці ўвесь асартымэнт бытавой хіміі, якую стала складана прывозіць з-за мяжы. Праблемы Рамук бачыў толькі ў пастаўках прыладаў для галеньня — іх у Беларусі ня робіць ніхто.

Ні сам Віктар Рамук, ні іншыя прадстаўнікі сеткі «Востраў чысьціні» ніяк не камэнтавалі публічна палітычна матываваныя арышты супрацоўніц кампаніі і забойства Рамана Бандарэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG