Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго і за што могуць пазбавіць беларускага грамадзянства? Тлумачыць юрыст Кацярына Дзейкала


Беларускі пашпарт. Ілюстратыўнае фота
Беларускі пашпарт. Ілюстратыўнае фота

Экспэртка ў сфэры міжнароднага права, кандыдат юрыдычных навук Кацярына Дзейкала аналізуе новыя зьмены ў закон аб грамадзянстве, згадвае міжнародную практыку і тлумачыць, якія праблемы могуць напаткаць асобаў без грамадзянства.

Сьцісла:

  • Цяпер пазбаўленьне грамадзянства ўжо будзе прымяняцца ў дачыненьні да беларускіх грамадзян па нараджэньні.
  • Міжнародны стандарт дапускае, што дзяржавы могуць пазбаўляць грамадзянства сваіх грамадзянаў.
  • Гэта ня значыць, што дзяржава можа што заўгодна трактаваць у сваім заканадаўстве як пагрозу нацыянальнай бясьпецы
  • З такой дзяржавай, як Беларусь, чым менш ты пра сябе паведаміш, тым спакайней табе будзе.

— Апублікаваны праект законапраекту аб унясеньні зьменаў у Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», які ўжо ўнесены ў парадак дня сэсіі Палаты прадстаўнікоў і, хутчэй за ўсё, будзе прыняты ў найбліжэйшыя дні. Самая важная і «гучная» частка законапраекту — гэта пашырэньне падставаў для пазбаўленьня грамадзянства Беларусі. Як цяпер будуць выглядаць зацьверджаныя законам умовы пазбаўленьня грамадзянства?

— Мы назіраем пэўную эвалюцыю, разьвіцьцё тэндэнцыі спаўзаньня да зусім недапушчальных нормаў. Яшчэ ў сьнежні 2020 году былі ўведзеныя працэдуры пазбаўленьня грамадзянства асобаў, якія яго набылі ў парадку натуралізацыі. Але цяпер гэта ўжо будзе прымяняцца ў дачыненьні да беларускіх грамадзян па нараджэньні.

Важна адзначыць, што новае палажэньне будзе тычыцца толькі тых, хто зьехаў зь Беларусі да каго быў абвешчаны адпаведны прысуд. І калі раней пазбавіць грамадзянства маглі паводле 24 артыкулаў, то цяпер — паводле 55. У асноўным усе яны зьвязаны з «экстрэмісцкай дзейнасьцю».

— Напэўна, дастаткова нескладана спрагназаваць, супраць каго будзе прымяняцца гэты закон?

— Натуральна, ён будзе найперш прымяняцца супраць асуджаных паводле «народных», пратэставых артыкулаў. Безумоўна, размова тут ідзе пра палітычны перасьлед.

— Некаторыя людзі лічаць, што пазбаўленьне грамадзянства парушае Канстытуцыю. Але на самой справе артыкул 10 Канстытуцыі гучыць вельмі неадназначна: «Ніхто ня можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь або права зьмяніць грамадзянства... Набыцьцё і спыненьне грамадзянства ажыцьцяўляюцца ў адпаведнасьці з законам». То бок у адной фразе нібыта і нельга, а ў наступнай фразе — можна. Ясна, што ў Беларусі на Канстытуцыйны суд ня варта спадзявацца. Але ці можна, прааналізаваўшы гэты новы закон, заяўляць пра ягоны неканстытуцыйны зьмест?

— Гэты артыкул беларускай Канстытуцыі зьяўляецца працягам стандарту, вызначанага Ўсеагульнай дэклярацыяй правоў чалавека, у якой гаворыцца, што ніхто ня можа быць адвольна пазбаўлены грамадзянства. Разам з тым міжнародныя стандарты дапускаюць, што дзяржавы могуць пазбаўляць грамадзянства сваіх грамадзянаў. Напрыклад, калі чалавек паступае на вайсковую службу ў іншай дзяржаве.

Міжнародныя канвэнцыі асаблівую ўвагу ўдзяляюць таму, каб чалавек не заставаўся без грамадзянства. Прававыя нормы павінны быць пабудаваныя так, што калі чалавек ня можа атрымаць грамадзянства іншай краіны, то яго нельга пазбаўляць грамадзянства.

— То бок можна ставіць пытаньне, што гэты беларускі закон не адпавядае нормам міжнароднага права?

— У гэтым выпадку размова ідзе не пра фармальныя прыкметы, а пра тое, наколькі гэты закон адпавядае правам чалавека. Напрыклад, міжнародныя нормы дапускаюць, што дзяржава можа пазбаўляць грамадзянства, калі чалавек нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы. Але гэта ня значыць, што дзяржава можа што заўгодна трактаваць у сваім заканадаўстве як пагрозу нацыянальнай бясьпецы і на гэтай падставе пазбаўляць грамадзянства, каго захоча. Такая практыка будзе антыправавой і антыканстытуцыйнай.

Нават калі чалавека пазбаўляюць грамадзянства за тое, што ён сапраўды зрабіў пэўныя злачынствы, у яго павінна быць магчымасьць аспрэчыць гэтыя рашэньні ў судзе. Але калі ў дзяржаве няма нармальнай судовай сыстэмы, як у сёньняшняй Беларусі, калі дзяржава ня можа забясьпечыць чалавеку магчымасьць аспрэчыць гэтыя рашэньні, то гэта таксама не адпавядае стандартам правоў чалавека, гэта неканстытуцыйна.

— А што можна сказаць пра наступную норму, якая ўносіцца ў закон: грамадзяне, якія атрымалі дазвол на жыхарства, абавязаны на працягу трох месяцаў «праінфармаваць пра гэта органы ўнутраных справаў альбо органы дыпляматычнай службы»? А калі грамадзянін не захоча гэтага рабіць, што за гэта будзе? Дзясяткі тысяч беларусаў даўно, яшчэ да падзеяў 2020 году, атрымалі права на жыхарства ў самых розных краінах і нікога пра гэта не «інфармавалі».

— Складана сказаць, якая мэта ў гэтай нормы. Але можна сказаць, што гэта ня вельмі рэальна ажыцьцявіць. Як вы можаце прымусіць чалавека, які жыве ў іншай дзяржаве, нешта паведамляць беларускім органам?

Мяркуецца, што людзі, якія маюць дазвол на жыхарства ў іншай дзяржаве, могуць станавіцца на консульскі ўлік. Але далёка ня ўсе гэта робяць, і гэта не зьяўляецца нейкім абавязкам. Для чаго людзі становяцца на консульскі ўлік? Калі з грамадзянінам нешта здарыцца (затрымаюць, нейкі інцыдэнт крымінальны), каб консульства магло абараняць правы гэтага грамадзяніна, ажыцьцяўляць функцыі дзяржавы. Але з такой дзяржавай, як Беларусь, чым менш ты пра сябе паведаміш, тым спакайней табе будзе. Бо ніякай рэальнай абароны ад гэтай дзяржавы чакаць не даводзіцца.

— Калі пачнуць пазбаўляць грамадзянства некаторых беларусаў, што зь імі будзе далей, наколькі ўскладніцца іхнае жыцьцё? Як яны ў фармальна-бюракратычным сэнсе будуць існаваць без грамадзянства, які ў іх будзе статус?

— Большасьць беларусаў нейкім чынам легалізаваныя ў тых краінах, дзе яны жывуць — часьцей за ўсё, маюць часовы дазвол на жыхарства. Уцекачы — гэта асобная катэгорыя. Апатрыды (людзі без грамадзянства), як правіла, прыраўноўваюцца статусам да іншаземцаў.

Аднак, безумоўна, чалавек без грамадзянства значна больш уразьлівы, чым іншаземец. Адзінай прывязкай чалавека без грамадзянства застаецца дзяржава, дзе ён цяпер пражывае. І ў гэтым выпадку ўзьнікае пытаньне, каб нашы дэмакратычныя сілы, прадстаўнікі беларусаў за мяжой (у выпадку, калі пачнуцца працэсы пазбаўленьня беларусаў грамадзянства), адстойвалі іх інтарэсы, магчыма, выступаючы за варыянт больш хуткага і лёгкага атрыманьня сталага дазволу на жыхарства.

— А калі чалавека пазбаўляюць грамадзянства, гэта неяк уплывае на пытаньне ягонай маёмасьці? Бо менскія ўлады, як вядома, палохалі і тым, што будуць адбіраць маёмасьць у «экстрэмістаў»?

— Не, гэта зусім розныя працэсы. Пазбаўленьне грамадзянства ніяк не ўплывае на рэчы, зьвязаныя з маёмасьцю. Можа быць толькі асобнае рашэньне суду наконт гэтага. І такое рашэньне ніяк не зьвязана з тым, ці зьяўляецца чалавек грамадзянінам Беларусі, іншай краіны, ці асобай без грамадзянства.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG