Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны мэнтальна не грамадзяне Беларусі». Юрыст Міхаіл Кірылюк пра сілавікоў з сувязямі ў Расеі і расейскія пашпарты


 Міхаіл Кірылюк
Міхаіл Кірылюк

Пагаварылі зь юрыстам Міхаілам Кірылюком пра тое, што стаіць за жаданьнем беларусаў атрымліваць расейскія пашпарты. А таксама пра намер афіцыйных уладаў пазбаўляць грамадзянства іншадумцаў — праект закону ўжо паступіў у Палату прадстаўнікоў.

Нягледзячы на спрашчэньне працэдуры атрыманьня расейскіх пашпартоў, беларусаў, ахвотных іх займець, сёлета стала на траціну менш, чым год назад. У той жа час беларускія ўлады пагражаюць пазбаўляць грамадзянства так званых «беглых» і людзей, якіх назвалі «экстрэмістамі».

«Колькасьць беларусаў з расейскімі пашпартамі не істотная»

МУС Расейскай Фэдэрацыі са студзеня па чэрвень 2022 году выдала расейскія пашпарты 8 853 грамадзянам Беларусі. Летась за той жа пэрыяд расейскае грамадзянства атрымалі 12 154 беларусы, а ўсяго за 2021 год — 24 539. Гэта амаль у 2,5 раза больш, чым у 2020 годзе (тады было 10530 чалавек).

Днямі вялікі рэзананс выклікала інфармацыя, што «міністар абароны» Аб’яднанага пераходнага кабінэта Сьвятланы Ціханоўскай Валер Сахашчык мае расейскі пашпарт, які ён атрымаў аўтаматычна пасьля развалу СССР як вайсковец. Сахашчык прызнаўся, што зрэдку карыстаўся расейскім пашпартам у справах бізнэсу, калі ўжо не служыў. Аднак дасьведчаныя крыніцы сьцьвярджаюць, што сярод беларускіх вайскоўцаў, прадстаўнікоў сілавых структур, чыноўнікаў таксама ёсьць асобы з расейскімі пашпартамі.

Экс-адвакат Міхаіл Кірылюк, адказны за пытаньні юстыцыі ў Народным антыкрызісным кіраўніцтве, сябра Каардынацыйнай рады, лічыць, што колькасьць беларусаў з расейскімі пашпартамі ў прынцыпе не істотная.

«Прыкладна 25 тысяч за 2021 год і 9 тысяч за палову 2022-га — гэта, бадай, разоў у восем менш, чым тая колькасьць людзей, што за апошнія два гады зьехалі ў Эўропу (звыш 100 тысяч — у Польшчу; калі дадаць Літву, Нямеччыну, Гішпанію, іншыя краіны, то дакладна будзе ў 8-10 разоў больш, чым тых, хто атрымаў расейскія пашпарты).

Для мяне асабіста гэта сьведчыць пра тое, што беларусы — больш эўрапейская нацыя, чым азіяцкая. Мы арыентаваныя больш на эўрапейскія каштоўнасьці», — перакананы юрыст Міхаіл Кірылюк.

Прычыны атрыманьня расейскага пашпарта, на думку Міхаіла Кірылюка, у беларусаў могуць быць розныя. І са свайго досьведу праўніка ён пералічвае некалькі зь іх — найперш візавыя, эміграцыйныя.

«Я ведаю некалькіх чалавек, якія пасьля крызісу 2010-2011 гадоў, пасьля пабіцьця на плошчы, зьехалі ў Расею, працавалі там у сфэры ІТ, а калі пачалася вайна з Украінай, надумалі пераехаць у ЗША. Так здараецца. Хтосьці хоча весьці бізнэс, хтосьці хоча спрасьціць для сябе візавыя праблемы».

«Тыя людзі, якія цяпер ва ўладзе, — яны ляяльныя да Беларусі ці да Расеі?»

А вось наконт беларускіх вайскоўцаў, прадстаўнікоў сілавых структур і чыноўнікаў, якія вучыліся ў ВНУ, вайсковых вучэльнях, акадэміях Расеі, у 1990-я гады аўтаматычна атрымалі расейскае грамадзянства і маглі дагэтуль захаваць расейскія пашпарты, юрыст Міхаіл Кірылюк выказаў такую думку.

У Беларусі няма аднолькавых умоваў для людзей розных грамадзянстваў — няма прыкладаў, калі грамадзянін Швайцарыі, Амэрыкі альбо Літвы можа атрымаць нейкую дзяржаўную, а тым больш вайсковую, пасаду ў Беларусі. І толькі для грамадзян Расеі ёсьць выключэньні.

«Таму ў мяне такое ўзьнікае пытаньне: вось тыя людзі, якія цяпер ва ўладзе, — яны ляяльныя да Беларусі ці яны ляяльныя да Расеі?

Гэта не беларускія ўлады дазваляюць людзям атрымліваць расейскае грамадзянства. Гэта расейская ўлада дазволіла некаторым грамадзянам, такім, як Лукашэнка, спачатку незаконна захапіць уладу, і потым кантраляваць свой уплыў, у тым ліку і праз вайскоўцаў зь іншаземным грамадзянствам. І тут мяне больш ня іхнае грамадзянства турбуе. Мяне больш турбуюць каштоўнасьці. Бо чалавек, які вучыўся ў якой-небудзь вайсковай акадэміі Расеі, на курсах КГБ-ФСБ, для яго нармальна ўсё тое, што робяць гэтыя структуры. І яму, на мой погляд, ня месца на дзяржаўнай службе ў Беларусі».

У пацьверджаньне сваіх слоў спадар Кірылюк прыводзіць расьсьледаваньні расейскага апазыянэра Аляксея Навальнага, незалежнай міжнароднай каманды расьсьледнікаў і журналістаў Bellingcat.

«Я не лічу нармальным, што чалавек, які супрацоўнічаў з арганізацыямі, якія займаліся наёмнымі забойствамі, кшталту КДБ-ФСБ, Мінабароны Расеі ды іншымі, потым працуе на дзяржслужбе ў Беларусі. Для мяне гэта непрымальна. Гэта ненармальна па прыкмеце каштоўнасьцяў, а не грамадзянства. І самае дрэннае тое, што многія людзі зь беларускіх сілавых структур асацыююць сябе з Расеяй. Яны мэнтальна не грамадзяне Беларусі, яны мэнтальна грамадзяне «постсаўка», — перакананы Міхаіл Кірылюк.

Міхаіл Кірылюк
Міхаіл Кірылюк

«Немагчыма двухбаковую прававую сувязь разрываць у аднабаковым парадку»

19 верасьня ў Палату прадстаўнікоў паступіў праект Закону аб грамадзянстве. Як раней анансаваў зьмены ў законапраект Лукашэнка і яго атачэньне, «беглыя» і асобы, абвешчаныя экстрэмістамі, будуць пазбаўленыя беларускага грамадзянства. На думку Міхаіла Кірылюка, з пункту гледжаньня права гэта нонсэнс.

«Што тычыцца права, гэта забаронена ўсімі канстытуцыямі, у тым ліку і апошняй лукашэнкаўскай. У законе „Аб грамадзянстве“ чорным па белым напісана: „Грамадзянства — гэта ўстойлівая прававая сувязь з Рэспублікай Беларусь, што выяўляецца ў сукупнасьці іх ўзаемных правоў, абавязкаў і адказнасьці, заснаваная на прызнаньні і павазе годнасьці, асноўных правоў і свабод чалавека“.

Значыць, гэта двухбаковая прававая сувязь чалавека і дзяржавы. Немагчыма двухбаковую прававую сувязь разрываць у аднабаковым парадку. Гэта прававы нонсэнс. І ўсе прыклады пазбаўленьня грамадзянства — толькі ў гісторыі палітычных перасьледаў», — тлумачыць юрыст Міхаіл Кірылюк.

Ён перакананы, што любая краіна, дзе сёньня знаходзяцца беларусы, якія ўцяклі ад палітычнага перасьледу, будзе спрыяць у наданьні гэтаму чалавеку статусу ўцекача, міжнароднай абароны, спрошчанай працэдуры атрыманьня грамадзянства.

Водгукі і прапановы radiosvaboda@rferl.org

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG