Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выступ Зяленскага ў ААН: Кіеў дыктуе свае ўмовы аслабелай Маскве


Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падчас выступу на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН прадставіў украінскую пазыцыю што да ўмоваў заключэньня міру. Гэтыя ўмовы значна больш жорсткія, чым былі ўвесну.

Сьцісла:

  • Пазыцыя Украіны ў пытаньні мірных перамоваў з Расеяй стала больш жорсткай.
  • Цяпер Кіеў выступае за «пакараньне агрэсара» як перадумову мірнага пагадненьня.
  • Афіцыйны Кіеў адчувае моцную падтрымку Захаду, украінскага грамадзтва. І гэта ўплывае на ягоную пазыцыю.
  • Сам факт абвешчанай мабілізацыі ў Расеі сьведчыць пра палітычную і ваенную слабасьць РФ.

Абвешчаная Пуціным мабілізацыя ў Расеі азначае новы паварот у вайне РФ супраць Украіны. Склалася новая сытуацыя. І было вельмі важна пабачыць рэакцыю Ўкраіны на гэтае рашэньне Масквы.

Пазыцыя Кіева выявілася ў выступе Ўладзіміра Зяленскага ў ААН, які прагучаў на другі дзень пасьля заявы Пуціна. Гэты выступ варта лічыць прынцыповым, нават праграмным. Сымбалічна, што ён адбыўся ў ААН, так бы мовіць, перад вачыма сусьветнай супольнасьці.

З гэтага выступу стала зразумела, што пазыцыя Ўкраіны ў пытаньні мірных перамоваў з Расеяй стала больш жорсткай. Ва ўсялякім разе, у параўнаньні з той, якой яна была на пачатку вайны. Нагадаю, што ў канцы сакавіка, падчас перамоваў паміж дэлегацыямі Расеі і Ўкраіны ў Стамбуле, Кіеў гатовы быў на перамір’е пры вяртаньні межаў на дату 23 лютага, то бок да пачатку вайны. Таксама, паводле інфармацыі з паўафіцыйных крыніц, Украіна магла пагадзіцца на захаваньне нэўтральнага статусу і адмову ад уступленьня ў NATO. Нагадаю, тады расейскія войскі стаялі пад Кіевам, сытуацыя для Ўкраіны была больш пагрозьлівая.

Цяпер пазыцыя Ўкраіны стала рашучай і нават радыкальнай. Кіеў патрабуе вяртаньня ўсіх захопленых тэрыторый, уключна з Крымам. З выступу Зяленскага вынікае, што зараз Украіна адкідае патрабаваньне Расеі аб нэўтральным статусе. Больш за тое, цяпер Кіеў выступае за «пакараньне агрэсара» як перадумову мірнага пагадненьня. Фактычна гэта азначае, што Ўкраіна пагодзіцца на мір толькі пры ўмове капітуляцыі Расеі. Інакш як можна пакараць агрэсара? Наколькі рэалістычная такая пазыцыя — іншае пытаньне.

Дарэчы, Пуцін падчас свайго выступу 21 верасьня таксама ўзгадаў, што Ўкраіна адмовілася ад сваёй стамбульскай пазыцыі і пачала вылучаць больш жорсткія патрабаваньні. Ён патлумачыў гэта ціскам з боку Захаду. Маўляў, ЗША і ЭЗ падбухторваюць Украіну да працяглай вайны з Расеяй.

Мяркую, дзеяньні Захаду тут сапраўды паўплывалі на пазыцыю Ўкраіны. Але зусім ня ў тым сэнсе, як гэта трактуе Пуцін. Кіеў убачыў, што заходнія краіны, пасьля кароткага хістаньня і паўзы, рашуча падтрымалі Ўкраіну зброяй, грашыма, палітычнымі дзеяньнямі, санкцыямі на адрас Расеі. І гэта дадало рашучасьці ўкраінскаму кіраўніцтву.

Акрамя таго, памянялася сытуацыя на фронце. Расея была вымушаная вывесьці свае войскі з-пад Кіева. Контранаступ ЗСУ ў Харкаўскай вобласьці моцна натхніў усіх украінцаў.

Афіцыйны Кіеў адчувае моцную падтрымку грамадзтва. Як сьведчаць вынікі апытаньня, праведзенага Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялёгіі, абсалютная большасьць украінцаў (87%) не гатовыя пайсьці ні на якія тэрытарыяльныя саступкі дзеля як найхутчэйшага спыненьня вайны з Расеяй.

Нарэшце, сам факт абвешчанай мабілізацыі ў Расеі сьведчыць пра палітычную і ваенную слабасьць РФ, яе няздольнасьць прадэманстраваць посьпех на фронце без надзвычайных захадаў.

Таму мабілізацыя ня толькі не напужала ўкраінцаў, а дадала ім рашучасьці. Што і вынікае з выступу Зяленскага ў ААН,

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG