Паводле ўладаў Ўкраіны, Расея незаконна перамясьціла на сваю тэрыторыю ад 900 тысяч да 1,6 мільёна грамадзян Украіны, у тым ліку 7 322 дзяцей.
У Расеі з студзеня па чэрвень 2022 году толькі 27 грамадзян Украіны атрымалі статус уцекача, а часовае прыстанішча — 68 868 украінцаў.
Такую статыстыку апублікавала расейская грамадзкая арганізацыя «Гражданское содействие», якая з 1990 году дапамагае ўцекачам і мігрантам у Расеі.
Паводле ААН, з пачатку расейскага ўварваньня з Украіны ў Расею выехалі 2 593 209 украінскіх грамадзян. Улады Ўкраіны заяўлялі, што Расея незаконна перамясьціла на сваю тэрыторыю ад 900 тысяч да 1,6 мільёна грамадзян Украіны, у тым ліку 7 322 дзяцей.
Згодна з інфармацыяй Міністэрства ўнутраных спраў Расеі, скарацілася і колькасьць украінцаў, ахвочых атрымаць расейскае грамадзянства. У студзені–чэрвені 2022 году грамадзянства Расеі атрымалі 105 639 выхадцаў з Украіны. Год таму (у студзені–чэрвені 2021 году) расейскі пашпарт атрымалі 184 385 украінцаў.
«Скарачэньне колькасьці грамадзян Украіны, якія атрымалі расейскае грамадзянства, на наш погляд, у шмат чым, хоць і не ва ўсім, тлумачыцца тым, што з 2019 году, калі расейскія ўлады ўвялі спрошчаны парадак атрыманьня пашпартоў, ужо шмат з тых, хто хацеў стаць грамадзянамі Расеі, гэта зрабілі. З 2019 году да студзеня–сакавіка 2022-га ўключна толькі праз органы МУС расейскія пашпарты атрымалі 1 140 296 выхадцаў з Украіны», — адзначылі ў арганізацыі «Гражданское содействие».
Прадстаўнікі арганізацыі мяркуюць, што скарачэньне колькасьці ўкраінцаў, ахвочых атрымаць грамадзянства Расеі, зьвязана з пагаршэньнем эканамічнай і сацыяльна-палітычнай сытуацыі ў краіне.
Украінскія ўлады з пачатку вайны заяўляюць, што Расея на акупаваных украінскіх тэрыторыях праводзіць прымусовую пашпартызацыю ўкраінцаў. Украіна неаднаразова заклікала міжнародную супольнасьць не прызнаваць расейскіх пашпартоў, выдадзеных грамадзянам Украіны.
У той жа час дакладная інфармацыя аб колькасьці выдадзеных Расеяй сваіх пашпартоў украінцам на акупаваных тэрыторыях адсутнічае.