Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта барацьба з інфляцыяй». Чаму ўлады Беларусі паступова адмяняюць эмбарга на прадукты з ЭЗ


Першага студзеня Беларусь увяла эмбарга на шэраг прадуктаў з ЭЗ, але пасьля таго гэты закон ужо некалькі разоў паслаблялі. Разьбіраемся, чаму.

1 студзеня ўлады Беларусі ўвялі эмбарга на шэраг тавараў з ЭЗ, Вялікай Брытаніі, Канады і Нарвэгіі.

Пад забарону тады падпалі мясныя прадукты, прадукты зь мяса птушкі, каўбасы, малочная прадукцыя, гародніна, садавіна, арэхі, кандытарскія вырабы, соль.

А далей абмежаваньні пачалі здымаць.

З 27 красавіка ўлады Беларусі дазволілі завозіць зь «недружалюбных» краін яблыкі, грушы, гарбузы, баклажаны, баўгарскі перац, рукалу, шпінат.

У чэрвені з-пад эмбарга вывелі абрыкосы, сьлівы, нектарыны, хурму, а таксама летнія ягады — вішні і чарэшні.

30 жніўня забарону на ўвоз зьнялі з пэкінскай капусты, сельдэрэю, клемэнтынаў і ківі, а таксама з замарожаных абрыкосаў і пэрсікаў.

«Улады ня могуць прызнаць сваю памылку»

Эмбарга было першапачаткова пройгрышнай задумай, пра гэта гаворыць старшы навуковы супрацоўнік Beroc Леў Львоўскі. Такім жа шляхам раней пайшла Расея, і гэта ні да чога не прывяло.

«Гэта было першапачаткова дрэннае рашэньне. Было зразумела, што для беларускіх спажыўцоў прадукты падаражэюць. Нават у выпадку з Расеяй, калі яны таксама ўводзілі эмбарга раней — гэтае эмбарга было правалам. Мы ня ўбачылі банкруцтва фэрмэраў у Польшчы ды іншых эўрапейскіх краінах. Грамадзяне Расеі сталі плаціць больш. Яны сталі меней спажываць тавараў, якія падпалі пад эмбарга.

У выпадку зь Беларусьсю гэта не магло дасягнуць нейкай мэты, Беларусь — малы спажывец. Эўрапейцы знойдуць, куды збыць прадукты, а беларускія грамадзяне цярпяць. Калі раней, умоўна, было 10 сартоў яблыкаў, а цяпер іх пяць. Гэты адкат — адзін з захадаў барацьбы супраць інфляцыі. Беларускі ўрад ня можа зьняць эмбарга цалкам — гэта значыць прызнаць сваю памылку. Таму яго адмяняюць па частках», — кажа Леў Львоўскі.

А што з забароненага ёсьць у беларускіх крамах?

Напрыклад, пад забаронай на ўвоз усё яшчэ застаюцца малако і малочныя вырабы, мяса, кандытарскія вырабы.

Сыроў, тварагу і малака з эўрапейскіх краін у Е-дастаўцы не знаходзім: толькі Беларусь, Расея, Армэнія і Аргентына, але ёсьць два віды ёгурту з Даніі.

Знаходзім таксама кансэрваваны зялёны гарошак з Вугоршчыны.

Ёсьць у продажы вафлі з Італіі і лаваш з Польшчы.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG