У выніку расейскага абстрэла дамбы ў Крывым Розе падтоплена 112 жылых дамоў, два раёны горада засталіся без вады

Разбураная расейскай ракетай дамба ў Крывым Рогу, 14 верасьня
Разбураная расейскай ракетай дамба ў Крывым Рогу, 14 верасьня

У ноч на чацьвер у двух раёнах Крывога Рога была абвешчаная частковая эвакуацыя насельніцтва.

У Крывым Рогу падтоплена 112 прыватных жылых дамоў і дачных участкаў, ідзе рамонт пашкоджанага водаправоду ў раёнах Вайсковага Гарадка і Макулана, паведаміў старшыня Крывароскай АВА Аляксандар Вілкул.

«Сытуацыя на нашым напрамку фронту кантралюецца. У Крывым Рогу і Крывароскім раёне ноччу абстрэлаў не было. Былі абстрэлы на нашым кірунку ў Марганецкай і Нікапальскай грамадах. Пяць абстрэлаў. Ёсьць разбурэньне, але самае галоўнае — бяз страт», — паведаміў Вілкул у Telegram.

Ён адзначыў, што ўсю ноч ішла ліквідацыя наступстваў расейскіх абстрэлаў горада ракетамі «Кінжал» і «Іскандэр».

У прыватнасьці, двойчы быў зроблены падрыў дамбы паблізу Чарнагоркі для павелічэньня прапускной здольнасьці.

«Пакуль яшчэ працягваецца ліквідацыя аварыі. Але плынь вады значна зьменшылася і ўзровень там, дзе ёсьць падтапленьне, пачаў спадаць. Усяго падтоплена 112 жылых прыватных дамоў і дачных участкаў. Гэта Гданцаўка і Матронаўка ў Інгулецкім раёне. Мы таксама праводзілі ноччу эвакуацыю людзей. Думаю, што сёньня скончым цалкам ліквідацыю», — заявіў Вілкул.

Ён дадаў, што вады няма ў Вайсковым Гарадку і на Макулане — туды адправілі вадавозы.

14 верасьня расейскія войскі нанесьлі 8 ракетных удараў па збудаваньнях у Крывым Рогу, што пацягнула за сабой павышэньне ўзроўню вады на рацэ Інгулец і пагражае падтапленьнем шэрагу населеных пунктаў у Днепрапятроўскай і Херсонскай абласьцях. У ноч на чацьвер у двух раёнах Крывога Рога была абвешчаная частковая эвакуацыя насельніцтва.

​
XS
SM
MD
LG