У ЗША два сэнатары прадставілі законапраект аб прызнаньні Расеі краінай-спонсарам тэрарызму

сэнатары Рычард Блюмэнталь і Ліндсі Грэм ў Кіеве
сэнатары Рычард Блюмэнталь і Ліндсі Грэм ў Кіеве

У выпадку яго прыняцьця супраць Расеі можна будзе падаваць пазовы ў судах ЗША за дзеяньні Масквы ва Ўкраіне.

Два сэнатары – дэмакрат Рычард Блюмэнталь і рэспубліканец Ліндсі Грэм – унесьлі на разгляд верхняй палаты Кангрэса двухпартыйны законапраект, у адпаведнасьці зь якім Расея кваліфікуецца як дзяржава-спонсар тэрарызму.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Раней наданьне такога статусу Расеі ад Вашынгтона запатрабавала Ўкраіна, але адміністрацыя Байдэна выступае супраць падобнага кроку.

Прадстаўляючы законапраект на прэс-канфэрэнцыі, сэнатар Блюмэнталь заявіў, што «неабходнасьць у гэтай меры цяпер як ніколі актуальная», спаслаўшыся на забойствы мірных украінцаў і іншыя праявы жорсткасьці, якія суправаджаюць расейскае ўварваньне ва Ўкраіну.

Сэнатар Грэм, іншы суаўтар законапраекта, падкрэсьліў, што ўключэньне Расеі ў сьпіс дзяржаў-спонсараў тэрарызму паслужыць пераканаўчым сьведчаньнем амэрыканскай падтрымкі як Кіеву, так і іншым саюзьнікам ЗША, і адначасова дазволіць уводзіць супраць Расеі жорсткія санкцыі. У прыватнасьці, у выпадку прыняцьця гэтага законапраекта супраць Расеі можна будзе падаваць іскі ў судах ЗША за дзеяньні Масквы ва Ўкраіне.

Пакуль незразумела, калі законапраект вынесуць на галасаваньне. Блюмэнталь і Грэм, пачынаючы зь ліпеня, адразу пасьля наведваньня Кіева, лабіравалі прызнаньне Расеі дзяржавай-спонсарам тэрарызму. Падтрымку гэтай ініцыятыве тады ж выказала сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Нэнсі Пэлосі. Яна заявіла, што гэтая мера «даўно насьпела».

Прэзыдэнт Байдэн 7 верасьня заявіў, што яго адміністрацыя не плянуе ўнясеньня Расеі ў сьпіс дзяржаў-спонсараў тэрарызму. Прадстаўнікі Белага Дома гавораць, што не лічаць гэтую меру найбольш эфэктыўным спосабам прыцягнуць Расею да адказнасьці і што такі крок можа перашкодзіць дастаўцы гуманітарнай дапамогі ва Ўкраіну.

​
XS
SM
MD
LG