Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Reuters: Пуцін на пачатку вайны адкінуў пагадненьне па Ўкраіне, якое ўключала адмову Кіева ад уступленьня ў NATO

Зьнішчаная пад Ізюмам расейская вайсковая тэхніка, 13 верасьня 2022 году
Зьнішчаная пад Ізюмам расейская вайсковая тэхніка, 13 верасьня 2022 году

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на пачатку вайны адхіліў пагадненьні па Ўкраіне, якія ўключалі ў сябе адмову Кіева ад уступленьня ў NATO, паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на тры крыніцы, блізкія да расейскага кіраўніцтва.

Паводле дадзеных суразмоўцаў выданьня, гэтую папярэднюю ўгоду з украінскімі ўладамі падрыхтаваў намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Козак. На думку чыноўніка, пагадненьне, якога ён дасягнуў з Украінай, пазбавіла б Расію ад неабходнасьці праводзіць поўнамаштабнае ўварваньне. Аднак Пуцін ясна даў зразумець, што незадаволены гэтымі саступкамі і плянуе акупаваць тэрыторыю Ўкраіны, гаворыцца ў публікацыі.

«Пасьля 24 лютага Козаку далі карт-блянш: далі яму зялёнае сьвятло. Ён атрымаў пагадненьне. Ён яго вярнуў, і яны сказалі, што ўсё трэба прыбраць. Усё было адменена. Пуцін проста зьмяніў плян па ходзе», — паведамляе адна з крыніц агенцтва.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў адзначыў у камэнтары Reuters: «Гэта ня мае абсалютна ніякага дачыненьня да рэальнасьці. Нічога падобнага ніколі не было. Гэта абсалютна няправільная інфармацыя».

Дарадца прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк заявіў, што Расея выкарыстоўвала перамовы як дымавую заслону для падрыхтоўкі да поўнамаштабнага ўварваньня, аднак не пацьвердзіў, ці было дасягнутае папярэдняе пагадненьне. «Сёньня мы дакладна разумеем, што расейскі бок ніколі ня быў зацікаўлены ў мірным урэгуляваньні», — сказаў ён.

Дзьмітрый Козак не адказаў на запыт аб камэнтары.

Першыя раўнды перамоваў Расеі і Ўкраіны аб урэгуляваньні канфлікту праходзілі ў вочным фармаце на беларускай тэрыторыі. Потым сустрэчы праводзіліся празь відэасувязь. Апошні раўнд сустрэч расейскай і ўкраінскай дэлегацый адбыўся ў Стамбуле 29 сакавіка. Пасьля іх РФ абвясьціла пра «кардынальнае» скарачэньне сваёй ваеннай актыўнасьці на кіеўскім і чарнігаўскім напрамках, заявіўшы, што гэта было зроблена «ў мэтах павышэньня ўзаемнага даверу».

Украінская дэлегацыя, у сваю чаргу, прадставіла ў Стамбуле свае прапановы па мірнай дамове. У ёй павінна быць прапісаная новая сыстэма гарантый бясьпекі для Ўкраіны, па аналёгіі з 5-м артыкулам статуту NATO; Украіна ня будзе разьмяшчаць на сваёй тэрыторыі замежныя вайсковыя базы і ўступаць у вайсковыя альянсы; пытаньні анэксаванага Крыму Кіеў прапануе Маскве абмяркоўваць на працягу наступных 15 гадоў.

Цяпер мірныя перамовы паміж Украінай і Расеяй не вядуцца.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG