Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Горадзеншчыне зноў разбурылі могілкі жаўнераў Арміі Краёвай. Гэта ўжо сёмы выпадак


Так цяпер выглядаюць могілкі жаўнераў АК у вёсцы Плябанішкі Горадзенскага раёну
Так цяпер выглядаюць могілкі жаўнераў АК у вёсцы Плябанішкі Горадзенскага раёну

На гэты раз зьнішчана пахаваньне ў вёсцы Плябанішкі Горадзенскага раёну.

Пра чарговае здарэньне паведамілі выданьню MOST прадстаўнікі Саюзу палякаў у Беларусі. Гэта сёмы вядомы выпадак разбурэньня магіл Арміі Краёвай на Горадзеншчыне.

Тут пахаваныя чатыры жаўнеры АК, якія загінулі ў сутычцы зь немцамі 24 верасьня 1943 году каля вёскі Плябанішкі: Казімір Ахрамовіч (Jarski), Мечыслаў Місюта (Nieznany), Баляслаў Місюра (Swierk), Анна Зарыцка (Czarna Hanka).

Вёска Плябанішкі знаходзіцца за 23 кілямэтры на поўнач ад Горадні, каля беларуска-літоўскай мяжы.

У верасьні 1943 году група жаўнераў Арміі Краёвай, у ліку якіх быў паранены капітан Баляслаў Місюра, затрымалася ў лесьнічоўцы каля вёскі Плябанішкі. Солтыс вёскі данёс пра гэта немцам, якія прыбылі ў Плябанішкі і атакавалі жаўнераў. Былі забітыя Баляслаў Місюра і санітарка Ганна Зарыцкая. Цела капітана згарэла ў падпаленай лесьнічоўцы, пасьля чаго немцы ўкінулі астатніх забітых у калодзеж, а цела санітаркі павезьлі ў бок Гожы і закапалі пры дарозе. Мясцовыя жыхары перапахавалі палеглых.

Так выглядалі могілкі ў лютым 2011 года
Так выглядалі могілкі ў лютым 2011 года

Крыж на месцы сутычкі і гібелі жаўнераў АК быў пастаўлены ў 90-я гады на сродкі Гэлены Пшэпесьць, якая нарадзілася ў Плябанішках, а пасьля жыла ў Гданьску.

Шэсьць раней вядомых выпадкаў

Акт вандалізму ў Плябанішках — першы вядомы выпадак у верасьні. Раней было вядома пра шэсьць выпадкаў разбурэньня магіл жаўнераў Арміі Краёвай у Горадзенскім рэгіёне.

1 ліпеня СМІ паведамілі пра разбурэньне пахаваньняў у Ёдкавічах Бераставіцкага раёну, 4 ліпеня — у Мікулішках Ашмянскага, 8 ліпеня — у Ваўкавыску, 9 ліпеня — у Качычах Карэліцкага раёну. 22 ліпеня стала вядома пра разбурэньне могілак жаўнераў АК у Стрыеўцы пад Горадняй. 25 жніўня каля вёскі Сурканты ў Горадзенскай вобласьці невядомыя зраўнялі зь зямлёй могілкі жаўнераў Арміі Краёвай — адны з найбуйнейшых у рэгіёне. Таксама вядома, што каля вёскі Пяскоўцы быў разбураны памятны знак палякам, якія загінулі ў баях з войскамі НКВД.

Старшыня Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімір Каранік як кіраўнік рэгіёну сытуацыю не камэнтуе. Ён далей запрашае польскіх турыстаў скарыстацца бязьвізавым рэжымам і наведаць Горадзеншчыну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG