Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады паабяцалі падняць заробкі настаўнікам, але праз 3 гады. Глядзім, што ім ужо абяцалі раней і што з гэтага выйшла


Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Міністар адукацыі Андрэй Іванец паабяцаў, што заробкі настаўнікаў будуць складаць 106% ад сярэдняга па краіне, але не адразу, а да 2025 году. Калі ж браць цяперашні заробак у адукацыі за чэрвень, то ён складае 77% ад сярэдняга па Беларусі. Заробкі настаўнікам абяцаюць павысіць ня першы раз.

2016 год. «Падняць заробак настаўнікам на чвэрць»

У верасьні 2016 году Лукашэнка паабяцаў падняць заробак настаўнікам на чвэрць. Гэта, на ягоную думку, павінна было замацаваць настаўнікаў у школах і спыніць адток кадраў.

Сярэдні заробак у адукацыі па выніках 2016 году склаў 515,6 рубля — пры сярэднім заробку 722,7 рубля па ўсіх сфэрах. Па выніках 2017 году сярэдні заробак у адукацыі — 567,5 рубля. За год ён вырас толькі на 9%, а зусім не на чвэрць, як абяцаў Лукашэнка.

Сярэдні ж заробак за год у рублях вырас на 12%, то бок рос хутчэй, чым у настаўнікаў.

2018 год. «Падняць заробак настаўнікам удвая»

У лютым 2018 году Лукашэнка запатрабаваў павялічыць заробак настаўнікам удвая «за бліжэйшыя гады».

У 2018 годзе сярэдні заробак у адукацыі — 665 рублёў. У 2019 годзе — 774,3 рубля. За год рост 14%, але абяцаньне было «за некалькі гадоў».

У 2020 годзе заробак настаўніка складаў 871,7 рубля. Рост у параўнаньні з 2018-м — 23,7%. Ніяк не палова.

І нават праз тры гады, у 2021 годзе, заробак у настаўніка вырас толькі на траціну, да 969,7 рублёў, але ніяк не ўдвая.

Калі пералічваць у даляры, то за тры гады сярэдні заробак у адукацыі вырас з 327 да 383 даляраў. То бок на 14,6%.

У чэрвені 2022 году сярэдні заробак у адукацыі вырас да 1251,3 рубля. Рост за 4 гады (з 2018 году) у 1,8 раза, або амаль удвая. Аднак у далярах ён дарос да 496, або падняўся на 34%.

Што з кадрамі ў школах?

У 2018 годзе, калі настаўнікам абяцалі падняць заробак удвая, у школах працавалі 114,9 тысячы настаўнікаў. А ў мінулым навучальным годзе — 106,7 тысячы. Або на 8,2 тысячы менш.

Гэта магчыма было б патлумачыць меншай колькасьцю вучняў, але вучняў стала, наадварот, больш. З 994,5 тысячы ў 2018 годзе іх колькасьць павялічылася да 1,076 мільёна ў 2022-м.

У адным толькі Заводзкім раёне Менску ў школах 87 вакансій, большасьць месцаў — для настаўнікаў.

У Партызанскім раёне Менску ў школах і дзіцячых садках 160 вакансій.

Ва ўстановах адукацыі Кастрычніцкага раёну Менску 243 вакансіі,о у Фрунзэнскім раёне — 569 вакансій, у Цэнтральным — 223, у Савецкім — 307, у Маскоўскім — 334.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG