Сапраўдныя змоўшчыкі — пры ўладзе. Пра што сьведчаць прысуды Фядуту-Кастусёву-Зянковічу

Асуджаныя Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў
Асуджаныя Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў

Сапраўдныя змоўшчыкі супраць народу — гэта тыя, хто захапіў уладу праз фальсыфікацыю на выбарах, праігнараваўшы нормы закону, маралі і справядлівасьці.

Калі аналізуеш акалічнасьці справы Фядуты-Кастусёва-Зянковіча, то разумееш, як лёгка пасьля 2020 году беларускім сілавікам знаходзіць патэнцыйных «змоўшчыкаў»: выберы 10 выпадковых беларусаў, пачні сачыць за імі і праслухоўваць — і акажацца, што палова зь іх абавязкова ў нейкай непарлямэнцкай форме абмяркоўвалі штосьці «такое».

Як вынікае з матэрыялаў судовага паседжаньня і з апошняга слова Аляксандра Фядуты, «змоўшчыкаў» спэцслужбы «вялі» даволі даўно, ад жніўня 2020 году, фактычна падштурхоўваючы, правакуючы іх на пэўныя дзеяньні і сустрэчы. Відавочна, гучная справа патэнцыйных «тэрарыстаў» была неабходная ўладзе, каб прадэманстраваць, што апазыцыя нібыта зусім ня мірная і не дэмакратычная.

У сваёй яркай апошняй прамове ў судзе Аляксандар Фядута падрабязна спыніўся ў тым ліку і на ўласных матывах удзелу ў «змове».

«Фядута: Спадар абвінаваўца дазволіў сабе паіранізаваць зь мяне, спытаўшы, ці не высокія матывы сталі прычынай маіх дзеяньняў. Але гэта так! (...)

Калі ні закон у выглядзе Сьледчага камітэту, ні Бог у выглядзе царквы не спынілі грамадзянскае вайны, што пачалася ў краіне, хтосьці ж павінен быў стаць на яе шляху?! Калі ўся праваахоўная сыстэма краіны стала сыстэмай аховы праваахоўніка ад права, дык яна павінна аднавіцца. Няхай нават і шляхам беззаконьня цягам месяца. Гэта лепей, чым два гады, якія мы ўсе жывём без закону».

Я асабіста не сумняюся, што Аляксандар Фядута кіраваўся акурат тымі самымі высокімі матывамі. Мяркую, тут і маральны аспэкт: адчуваньне віны і імкненьне «выправіць» сваю памылку 1994 году, калі на першых выбарах прэзыдэнта Беларусі Фядута быў у камандзе будучага пераможцы, Аляксандра Лукашэнкі. Тут і гістарычны аспэкт: Фядута агучыў сваю прамову ў судзе, ведаючы, што яна ўвойдзе ў гісторыю і што ягонае імя пры любым разьвіцьці падзей будзе зьвязанае з гэтай прамовай.

Бо гісторыя расстаўляе ўсё на свае належныя месцы. Гэта як, напрыклад, у фільме «Апэрацыя Валькірыя» пра нямецкіх афіцэраў, якія рыхтавалі замах на Гітлера і спробу вайсковага перавароту. З пункту гледжаньня тагачаснай фашысцкай улады яны былі «здраднікамі дзяржавы». Але з гледзішча гісторыі і новай дэмакратычнай Нямеччыны — яны героі.

Гэтак і ў цяперашняй беларускай гісторыі. Сапраўдныя змоўшчыкі супраць народу — тыя, што захапілі ўладу праз фальсыфікацыю на выбарах, наплявалі на закон і справядлівасьць, б’юць, арыштоўваюць і саджаюць нявінных людзей за выказваньне сваёй грамадзянскай пазыцыі.

У амэрыканскай, нямецкай, францускай Канстытуцыях ёсьць радкі і палажэньні, якія прызнаюць «права народу на паўстаньне». Яшчэ ў XII стагодзьдзі багаслоў Ян з Солсбэры пісаў: «Забіць тырана ня толькі законна, але і справядліва».

«Калі ўрад парушае права народу, паўстаньне для народу і для кожнай ягонай часткі ёсьць сьвятое права і неадкладны абавязак», — сказана ў Дэклярацыі правоў чалавека і грамадзяніна Францыі ў 1789 годзе. А ў 1971 годзе Канстытуцыйны суд Францыі прызнаў Дэклярацыю юрыдычна абавязковым дакумэнтам. То бок, калі нічога не застаецца, тады — «любыя сродкі».

Як сьведчыць гісторыя, змовы і рэальныя ваенныя перавароты здараюцца выключна ў тых краінах, дзе няма дэмакратыі, дзе няма магчымасьці законнай замены ўлады, дзе ігнаруюцца правы грамадзян.

Лукашэнка днямі заявіў: «Мы дарма не рызыкнулі прапанаваць людзям выбіраць органы ўлады, асабліва прэзыдэнта, на Ўсебеларускім народным сходзе».

Беларусь і так даўно стала краінай, дзе ўладу фактычна немагчыма зьмяніць ніякім легальным спосабам, а цяпер гэта хочуць замацаваць і юрыдычна.

Калі ўладу нельга зьмяніць законным шляхам, праз дэмакратычныя выбары, то застаюцца выключна іншыя спосабы. Ня самыя прыгожыя і ня самыя мяккія. Палацавыя перавароты, змовы, «табакеркі», грамадзянскія войны. Зрэшты, «гісторык», які заяўляў, што Францыск Скарына працаваў у Піцеры, можа гэтага і ня ведаць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году.

​
XS
SM
MD
LG