Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб’яднаньне экс-сілавікоў Беларусі ByPol прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй, «Хартыю’97» — экстрэмісцкім фармаваньнем. У ByPol адказалі


Эмблема аб’яднаньня экс-сілавікоў Беларусі ByPol
Эмблема аб’яднаньня экс-сілавікоў Беларусі ByPol

У ByPol ужо адрэагавалі на гэтае рашэньне Вярхоўнага суду: Значыць, мы ідзем у правільным кірунку.

Вярхоўны Суд Беларусі прызнаў нефармальную арганізацыю «ByPol» з структурнымі падразьдзяленьнямі «Сытуацыйна-аналітычны цэнтар» і Мабілізацыйны плян «Перамога», якія ўваходзяць у яе, тэрарыстычнай арганізацыяй, паведамляе прэс-служба Генэральнай пракуратуры.

Рашэньне было ўхваленае па заяве генэральнага пракурора Андрэя Шведа.

«Дзейнасьць арганізацыі зьвязана з фармаваньнем у грамадзтве ідэй радыкалізму і схіленьня грамадзян да экстрэмісцкай дзейнасьці для зьмены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь незаконным шляхам», — сьцьвярджае Генпракуратура.

Паводле зьвестак ведамства, у выніку дзейнасьці арганізацыі «на тэрыторыі краіны зьдзейсьнены розныя злачынствы экстрэмісцкай накіраванасьці, уключаючы акты тэрарызму».

«З 30 жніўня 2022 году дзейнасьць арганізацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забаронена, а любы ўдзел у ёй прывядзе да надыходу крымінальнай адказнасьці», — піша Генпракуратура.

ByPol — гэта абʼяднаньне былых сілавікоў, якія звольніліся з органаў пасьля падзей 2020 году; яны выкрываюць гвалт і правапарушэньні ў сілавых структурах і атачэньні Лукашэнкі.

ByPol: значыць, мы ідзём у правільным кірунку

Прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў Аляксандар Азараў адказаў Zerkalo.io, як у ByPol паставіліся да такога рашэньня:

«Я не сачу за дзеяньнямі пракуратуры ці яшчэ кагосьці, — сказаў Азараў. — Калі папраўдзе, я думаў, нас ужо даўно прызналі. У сьпісе тэрарыстаў мы з сакавіка 2021 году, калі распачалі крымінальную справу за тэрарызм. Уключалі тады нас, Латушку і Ціханоўскую. Для мяне гэта не асаблівая навіна. Для мяне гэта знак якасьці. Значыць, мы ідзём у правільным кірунку і робім усё правільна.

Наконт таго, што ByPol прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй па заяве генэральнага пракурора Андрэя Шведа, Азараў зазначыў:

«Швед гэта зрабіў, я так думаю, чыста для свайго піяру перад Лукашэнкам. Ён піярыцца на нашым імені. Гэта паказвае, што ўлады з намі ўсё ж лічацца і баяцца. Далей я ўжо ня ведаю, што. Назваць сатаной і аддаць пад анафэму? На нашу працу гэта не паўплывае, мы будзем яе працягваць, а рашэньне пракуратуры, наадварот, нас падбадзёрыць. Я вось з самай раніцы прымаю віншаваньні ад усіх».

МУС унесла «Хартыю’97» у сьпіс экстрэмісцкіх фармаваньняў

МУС прызнала «Хартыю’97» экстрэмісцкім фармаваньнем, унёсшы яе ў адпаведны сьпіс. Цяпер у ім 84 «групы грамадзян». Рашэньне было ўхваленае 30 жніўня.

Пад фармаваньнем разумеецца група грамадзян, у тым ліку праз тры інтэрнэт-сайты «Хартыяʼ97» і яе сацыяльныя сеткі.

Што такое ініцыятыва ByPol

У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.

Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.

Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).

Iніцыятыва аб’ядноўвае былых беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.

У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім. 8 лістапада 2021 суд вызнаў ByPol і распрацаваны ініцыятывай мабілізацыйны плян «Перамога» «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

У чэрвені 2023 году ByPol раскалоўся, удзельнікі нутранога канфлікту паспрачаліся паміж сабой, у выніку спатрэбілася ўрэгуляваньне пры дапамозе АПК. Пасьля перамоваў бакоў з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай ініцыятыва падзялілася на фонд ByPol і аб’яднаньне BelPol.

BelPol стаў праваўладальнікам «тэхнічных і інтэлектуальных магчымасьцяў і інструмэнтаў» першапачатковай арганізацыі. У сваю чаргу, фонд, які ўзначальвае Аляксандар Азараў, захаваў толькі юрыдычную назву ByPol і плян «Перамога».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG