Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ByPol: Выкладчыкі і курсанты Вайсковай акадэміі ўдзельнічалі ў фальсыфікацыі выбараў 2020 году


Ілюстрацыйнае фота. на адным з выбарчых участкаў у Менску падчас выбараў 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. на адным з выбарчых участкаў у Менску падчас выбараў 2020 году

У новым расьсьледаваньні ByPol расказвае, як выкладчыкі і курсанты Вайсковай акадэміі Беларусі ўдзельнічалі ў фальсыфікацыях вынікаў галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году і папярэдніх, а таксама на рэфэрэндуме па зьменах у Канстытуцыю 2022 году. 

Адзін з герояў расьсьледаваньня, намесьнік начальніка акадэміі па ідэалягічнай рабоце палкоўнік Г. (ByPol называе яго імя і прозьвішча), у жніўні 2020 году быў старшынём выбарчай камісіі на ўчастку № 55 у Менску. У камісіі таксама працавалі яго падапечныя — курсанты акадэміі.

Паводле ByPol, увечары 9 жніўня 2020 году Г., карыстаючыся службовым становішчам, прымусіў курсантаў акадэміі «хлусіць пра вынікі выбараў, красьці галасы выбаршчыкаў і займацца падробкай».

Паводле афіцыйнага выніковага пратаколу, на ўчастку № 55 за Сьвятлану Ціханоўскую прагаласавалі 59 чалавек, але на плятформу «Голас» ад выбаршчыкаў гэтага ўчастку для галасаваньня было адпраўлена 307 галасоў на яе карысьць, зь іх 178 — з фатаздымкамі бюлетэняў. Прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы «Законнасьць» сабралі і двойчы падавалі ў пракуратуру сьведчаньні зьдзяйсьненьня Г. парушэньняў на ўчастку № 55, але атрымалі «адпіскі», адзначае ByPol.

Г. быў сярод чальцоў выбарчай камісіі № 79 і на выбарах прэзыдэнта 2015 году. У суседняй камісіі № 78 тады старшыняваў палкоўнік М., на той момант намесьнік начальніка агульнавайсковага факультэту па вучэбнай і навуковай рабоце Вайсковай акадэміі. Менавіта ён у жніўні 2020 году аддаў загад курсантам на адкрыцьцё агню па мірных пратэстоўцах.

На суседнім участку старшынёй быў падпалкоўнік у адстаўцы Ш., рэдактар дзяржаўнай газэты «Час патрыётаў», які, паводле вынікаў маніторынгу плятформы «Голас», занізіў колькасьць галасоў выбаршчыкаў за Ціханоўскую больш як у дзесяць разоў.

Старшынёй участковай выбарчай камісіі № 19 у Менску быў былы намесьнік начальніка Вайсковай акадэміі, палкоўнік запасу І. Падчас датэрміновага галасаваньня, паводле ByPol, ён укінуў бюлетэні ў скрыню для галасаваньня і заявіў, што «заўсёды так рабіў, і яму за гэта нічога не было». Таксама ён пісаў пратаколы аб нібыта «абуральных паводзінах» незалежных назіральнікаў, патрабаваў ад чальцоў камісіі падпісваць пратакол, а 8 жніўня разам з старшынёй суседняга ўчастку выклікаў міліцыю — у выніку аднаго з назіральнікаў затрымалі.

9 жніўня 2020 году, паводле ByPol, І. «адмовіўся падпісаць выніковы пратакол, прымушаў участковую камісію сказіць вынікі галасаваньня ў бок павелічэньня колькасьці галасоў за Лукашэнку», а калі не атрымалася — «скраў выніковы пратакол і вынес дакумэнты праз чорны ход».

Прадстаўнікі Вайсковай акадэміі былі чальцамі выбарчых камісій і падчас рэфэрэндуму па зьмене Канстытуцыі ў лютым 2022 году, сьцьвярджае ByPol. Хоць улады тады засакрэцілі асобы і прозьвішчы чальцоў камісій, ByPol удалося даведацца некаторыя імёны назіральнікаў і чальцоў камісій № 52 і № 53 па правядзеньні рэфэрэндуму: гэта старшы афіцэр другой групы аддзелу ідэалягічнай працы капітан Ц. і 7 курсантаў Вайсковай акадэміі (у відэа ByPol называе іх імёны і прозьвішчы).

Таксама ByPol называе іншыя імёны тых, што ня раз былі чальцамі выбарчых камісій і верагоднымі фальсыфікатарамі вынікаў галасаваньня, і запэўнівае, што гэта «далёка ня поўны пералік чальцоў камісій з Вайсковай акадэміі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG