Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўсееў, Барсукоў, Шуневіч. Дзе цяпер міліцэйскія начальнікі, якія разганялі акцыі пратэсту


Сілавікі МУС
Сілавікі МУС

Свабода паглядзела, дзе цяпер міліцэйскія начальнікі, якія адзначаліся пры разгонах акцый пратэсту.

У жніўні стала вядома, што палкоўнік міліцыі Максім Грышчанка яшчэ ў 2021 годзе сышоў са службы, зарэгістраваўся індывідуальным прадпрымальнікам, стаў пячы хлеб, а таксама далучыўся да адной з пратэстанцкіх цэркваў.

У мінулым Грышчанка быў намесьнікам начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі ГУУС Менгарвыканкаму. Часта ён асабіста браў удзел у разгонах акцый пратэсту.

Палітык Анатоль Лябедзька ўспамінаў пра Грышчанку: «Ён асабіста затрымліваў мяне ня раз і ня два. Ня пяць і ня дзесяць разоў ён быў саўдзельнікам судовых працэсаў па адміністрацыйных справах, брудным і агідным. Нават памятаю выпадак, калі ён мяне вывеў у будынку РУУС з-пад камэр і прашаптаў: „Я цябе магу згнаіць у калёніі“».

«Я неаднаразова трапляў пад прэс спадара Грышчанкі і ягоных сяброў, таму ўявіць зь ім сустрэчу ў новых умовах мне вельмі цяжка», — кажа пастар пратэстанцкай царквы Зьміцер Хведарук, у мінулым актывіст «Маладога фронту».

Свабода паглядзела, дзе цяпер іншыя міліцэйскія начальнікі, якія адзначаліся пры разгонах акцый пратэсту.

Ігар Яўсееў: быў звольнены, цяпер бяз працы

Ігару Яўсееву 54 гады, ён родам зь мястэчка Рось у Ваўкавыскім раёне. Прайшоў праз службу ў брыгадзе спэцназу ГРУ ў ГДР, а таксама ў службе аховы Лукашэнкі.

Міліцыянт асабіста браў удзел у разгонах Плошчы-2010 і маўклівых акцый пратэсту 2011 году. Былі выпадкі, што ён цураўся ўжываць супраць дэманстрантаў і журналістаў фізычную сілу.

Ігар Яўсееў, 2011 год
Ігар Яўсееў, 2011 год

На той момант Яўсееў быў начальнікам міліцыі грамадзкай бясьпекі ГУУС Менгарвыканкаму. У 2013 годзе яго прызначылі кіраўніком Віцебскай абласной міліцыі. А ў 2017-м міліцыянт стаў памочнікам Лукашэнкі па Менскай вобласьці.

У сакавіку 2021 году быў звольнены з пасады. «Народная воля» пісала, што сярод затрыманых за пратэсты ў 2020 годзе быў сын Яўсеева — гэта магло быць прычынай адстаўкі. Пакуль бяз працы.

Аляксандар Барсукоў: у блізкім атачэньні Лукашэнкі

Аляксандру Барсукову 57 гадоў, ён родам зь Веткаўскага раёну Гомельскай вобласьці. У органах міліцыі з 1985 году. Быў міліцыянтам у Гомлі, потым служыў у менскім АМАПе. Быў намесьнікам начальніка Цэнтральнага РУУС Менску. Асабіста дакладваў Лукашэнку аб расьсьледаваньні трагедыі на Нямізе. Пасьля гэтага на нейкі час сышоў быў зь міліцыі, але потым вярнуўся.

Супраць Аляксандра Барсукова ўводзіліся санкцыі Эўразьвязу, як пасьля прэзыдэнцкіх выбараў — 2010, гэтак і ў 2020 годзе. У тлумачальнай частцы гаварылася, што ён асабіста каардынаваў разгоны дэманстрантаў, а таксама ўдзельнічаў у рэпрэсіях супраць апазыцыі.

Ад 2011 да 2017 году Барсукоў быў кіраўніком менскай міліцыі. Ад 2017 году — намесьнік міністра ўнутраных спраў.

Аляксандар Барсукоў (у цэнтры)
Аляксандар Барсукоў (у цэнтры)

У 2020 годзе Аляксандар Барсукоў асабіста наведваў у ізалятары на Акрэсьціна затрыманых пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Потым міліцыянт заяўляў, што фактаў зьдзекаў зафіксавана не было.

Адзін з «дыджэяў перамен» Улад Сакалоўскі ў інтэрвію «Нашай Ніве» сьцьвярджаў, што ў зьняволеньні яго біў сам Барсукоў. У выніку крымінальную справу аб паклёпе на Барсукова завялі на галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча.

У кастрычніку 2020 году прызначаны памочнікам Лукашэнкі па Менску. Зьяўляецца ў кадры, калі Лукашэнка наведвае менскія прадпрыемствы.

Іван Кубракоў: міністар унутраных спраў

Івану Кубракову 47 гадоў, ён ураджэнец вёскі Малінаўка Касьцюковіцкага раёну Магілёўскай вобласьці. У міліцыі ад 1995 году. Працаваў у Цэнтральным РУУСе Менску, потым яго ўзначальваў.

У 2019–2020 гадах узначальваў менскую міліцыю. На гэты час прыпалі найбольш актыўныя разгоны акцый пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Тым ня менш у інтэрвію тэлеканалу АНТ ён заяўляў, што ўсе супрацоўнікі міліцыі супраць гвалту.

Іван Кубракоў
Іван Кубракоў

Трапіў у санкцыйныя сьпісы Эўразьвязу, ЗША, а таксама некаторых іншых краін. У кастрычніку 2020 году прызначаны міністрам унутраных спраў.

Юры Караеў: зь Менску ў Горадню

Юрыю Караеву 56 гадоў, ён родам з Паўночнай Асэтыі. Служыў у спэцназах у Менску, Магілёве, Бабруйску, Гомлі. У 2008 годзе ўзначаліў менскі АМАП. З 2012 да 2019 году быў камандзірам унутраных войскаў, а таксама намесьнікам міністра ўнутраных спраў. У чэрвені 2019-га стаў кіраўніком МУС.

У першыя дні пратэстаў Юры Караеў у этэры АНТ выбачыўся перад дэманстрантамі за траўмы, якія яны атрымалі. А ў гутарцы зь мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам запэўніў, што суперажывае пацярпелым. Ужо ў кастрычніку ягоная рыторыка істотна зьмянілася, ён стаў гаварыць, што людзям надакучыла жыць у мірнай, спакойнай краіне.

Юры Караеў
Юры Караеў

29 кастрычніка 2019 году адпраўлены ў адстаўку з пасады міністра. Прызначаны памочнікам Лукашэнкі па Горадзенскай вобласьці. Супраць Караева заходнія краіны ўвялі санкцыі.

Анатоль Куляшоў: працаваў у структуры СНД

Анатолю Куляшову 63 гады, ён родам з Азэрбайджану, але гадаваўся ў Чашніцкім раёне Віцебскай вобласьці. Служыў на розных міліцэйскіх пасадах у Менску і Гомлі. З 2009 да 2012 году быў міністрам унутраных спраў.

Анатоль Куляшоў
Анатоль Куляшоў

Куляшоў казаў, што ён асабіста аддаваў загады на разгон Плошчы ў 2010 годзе. Сышоў са службы па стане здароўя. Доўгі час працаваў у структуры СНД у Менску, але апошнія згадкі пра яго на гэтай пасадзе датуюцца верасьнем 2020 году.

Ігар Шуневіч: таварыства паляўнічых і рыбаловаў

Куляшова на пасадзе міністра зьмяніў Ігар Шуневіч. Яму 55 гадоў, родам з Луганскай вобласьці Ўкраіны. Міністрам быў ад 2012 да 2019 году.

Менавіта за час, што міністрам быў Шуневіч, МУС увёў практыку пакаяльных відэа, калі менчукі на камэру выбачаліся за высьпяткі помніку «Менскаму гарадавому». Запомніўся гамафобскімі заявамі. Выходзіў на сьвяткаваньне 9 траўня ў форме НКВД.

Ігар Шуневіч
Ігар Шуневіч

У кастрычніку 2021 году ўзначаліў Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. На новай пасадзе выступае за выключэньне з Чырвонай кнігі зуброў, мядзьведзяў і рысяў.

Сяргей Дарошка: звычайны выкладчык

Сяргею Дарошку 51 год. Ён быў адным з найбольш незапамінальных кіраўнікоў менскай міліцыі, якую ўзначальваў у пэрыяд з 2017 да 2019 году. У час ягонай кадэнцыі таксама адбываліся разгоны акцый апазыцыі падчас «Маршаў недармаедаў» і Дзён Волі.

Доўгі час Дарошка ўзначальваў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, атрымаў нават узнагароду «За бездакорную службу». Здарылася гэта літаральна праз тыдзень пасьля сьмерці ў СІЗА на Валадарскага менчука Ігара Пцічкіна.

Сяргей Дарошка (зьлева)
Сяргей Дарошка (зьлева)

Пасьля адстаўкі з пасады начальніка менскай міліцыі Дарошка быў кіраўніком Акадэміі міліцыі, а летась яго перавялі ў звычайныя выкладчыкі тактыкі для ўнутраных войскаў.

Леанід Фармагей: папрацаваў на ювэлірным заводзе

Леаніду Фармагею 60 гадоў. Ён быў кіраўніком менскай міліцыі ў пэрыяд з 2008 да 2011 году. На гэты час прыпалі Плошча 2010 году, выбух у мэтро ў красавіку 2011-га, а таксама «маўклівыя» акцыі пратэсту летам 2011 году.

Леанід Фармагей
Леанід Фармагей

Фармагей нярэдка сам выходзіў разганяць акцыі пратэсту. Пасьля звальненьня нядоўгі час працаваў у Акадэміі міліцыі. Апошняе вядомае месца працы — дырэктар па прававым забесьпячэньні на ювэлірным заводзе «Зорка».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG