Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць амэрыканцаў падтрымліваюць палітыку Байдэна адносна Ўкраіны


Праз паўгода пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне крыху больш за палову амэрыканцаў лічаць, што ЗША павінны працягваць падтрымліваць Кіеў, пакуль Расея ня выведзе ўсе свае войскі.

Аб гэтым сьведчаць вынікі сумеснага апытаньня агенцтва Reuters і сацыялягічнай службы Ipsos, пра якія паведамляе «Голас Амэрыкі».

Апытаньне паказала, што палітыка Джо Байдэна ў дачыненьні да Ўкраіны карыстаецца падтрымкай, нягледзячы на эканамічныя праблемы і ўнутрыпалітычныя падзеі, якія захапілі ўвагу амэрыканцаў у апошнія месяцы.

Адміністрацыя Байдэна пастаўляе Ўкраіне зброю і боепрыпасы, каб дапамагчы Кіеву адбіваць атакі расейскіх войскаў.

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паабяцаў вярнуць тэрыторыі, захопленыя пасьля 24 лютага, і падчас больш раньніх уварваньняў, якія пачаліся яшчэ ў 2014 годзе, калі Расея анэксавала Крым.

З 1005 жыхароў ЗША, якія прынялі ўдзел у онлайн-апытаньні на мінулым тыдні, 53% выказаліся за падтрымку Ўкраіны «да таго часу, пакуль усе расейскія войскі ня будуць выведзеныя з тэрыторыі, якую Украіна лічыць сваёй». Толькі 18% заявілі, што яны супраць такой падтрымкі.

За падтрымку Украіны выступаюць прыхільнікі абедзьвюх асноўных палітычных партыяў, хаця сярод дэмакратаў такіх больш — 66% супраць 51% у рэспубліканцаў.

Нязначная большасьць, 51%, таксама падтрымала пастаўку ўкраінскім вайскоўцам такіх узбраеньняў, як артылерыя і супрацьтанкавая зброя. Супраць гэтага выступілі 22%.

Як і ў папярэдніх апытаньнях, ідэя адпраўкі амэрыканскіх войскаў ва Ўкраіну не карыстаецца вялікай падтрымкай, незалежна ад партыйных перавагаў рэспандэнтаў.

Толькі 26% заявілі, што яны падтрымліваюць такую апэрацыю, пры гэтым 43% пагадзіліся з адпраўкай амэрыканскіх войскаў у суседнія з Украінай краіны-чальцы NATO.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG