Дзень Незалежнасьці 24 жніўня пачаўся з паветранай трывогі па ўсёй Украіне. Расея пагражала ракетнымі ўдарамі, у тым ліку зь Беларусі.
Ва ўмовах расейскай вайны Дзень Незалежнасьці набыў асаблівую каштоўнасьць для ўкраінцаў. Упершыню галоўнае дзяржаўнае сьвята адзначаецца бяз масавых імпрэз, але з выставай падбітай расейскай вайсковай тэхнікі на цэнтральнай вуліцы ў Кіеве.
Замежныя выведкі заяўляюць, што Расея мае праблемы з забесьпячэньнем боепрыпасамі, каб працягваць наступальныя дзеяньні.
На Храшчаціку «парад» падбітай расейскай тэхнікі
Ва ўсіх гарадах Украіны ў сувязі з павялічанай рызыкай ракетных удараў скасавалі ўсе масавыя акцыі, прымеркаваныя да Дня Незалежнасьці. На цэнтральнай вуліцы ўкраінскай сталіцы зладзілі ганебны «парад» зьнішчанай расейскай тэхнікі.
«Акупант верыў, што за некалькі дзён пройдзе парадам у цэнтры нашай сталіцы. Сёньня на Храшчаціку можна пабачыць гэты „парад“. Доказ, што варожая тэхніка можа зьявіцца ў цэнтры Кіева толькі ў такім выглядзе. Спаленая, разбураная і зьнішчаная», — заявіў Уладзімір Зяленскі ў сваім віншаваньні да Дня Незалежнасьці.
«Нам ня важна, якая ў вас армія, нам важна, якая ў нас зямля. Мы будзем біцца за яе да канца», — падкрэсьліў прэзыдэнт Украіны.
Улады заклікаюць грамадзян быць пільнымі
Увечары 23-га і раніцай 24 жніўня амаль па ўсёй Украіне прагучала паветраная трывога. Улады паведамілі, што напярэдадні Расея пагражала ракетнымі абстрэламі з тэрыторыі Беларусі, а сёньня — з Чорнага мора.
Нягледзячы на тое, што небясьпека ня спраўдзілася, улады заклікаюць грамадзян быць вельмі пільнымі і выконваць усе патрабаваньні паветранай трывогі, бо некалькі дзён таму замежныя і ўкраінская выведкі папярэдзілі аб магчымых інтэнсіўных ударах Расеі па цывільных і дзяржаўных аб’ектах.
Баявыя дзеяньні трываюць на ранейшых «гарачых» кірунках — у Данецкай, Луганскай, Херсонскай, Мікалаеўскай, Запароскай і Харкаўскай. Расея стала абстрэльвае жылыя кварталы ў Нікапальскім раёне Днепрапятроўскай вобласьці, а таксама ў Запароскай вобласьці за межамі фронту. Але пазыцыі ўкраінскіх і расейскіх войскаў ужо больш за месяц вагаюцца, як арэлі, — ніводзін бок пакуль ня можа істотна прасунуцца наперад і замацавацца.
Ва Ўкраіне заявілі аб пераломе ў вайне
Украінскі міністар абароны Аляксей Рэзьнікаў заявіў, што Ўкраіна ўжо перасекла мяжу, калі можна было чакаць найгоршага сцэнару ў вайне з Расеяй.
Паводле яго, Украіна знаходзіцца на парозе новага этапу. «Мы знаходзімся на стадыі стабілізацыі на полі бою пры дапамозе невялікага перамяшчэньня падразьдзяленьняў. І мы стварылі там шмат добрых сродкаў стрыманьня», — заявіў Аляксей Рэзьнікаў у інтэрвію CNN.
Расея страчвае магчымасьці падмацаваньня боепрыпасамі
Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі паведаміла, што наступ Расеі на Данбасе прасоўваецца мінімальна і Расея чакае вялікай украінскай контратакі.
«У апэратыўным сэнсе Расея адчувае нястачу боепрыпасаў, транспартных сродкаў і асабовага складу. Баявы дух у шматлікіх частках Узброеных сіл (Расеі) кепскі, а армія істотна дэградавала. Дыпляматычная ўлада скарацілася, а доўгатэрміновыя эканамічныя пэрспэктывы змрочныя. Мінула шэсьць месяцаў, і вайна Расеі стала дарагой і стратэгічна шкоднай», — мяркуюць у брытанскай выведцы.
Што гавораць у Расеі
Міністар абароны Расіі Сяргей Шайгу на нарадзе міністраў абароны краін — удзельніц ШАС назваў сьвядомым рашэньнем запаволеньне тэмпаў расейскага наступленьня ва Ўкраіне.
Паводле яго, запаволеньне наступу абумоўлена ня стратамі расейскага боку або нястачай рэсурсаў, а жаданьнем пазьбегнуць ахвяр сярод мірных грамадзян.
«Робіцца ўсё, каб пазьбегнуць ахвяраў сярод мірных грамадзянаў. Безумоўна, гэта запавольвае тэмпы наступу, але мы ідзём на гэта сьвядома», — прыводзіць яго словы ТАСС.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.