Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачобут у «шанхаі», Борыс у Горадні. Што цяпер зь фігурантамі «польскай справы»


Акцыя ў падтрымку зьняволеных лідэраў Саюза палякаў Беларусі. Беласток, сьнежань 2021
Акцыя ў падтрымку зьняволеных лідэраў Саюза палякаў Беларусі. Беласток, сьнежань 2021

Адзіным фігурантам «польскай справы» пад вартай застаецца горадзенскі журналіст Анджэй Пачобут. Неўзабаве пачнецца суд.

Пра «польскую справу» стала вядома летась у Дзень Волі. Тады затрымалі Анджэя Пачобута, а таксама трох прадстаўніц незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) зь Ліды, Ваўкавыску і Берасьця — Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву. За два дні да гэтага затрымалі старшыню СПБ Анжаліку Борыс. Усіх абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці», артыкул прадугледжваў да 12 гадоў турмы.

Тры фігуранткі жывуць у Польшчы

Праз два месяцы Бярнацкую, Цішкоўскую і Панішаву вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Іх адвезьлі зь СІЗА на беларуска-польскую мяжу.

Марыя Цішкоўская, Ірэна Бярнацкая і Ганна Панішава пасьля прыезду ў Варшаву
Марыя Цішкоўская, Ірэна Бярнацкая і Ганна Панішава пасьля прыезду ў Варшаву

Цяпер жанчыны жывуць у Варшаве і Беластоку. Яны застаюцца абвінавачанымі. Прадстаўніцы СПБ займаюцца сямейнымі і грамадзкімі справамі, але пазьбягаюць камэнтароў.

Вядома, што Пачобуту таксама рабілі падобную прапанову вызваленьня, але ён адмовіўся, бо не хацеў зьяжджаць зь Беларусі.

Анжаліка Борыс пад падпіскай аб нявыезьдзе

Анжаліку Борыс выпусьцілі зь СІЗА праз год пасьля затрыманьня. Яе адвезьлі да маці ў вёску пад Горадняй. Ужо празь некалькі дзён старшыня СПБ вярнулася дадому ў Горадню, дзе жыла да затрыманьня.

Анжаліка Борыс, старшыня непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі,ьу судзе. Горадня, 23 красавіка 2019 году
Анжаліка Борыс, старшыня непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі,ьу судзе. Горадня, 23 красавіка 2019 году

Першапачаткова мэдыя памылкова пісалі, што Борыс пад хатнім арыштам, але гэта было ня так. Яе адразу выпусьцілі з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе і абавязку зьяўляцца на допыты.

Анджэй Пачобут моцна схуднеў, сядзіць у «шанхаі»

Адзіны зь пяці фігурантаў, хто застаецца за кратамі, — гэта Анджэй Пачобут. У верасьні будзе паўтара года, як ён сядзіць. Журналіста зноў перавялі на «Валадарку» ў Менск.

Як расказалі ягоныя блізкія, Анджэй сядзіць у «шанхаі» — падвальным памяшканьні. У ягонай камэры прыкладна на 25 «квадратаў» знаходзіцца каля 25 чалавек. Асабістага месца ў вязьняў вельмі мала. Улетку ў камэрах горача.

Cябра Галоўнага праўленьня СПБ Анджэй Пачобут. Горадня, 2018
Cябра Галоўнага праўленьня СПБ Анджэй Пачобут. Горадня, 2018

Большасьць часу журналіст праводзіць у «кабінэтах», бо знаёміцца са справай. Там сьпёку пераносіць лягчэй. У Анджэя хворае сэрца, гарачыня пагаршае стан.

На азнаямленьне сыходзіць увесь час з 9:30 да 17:40 зь перапынкам на абед. Яму далі на гэта месяц, які ўжо заканчваецца. У справе шмат тамоў, там сустракаюцца гістарычныя дакумэнты.

Нядаўна стала вядома, што на дадатак да абвінавачаньня ў «распальваньні варожасьці» Пачобуту выставілі ячшэ адно — у «закліках да санкцый, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы».

Анджэй піша дадому штодня. Лісты сваякам і ад сваякоў даходзяць. Быў пэрыяд, калі перарвалася ліставаньне з малодшым сынам Яраславам. Лісты сталі вяртацца назад — бо «не прайшлі цэнзуру». Анджэй камунікуе з сынам ад нараджэньня толькі па-польску, перапісваюцца яны таксама на сваёй роднай мове. Пасьля скаргі родных ліставаньне аднавілася. Зь СІЗА паведамілі, што вінаватых пакаралі.

Зьняволены таксама мае праблемы са страўнікам, у яго болі ад шмат якой ежы. Таму ён амаль нічога ня есьць, хіба што дыетычныя турэмныя кашы, і моцна схуднеў. Адзеньне колішняга памеру, якое яму перадаюць блізкія, на ім ужо вісіць.

Адначасна Анджэй трымаецца бадзёра і хоча годна прайсьці гэты пэрыяд, надалей не плянуе прасіць аб памілаваньні. Рыхтуецца да гадоў «лягераў».

Неўзабаве справу маюць перадаць у пракуратуру, значыць, у хуткім часе можа пачацца суд. Ці будуць Анджэя Пачобута судзіць разам з Анжалікай Борыс, ці ў асобным працэсе, пакуль невядома.

Хто такі Анджэй Пачобут

  • Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
  • Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
  • У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
  • 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
  • Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
  • У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
  • За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
  • У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG