Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Максім Знак у зьняволеньні напісаў тры кнігі. Заробак палітвязьня за мінулы месяц — 18 цэнтаў


Максім Знак, архіўнае фота
Максім Знак, архіўнае фота

Бацька беларускага палітзьняволенага юрыста Максіма Знака расказаў «Настоящему времени» пра тое, як адбывае пакараньне ў калёніі ягоны сын.

Максім Знак працягвае насіць за кратамі жоўтую пазнаку, якая сьведчыць аб тым, што ён «палітычны». Раней праваабаронцы заўважалі, што такія біркі зьяўляюцца прамой адсылкай да часоў нацыстаў, калі тыя прымушалі габрэяў насіць жоўтую зорку Давіда на адзеньні. У Беларусі зьняволеныя з жоўтымі нашыўкамі павінны працаваць у суботу, калі ў астатніх выходны дзень. Або заставацца працаваць даўжэй, калі да гэтага ў іх была другая зьмена. Для іх ёсьць дадатковыя праверкі — «пералік», ім даецца менш званкоў, спатканьняў і перадач.

Тэлефонныя званкі сваякам абмежаваныя, але не забароненыя: Максім тэлефануе раз на тыдзень ці раз на дзесяць дзён — чатыры разы на месяц.

«Тэлефануе ён па чарзе: жонцы, мне, сястры, сыну — раз на месяц хтосьці з нас дзесяць хвілін можа зь ім пагаварыць», — расказвае Аляксандар Знак.

Каб захоўвалася такая магчымасьць, у зьняволенага павінны быць грошы на спэцыяльным рахунку, Максіму пераводзяць родныя.

«Гутарка чыста бытавая адбываецца: ён кажа, калі раптам лекі нейкія патрэбныя. Калі гэта напярэдадні нейкай перадачы, то ўзгадняем, чаго яму больш хочацца. Іншым зьняволеным, у якіх няма жоўтых бірак, дазваляюць карыстацца яшчэ і скайпам. А гэтым [палітвязьням] нельга. Забойцам, гвалтаўнікам можна, а гэтым — нельга».

Званкоў па тэлефоне таксама можна пазбавіцца — калі адміністрацыя калёніі палічыць, што зьняволены нешта парушыў.

Колькасьць перадач залежыць ад рэжыму ўтрыманьня: на ўзмоцненым дазваляецца адна раз у чатыры месяцы — ня больш за 50 кг.

«Умоваў захоўваньня там, вядома няма, — расказвае Аляксандар Знак. — Ёсьць адзін халадзільнік на 30 чалавек, але можаце сабе ўявіць, колькі ў ім месца на кожнага чалавека. Таму мы стараемся перадаваць сухафрукты, арэхі, нейкую сухую каўбасу, якая не патрабуе адмысловых умоў захоўваньня.Каб парадаваць, самі солім чырвоную рыбу, адпраўляем сыру кавалачак, які можа ўлезьці ў гэты халадзільнік, цукерак нейкіх. Хоць у апошні час я зь ім дамовіўся, што ён ужо не маленькае дзіця, абыдзецца без цукерак. Лепш сала кавалачак зьесьць».

Адзеньне і гігіенічныя прыналежнасьці дазваляецца перадаваць толькі раз на год. «Сёлета мы такую перадачу ўжо перадалі. Нібыта там тыя, хто выходзіць на волю, пакідае свае рэчы тым, хто застаецца, і такім чынам гардэробчык таксама крыху абнаўляецца», — кажа Аляксандар Знак.

Зьняволеным у калёнію можна адпраўляць грошы: тым, хто на ўзмоцненым рэжыме, дазваляюць перавесьці 160 рублёў, ці $63,5. Іх можна траціць у краме на тэрыторыі калёніі. Але пасьля таго, як Максіма ўнесьлі ў сьпіс «датычных да тэрарызму», зь пераводам грошай узьніклі праблемы, расказвае яго бацька.

«Раней мы іх адпраўлялі па пошце, але раптам высьветлілася, што Максім у нас яшчэ і „тэрарыст“ — гэта там, дзе Бэн Ладэн, „Аль-Каіда“, „Хамас“ і гэтак далей. І зараз, калі на пошце ўводзім прозьвішча Знак, сыстэма піша: „Фінансаваньне тэрарызму“ — і нельга нічога адправіць. Цяпер мы вымушаныя вазіць грошы ў калёнію і там праз бухгальтэрыю пераводзіць: трэба прарабіць нейкія такія апэрацыі, аддаць ім наяўныя грошы, яны іх кудысьці залічаць — і толькі потым можна іх траціць у краме турэмнай».

Швейная вытворчасьць, на якой працуе Максім, разьмешчана ў мэталічным ангары: летам там горача, а зімой халодна. Зь лістоў бацька Знака зрабіў выснову, што Максім нешта рэжа, працуе з нажніцамі.

«За мінулы месяц Максім зарабіў 46 капеек ($0,18). Адзін раз ажно 54 капейкі ($0,21) зарабіў», — дзеліцца ягоны бацька.

Гэтыя грошы дадаюцца да атрыманых ад сваякоў 160 рублёў. Але аказалася, што і на гэтую суму ёсьць абмежаваньні. У канцы ліпеня ў адным са сваіх лістоў Максім расказаў, што нічога ня здолеў купіць: «Прыйшоў сёньня ў краму, а мне кажуць: „А чаго гэта вы прыйшлі? Ліміт!“ Як вядома, зіма для беларусаў прыходзіць нечакана, вось і я зьдзівіўся, але, памятаючы пра тое, што любыя абмежаваньні варта разглядаць як магчымасьці, узрадаваўся. Я ўжо пісаў, што павучыцца жыць на 160 рублёў у месяц — гэта нядрэнны навык для звычайнага жыцьця. А навучыцца жыць на 62 рублі — гэта ў 2,5 раза круцей! Упэўнены, у мяне атрымаецца». 62 беларускія рублі — гэта $24,5.

Пасьля пераводу ў калёнію Максім атрымлівае лісты толькі ад сваякоў. Бацька перажывае, што адсутнасьць той падтрымкі, якая была ў Максіма ў СІЗА, не дае яму займацца творчасьцю.

«Калі яму пісалі тысяча чалавек, разумееце, якую падтрымку і энэргію ён адчуваў! Вынікам гэтай падтрымкі сталі тры напісаныя кнігі. Адна „Зэкамерон“ — я лічу, што з часам многія зразумеюць, што гэта добрая літаратура. Другая, пра юрыстаў, яшчэ нідзе не надрукаваная, яе трэба рэдагаваць і аддаваць у друк. І трэцяя — фантастычная аповесьць, але яе ён толькі прыслаў».

Паводле прысуду, тэрмін Максіма Знака заканчваецца ў студзені 2030 году.

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021

Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG